8 траўня 2024, Серада, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Полацкага прафсаюзнага лідара затрымала міліцыя

3
Полацкага прафсаюзнага лідара затрымала міліцыя
Мікола Шарах

Мікалая Шараха затрымалі, калі ён вяртаўся з акцыі, на якой ягоныя калегі пратэставалі супраць звальнення прафсаюзнага актывіста.

У Полацку прайшоў пікет у падтрымку намесніка старшыні Свабоднага прафзвязу Беларускага, памочніка майстра ў цэху №7 ААТ «Полацк-Шкловалакно» Мікалая Шараха, з якім адміністрацыя адмаўляецца падаўжаць кантракт.

На пікет прыйшлі полацкія прадпрымальнікі, дэмакратычныя актывісты, журналісты і проста неабыякавыя гараджане, паведамляе «Радыё Свабода». Акцыя праходзіла на пляцоўцы каля кінатэатра «Радзіма», доўжылася блізу гадзіны. Са словаў Мікалая Шараха, галоўнай мэтай пікетоўцаў было данесці думку аб несправядлівасці ягонага звальнення - пра тое, што адміністрацыя напярэдадні ўнесла ў калектыўную дамову незаконныя змены, каб знайсці падставы для непадаўжэння кантракту.

Мікалая Шараха затрымалі ў пад'ездзе ягонага дома, калі ён вяртаўся з акцыі. Пра гэта паведаміў удзельнік пікету Віктар Стукаў, кіраўнік «пяршоўкі» СПБ ААТ «Полацк-Шкловалакно»:

«Падчас пікету да нас падыходзіла прадстаўніца ідэалагічнага аддзела і пыталася, ці маем мы дазвол на акцыю. Я адказаў, што мы не маем забароны, бо на наш ліст у райвыканкам адказу мы так і не атрымалі. Зрэшты, мы дазволу і не прасілі, бо як сябры прафзвязу маем права на прафсаюзную дзейнасць, а дзяржава не можа ўмешвацца ў справы прафзвязу. Падчас пікету затрыманняў не было, а цяпер мы з сябрамі збіраемся ў полацкі РАУС, каб даведацца, што з Мікалаем».

Затрыманне Мікалая Шараха сёння было не адзінае. Непасрэдна перад акцыяй быў затрыманы экс-палітвязень, прыхільнік стварэння партыі БХД, жыхар Наваполацка Андрэй Гайдукоў. Ён распавёў, што яго забралі за тое, што ён вывесіў расцяжку са словамі «Праца - гэта права, а не абавязак»:

«Спачатку я думаў, што буду вывешваць яе 1 траўня, у дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. Каб прыцягнуць увагу гараджан да праблемы з правам на працу. Бо ў нас то караюць за «дармаедства», то звальняюць чалавека, які імкнецца працаваць. З Мікалаем Шарахам не падоўжылі кантракт, хоць ён - бадай, самы дасведчаны работнік. А галоўная прычына - гэта тое, што ён намеснік кіраўніка «пяршоўкі» на прадпрыемстве, бароніць правы працоўных, і гэта не падабаецца адміністрацыі».

На Андрэя Гайдукова ў Наваполацкім ГАУС склалі адміністрацыйны пратакол за «парушэнне правілаў утрымання і добраўпарадкавання населеных пунктаў». Разбор паводле гэтага факта адбудзецца ў панядзелак, 2 траўня, у Наваполацкім гараддзеле міліцыі.

У чым абвінавачваюць Мікалая Шараха і якія падставы міліцыянты знайшлі, каб яго затрымаць, дагэтуль не вядома.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках