27 красавiка 2024, Субота, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У журналіста-фрылансера з Гомеля хочуць забраць маёмасць

7
У журналіста-фрылансера з Гомеля хочуць забраць маёмасць
Кастусь Жукоўскі
ФОТА: «Радыё Свабода»

Судовы выканаўца патрабуе, каб Кастусь Жукоўскі цягам тыдня выплаціў шэсць мільёнаў штрафу.

Судовая выканаўца аддзела прымусовага выканання Цэнтральнага раёна Гомеля Тамара Лабезнікава патрабуе ад гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага цягам сямі дзён выплаціць 6-мільённы штраф, паведамляе «Радыё Свабода».

Штраф быў вынесены Кармянскім раённым судом у студзені за відэасюжэт на тэлеканале «Белсат» - пра перабоі з забеспячэннем жыхароў райцэнтра пітной вадой. Пастанову аб пачатку выканаўчай вытворчасці Жукоўскі атрымаў на выхадных праз пошту.

«Раней судовая выканаўца прыходзіла да мяне дадому і папярэджвала, што калі я не выплачу накладзеныя на мяне штрафы, то будзе апісаная і канфіскаваная сямейная ўласнасць на іх выплату. Летась, дзякуючы добрым людзям і арганізацыям, я здолеў сабраць і заплаціць 31 мільён рублёў за фрылансерскую дзейнасць. Але ў гэтым годзе дадалося яшчэ 36 мільёнаў штрафных санкцый. Мяне проста выжываюць з прафесіі, не звяртаючы ўвагі на тое, што я не з'яўляюся штатным супрацоўнікам «Белсату» і мне не патрабуецца акрэдытацыя, і што згодна з беларускай Канстытуцыі я маю права, як грамадзянін на збор і распаўсюд інфармацыі. Відавочна, што ўладам проста не па душы нават сацыяльная інфармацыя, якую яны не кантралююць», - мяркуе Кастусь Жукоўскі.

6 красавіка Жукоўскага зноў выклікаюць у суд - гэтым разам Светлагорскага раёна, дзе будзе разглядацца чарговы пратакол за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

У лютым на тэлеканале «Белсат» паказалі сюжэт «Прыродная бедства на Гомельшчыне» - пра масавы мор рыбы з прычыны недахопу кіслароду на Сасноваборскім вадасховішчы ў Светлагорскім раёне.

Аднак ні арганізацыя, адказная за вадаём, ні мясцовыя чыноўнікі ніякіх захадаў не ўжылі, і на скаргі мясцовых рыбакоў не рэагавалі. Міліцыя праводзіла расследаванне, але яе цікавіў не мор рыбы, а хто гутарыў з мясцовымі жыхарамі і выклаў у інтэрнэт інфармацыю, якой скарыстаўся тэлеканал «Белсат».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках