3 траўня 2024, Пятніца, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАТЭ паказытаў нэрвы ў Бабруйску

1

БАТЭ выдаў другі матч-трылер запар - гэтым разам на пару з "Белшынай".

Тыя, хто быў незадаволены леташняй прагматычнасцю чэмпіёна Беларусі, могуць парадавацца. Нэрвы сваім заўзятарам барысаўскі клуб казыча амаль у кожным матчы. Ніякіх больш 1:0. У трох турах з пяці БАТЭ вызначае вынік матчу на астатніх хвілінах. Часам, праўда, вызначаюць за яго, як гэта было ў «класіка». Але заўсёды выходзіць шалёна цікава, піша Сяргей Азаркевіч у Прессболе.

ФОТА: PRESSBALL.BY/Сяргей Пушкін

Так было ў Бабруйску. Футбол там перабраўся з "пракапенкаўскай" сінтэтыкі на натуральную паляну "Спартака". Перад усімі альтэрнатывамі прыгожага пятнічнага вечара бабруйцы аддалі перавагу футболу. Было іх 2300. Прынамсі, такая лічба пазначаная ў пратаколе, і гэтым разам няма падстаў ёй не верыць.

Ніхто не ведае, якія праблемы ў Англіі (ці дзе?) развязвае галоўны трэнер "Белшыны" Уладзімір Яжураў, але вернецца ён у іншую атмасфэру. Ад стартавага негатыву не засталося следу, як толькі за стырно шыннікаў стаў Вячаслаў Герашчанка. Каманда стала набіраць балы, забіваць і наогул радаваць вока. Гэта ацанілі як шараговыя заўзятары, так і фан-сэктар.

Аднак Герашчанку дыктар на стадыёне па-ранейшаму падкрэслена прадстаўляе як "выканаўцу абавязкаў". Натхняльнік зімовых бабруйскіх перамен Сяргей Новікаў распавёў, што Яжураў павінен вярнуцца ў каманду "пасля святаў" - тады, маўляў, і будуць разбірацца, каго пакідаць за стырном. "А вам падабаецца, як гуляе каманда за Герашчанкам?", - пытаюся. - "Так, гэта тая самая гульня, якую і задумваў Яжураў. Як прадбачылі... Вячаслаў Леанідавіч, нягледзячы на тое, што быў галоўным трэнерам дубля, знаходзіўся поруч з намі на ўсіх зборах".

ФОТА: PRESSBALL.BY/Сяргей Пушкін

У матчы з БАТЭ бабруйская каманда не толькі спрабавала паўстаць ва ўсёй красе перад нядрэнна запоўненымі трыбунамі і новым дырэктарам Алегам Целяшовым, прадстаўленым акурат перад самым матчам. "Белшына" рыхтавала падарунак галоўнаму трэнеру, у якога нарадзілася дачка. І ледзь не падарыла перамогу над чэмпіёнам, хаця ўжо ў дэбюце над стадыёнам загучала нешта накшталт "такі футбол нам не патрэбны".

"Як яны з еўрапейскімі клубамі гуляюць? - здзіўляліся асобныя заўзятары, гледзячы на БАТЭ. - У тэлевізары глядзіш: у спаборнікаў мяч як да ног прывязаны, а тут прыняць не могуць нармальна".

Прапусціўшы, "Белшына" правяла рэшту першага тайму значна больш актыўна. А выйшаўшы з раздзявальні ў другім, сквітала лік на той жа трэцяй хвіліне, на якой прапусціла ў першай палове. БАТЭ і вокам не міргнуў, а вось шыннікі сапраўды паверылі ў свае сілы. Радзівонаў забіў другі - гаспадары зноў адквіталіся праз дзесяць хвілін, як быццам гэта наогул нічога не варта - двойчы забіць Чэрніку. А колькі момантаў яшчэ прапусціў хоць бы адзін Булыга, рваў на сабе валасы пасля кожнай змарнаванай магчымасці. Затое Фамэе выправіўся: ганскі форвард, які наогул не прафесіянал, на думку Яжурава, забіў першым жа дотыкам, праз нейкіх 20 сэкундаў пасля выхаду на замену.

Аднак Барысаў зноў дамогся свайго. І зноў перамогу прынёс абаронца (колькі ж БАТЭ ў гэтым сэзоне забівае галавой!). Здоўжаны кутні прывёў да чарговага банальнага накідвання, і Дубра з адскокам ад зямлі адправіў мяч у далёкі кут - на паўтор сцэнару «класіка» у гаспадароў ужо не заставалася часу. Астатнія хвіліны прайшлі пад абураныя рэплікі трыбун з нагоды мэтазгоднасці прызначэння корнэра ў прынцыпе. Спрачаліся і футбалісты "Белшыны", і гледачы з далёкіх сэктараў, поўныя ўпэўненасці, што БАТЭ зноў дапамагаюць суддзі. "Што, забіў з парушэннем, а цяпер прыгажунчык?!" - неслася на адрас латвійскага абаронцы, пакуль ён даваў пасляматчавыя каментары ля ўскрайку поля. Зрэшты, пасляматчавы прагляд відэазапісу даў зразумець - гэтым разам усё было чыста. Чаго не скажаш пра эпізод з гіпатэтычным пэнальці ў барысаўскую браму, пра які на пасляматчавай прэс-канферэнцыі сказаў Вячаслаў Герашчанка.

ФОТА: PRESSBALL.BY/Сяргей Пушкін

А сваю каманду трыбуны праводзілі воплескамі, нягледзячы на паразу. Фанацкі сэктар адсвяткаваў вяртанне на "Спартак" вогненным відовішчам, і зноў пагутарыў з футбалістамі. Гэтым разам без прэтэнзій - выставіць іх "Белшыне" не было за што.

БЕЛШЫНА - БАТЭ - 2:3

Бабруйск. 29 красавіка. Стадыён "Спартак". 18.00.

Суддзі - А.Мурашкевіч (Наваполацк), К.Пакулін, Ю.Хомчанка (абодва - Віцебск).

БЕЛШЫНА: Амельчанка, Гаўрыловіч, Канцавы, Карамушка, Сквярнюк, Мацвеенка, Букаткін, Хачатуран (Фамэе, 71), Камароўскі, Торэс (Самар’ян, 78), Булыга (к) (Бэль, 82).

Запасныя гульцы: Танько, Шакураў, Грачышка, Юшын.

БАТЭ: Чэрнік, А.Валадзько (М.Валадзько, 57), Дубра, Яблонскі, Аляхновіч, Іваніч, Пік (Карніцкі, 78), Мілунавіч, Гардзяйчук, Стасевіч, Радзівонаў (к) (Мазалеўскі, 70).

Запасныя гульцы: Сарока, Гайдучык, Анцілеўскі, Джыгера.

Галы: 0:1 - А.Валадзько (3). 1:1 - Мацвеенка (48). 1:2 - Радзівонаў (60). 2:2 - Фамэе (71). 2:3 - Дубра (89).

Папярэджанні: Букаткін (35), Іваніч (42).

ФОТА: PRESSBALL.BY/Сяргей Пушкін
Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках