26 красавiка 2024, Пятніца, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хрыстос уваскрос!

40

Праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Вялікдзень.

Праваслаўныя хрысціяне адзначаюць галоўную дату ў рэлігійным календары – Уваскрэсенне Хрыстовае. Гэта свята, якое сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, шлях ад зямлі да неба. Вернікі вітаюць адзін аднаго словамі «Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!», тры разы цалуюцца і дораць адзін аднаму афарбаваныя яйкі як сімвал выкуплення чалавечых грахоў крывёю Хрыста.

ФОТА: TUT.BY

Светламу святу папярэднічаў сямітыднёвы пост, які быў асабліва строгім у Вялікі тыдзень. Сёння пасля вяртання з царквы вернікі накрываюць сталы і першым ядуць асвячонае яйка. Спецыяльна да гэтага дня пякуць кулічы, гатуюць тварожную пасху, вяляць мяса і каўбасы. Частку асвячонай у святыні ежы пакідаюць да Радаўніцы.

Велікоднае набажэнства пачынаецца хросным ходам вакол бажніц пад безупыннае біццё званоў. У некаторых рэгіёнах у велікодны тыдзень кожны ахвочы можа ўзняцца на званіцу і пазвінець званамі, абвяшчаючы добрую вестку пра ўваскрэсенне Збавіцеля. У Вялікую суботу вернікі чакаюць сыходжання Жыватворнага агню, які потым з Ерусаліму дастаўляюць па ўсім свеце, у кожную царкву, і людзі ў агніцах нясуць яго дадому ды стараюцца захаваць цэлы год. У Нацыянальны аэрапорт Мінск Жыватворны агонь быў дастаўлены ўчора ўвечары з Ерусаліму на самалёце кампаніі «Белавія».

ФОТА: TUT.BY

Калі папярэдні тыдзень быў Вялікі, то сёння пачаўся Светлы. Ва ўсе гэтыя дні набажэнствы ў святынях праходзяць пры адчыненых Царскіх варотах. Гэта знак для вернікаў, што шлях на Нябёсы адчынены кожнаму. У дні Светлага тыдня не служаць памінальныя службы.

У Беларусі ёсць свае асаблівасці ў святкаванні Вялікадня. Акрамя традыцыйнай гульні ў «біткі», калі мераюцца моцнасцю яек, была распаўсюджана яшчэ адна традыцыя - спяваць «валачобныя» песні. Іх выконвалі юнакі і дзяўчаты, якія абыходзілі двары, спявалі гаспадарам дамоў, куды яны прыйшлі, хвалебныя песні, а наўзамен атрымлівалі шчодрыя пачастункі. Меркавалася, што такі абыход «валачобнікаў» лучыць жыхароў вёскі і прыносіць поспех.

ФОТА: TUT.BY

З Вялікаднем звязаны шэраг прыкмет, найперш, пра надвор’е. У ранейшыя часы асаблівую ўвагу надавалі сонцу, якое «танцуе разам з усім светам». Калі на Вялікдзень здараўся дождж, меркавалася, што да Сёмухі пагоды не будзе. Ціхае і цёплае надвор'е ў гэты дзень дакляравала такое ж лета, паведамляе tut.by.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках