3 траўня 2024, Пятніца, 6:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі значна ўпалі аб'ёмы прамысловай вытворчасці

3
У Расеі значна ўпалі аб'ёмы прамысловай вытворчасці

За апошнія сем гадоў гэта самае буйное падзенне аб'ёмаў вытворчасці ў Расеі.

Індэкс дзелавой актыўнасці (PMI) у апрацоўчых галінах Расеі ў красавіку 2016 года апусціўся да 48 пунктаў супраць 48,3 пункта ў сакавіку, паведамляе кампанія Markit. Спад актыўнасці ў расейскай прамысловасці доўжыцца пяць месяцаў запар, а цяперашняе значэнне індэкса з'яўляецца найменшым за восем месяцаў, паведамляе РБК.

«Звесткі PMI за красавік прынеслі далейшыя несуцяшальныя навіны для палітыкаў. Галаўны паказчык падмацаваў прагнозы, зробленыя Міжнародным валютным фондам [пагоршыў прагноз зніжэння ВУП Расеі ў 2016 годзе да -1,8%], абрынуўшыся да васьмімесячнага мінімуму, і паказаўшы на больш складаную кан'юнктуру ў расейскіх апрацоўчых галінах», - растлумачыў эканаміст Markit Самюэль Агас.

У красавіку 2016 года аб'ём вытворчасці ў апрацоўчых галінах Расеі скарачаўся максімальнымі тэмпамі з траўня 2009 года на фоне зніжэння аб'ёму новых і незакончаных замоў. Паводле звестак экспэртаў Markit, падзенне аб'ёму незакончаных замоў доўжыцца ўжо два гады запар, у сувязі з чым у прамысловасці далей ідзе скарачэнне занятасці.

«Трывожыць тое, што падзенне спажывання расейскіх тавараў дазваляе вытворцам закончыць раней атрыманыя заказы, тым самым вызваляючы вытворчыя магутнасці, што прыводзіць да далейшага скарачэння працоўных месцаў», - адзначыў Агас.

У той жа час адпускныя кошты прадукцыі расейскіх прамысловых прадпрыемстваў далей растуць праз падвышэнне коштаў сыравіны і матэрыялаў. Запасы апошніх на прадпрыемствах пры гэтым зноў скараціліся.

Індэкс PMI грунтуецца на апытанні мэнэджараў вядучых кампаній, іх ацэнцы сённяшняй сітуацыі ў эканоміцы і перспектывы развіцця бізнэсу. Калі індэкс PMI вырастае вышэй за 50 пунктаў, гэта азначае рост эканомікі, ніжэй - яе спад.

Раней Markit паведамляла, што дзелавая актыўнасць у расейскай сферы паслуг у сакавіку 2016 года паказала рэкордны за 10 месяцаў рост.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках