27 красавiка 2024, Субота, 0:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крытычная маса» напалохала менскі АМАП

42
«Крытычная маса» напалохала менскі АМАП
ФОТА: VK.COM

(абноўлена) Апошнюю пятніцу месяца веласіпедысты многіх краін праводзяць масавы заезд «Крытычная маса».

Такім чынам яны хочуць звярнуць на сябе ўвагу гарадскіх уладаў і прымусіць зрабіць горад больш зручным для велатранспарту. Такі ж заезд павінен быў адбыцца 29 красавіка, піша «Наша ніва».

Як паведамляюць удзельнікі акцыі, ля Опернага тэатру ў пачатку заезду было блізу 35 веласіпедыстаў, 10 асобаў у цывільным і чацвёра амапаўцаў.

А 19:23 калона рушыла ад тэатра. А 19:42, калі раварысты даехалі да стэлы, канец калоны падрэзаў бардовы мікрааўтобус. З яго выскачылі амапаўцы і пачалі хапаць удзельнікаў. Шэсць чалавек кінулі на падлогу аўтобуса тварам уніз, нанеслі ўдары па тварах і жыватах, зверху кінулі на іх ровары і павезлі ў Цэнтральны РУУС. Адзін з затрыманых - назіральнік ад БХК Кірыл Кожанаў.

Падрабязнасці здарэння высвятляюцца. Інфармацыі з РУУС пакуль няма.

Паводле звестак праваабаронцаў, у ліку затрыманых знаходзіцца грамадзянін Расеі Дзмітрый Пахомаў. Таксама затрыманыя Аляксей Адамовіч, Стас Барэцкі і Аляксей Круглакоў.

Менская міліцыя ўчора вечарам апублікавала сваю версію сітуацыі з веласіпеднай «крытычнай масай».

«Сёння вечарам у Менску ля Тэатра оперы і балета сабраліся веласіпедысты ў колькасці ад 20 да 30 чалавек. Некалькі з іх мелі пры сабе чорна-зялёныя сцягі.

Пад 19.20 калона накіравалася ў бок музея Вялікай Айчыннай вайны. У раёне стэлы «Мінск - горад-герой» група веласіпедыстаў, груба парушаючы патрабаванні Правіл дарожнага руху, выехала на праезную частку. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ (апошнія вымушаныя былі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і светлавыя сірэны) не рэагавалі. Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на ходнік, парушальнікі правапарадку непадпарадкаваліся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. А адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму ўніформу.

Шасцёра завадатараў бойкі былі затрыманыя і дастаўленыя ў Цэнтральнае РУУС Менска для разбору. Іх дзеянням даецца прававая ацэнка».

Нагадаем, што ўчора ў Менску адбылося афіцыйнае адкрыццё веласезона - велокарнавал «Viva, ровар!». Для яго правядзення ўлады нават перацялі праспекты.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках