17 траўня 2024, Пятніца, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк вынес прысуд луканоміцы

46
Сусветны банк вынес прысуд луканоміцы

Згодна з абноўленым макраэканамічным прагнозам Сусветнага банка, ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 3%.

Прэзентацыя эканамічнага прагнозу адбылася 28 красавіка ў Менску, піша БелаПАН.

Восенню 2015 года Сусветны банк прагназаваў, што беларускі ВУП скароціцца ў гэтым годзе на 0,5%. Пагаршэнне макраэканамічнага прагнозу банк тлумачыць нізкім узроўнем коштаў нафты, слабымі перспектывамі росту расейскай эканомікі, якая спажывае асноўны аб'ём экспартаваных Беларуссю тавараў.

«Уздзеянне вонкавых фактараў на беларускую эканоміку прадоўжыцца, з прычыны чаго прагназуецца зніжэнне рэальнага ВУП на 3% у 2016 годзе і на 1% у 2017 годзе. Прагназуецца, што сярэднесусветны ўзровень коштаў нафты можа скласці 41 даляр за барэль у 2016 і 50 даляраў за барэль у 2017 годзе, а аднаўленне расейскай эканомікі будзе павольным», - гаворыцца ў макраэканамічным прагнозе Сусветнага банка.

На думку эканамістаў банка, прагрэс у галіне структурных рэформаў можа палепшыць перспектывы Беларусі ў сярэднетэрміновым перыядзе, «аднак неадкладнае аднаўленне тэмпаў росту малаімавернае з прычыны слабай дыверсіфікацыі прадукцыі і рынкаў збыту, асабліва ў выпадку дзяржаўных прадпрыемстваў».

На думку экспэртаў Сусветнага банка, эканамічны рост у краіне можна стымуляваць за кошт рэформаў. Рэструктурызацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў, мяркуюць яны, «вельмі важная для скарачэння ўмяшання дзяржавы, якая выклікае перакосы, і павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў».

«Прадпрыемствам дзяржаўнага сектара трэба перайсці ад даведзеных да іх колькасных мэтавых паказчыкаў і паказчыкаў занятасці да паказчыкаў прадукцыйнасці і рэнтабельнасці, што павінна суправаджацца ўзмацненнем самастойнасці іх мэнэджмэнту за кошт фармавання належных механізмаў карпаратыўнага кіравання», - гаворыцца ў аглядзе Сусветнага банка.

Пры гэтым экспэрты не выключаюць, што ў выпадку адсутнасці рэформаў у Беларусі магчымы і больш глыбокі эканамічны спад у параўнанні з тым, які прагназуецца.

«Захоўваюцца значныя рызыкі. Больш імклівае запаволенне эканамічнай актыўнасці на вонкавых рынках можа прывесці да паглыблення спаду, асабліва з улікам таго, што на долю прадуктаў мінеральнага паходжання і ўгнаенняў прыпадае больш за трэць сукупнага экспарту», - канстатуюць эканамісты Сусветнага банка.

Міжнародны валютны фонд у красавіку таксама перагледзеў ў бок пагаршэння дынаміку прагназаваных эканамічных паказчыкаў Беларусі. Паводле ацэнкі фонду, ВУП Беларусі можа знізіцца на 2,7% (раней фонд прагназаваў, што эканамічны спад складзе 2,2%).

Аднак афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год пакуль не карэктаваўся і мяркуе, што ВУП вырасце на 0,3%. У першым квартале ВУП знізіўся на 3,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках