21 траўня 2024, aўторак, 17:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Менска пратэставалі супраць беззаконня ў судзе

3
У цэнтры Менска пратэставалі супраць беззаконня ў судзе

У цэнтры Менска бабруйцы правялі пікеты ў спробе звярнуць увагу ўлады на іхнія праблемы.

Бабруйскі пенсіянер Аляксандр Каваленка апоўдні 12 траўня правёў адзіночны пікет у скверы за сталічнай ратушай, каб звярнуць увагу грамадскасці і ўлад да праблем сваёй сям'і. Ён пратэставаў супраць адказаў не паводле сутнасці з органаў суда і пракуратуры.

Актывістка грамадскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» юрыстка Тамара Сяргей паведаміла БелаПАН, што Каваленка прыехаў у Менск раным-рана, каб патрапіць на асабовае прыйманне да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Валерыя Міцкевіча.

Нягледзячы на тое, што пенсіянер зараней напісаў адпаведную заяву, у адміністрацыі высветлілася, што ніхто з чыноўнікаў сёння не прымае, бо, як яму паведамілі супрацоўнікі, «не знайшлося ніводнага грамадзяніна, які б звярнуўся з пытаннем у межах кампетэнцыі Адміністрацыі».

«Але я дакладна ведаю, што некалькі чалавек пісалі заяву на сённяшняе прыйманне. Усім ім было адмоўлена», - сказала Сяргей.

Не дамогшыся сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі, Каваленка адправіўся на пікет у цэнтр Менска. У скверы за ратушай ён разгарнуў плакат з надпісам: «Чыноўнікі суду і пракуратуры, дайце адказы на пытанні майго сына і ягонага адваката. Годзе хавацца за адпіскамі».

Больш за 10 гадоў Каваленка і ягоная жонка дамагаюцца перагляду справы ў дачыненні да іхняга сына Ігара, які за забойства і рабунак быў асуджаны на 25 гадоў зняволення. Па касацыйным пераглядзе тэрмін пакарання быў зніжаны да 18 гадоў. Бацькі ўважаюць сына за невінаватага.

У барацьбе за сына Аляксандр Каваленка сам стаў ахвярай судовай сістэмы.

«Яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасці нібыта за распаўсюджванне наркотыкаў, ён правёў у калоніі тры гады і два месяцы, пасля перанёс цяжкую форму інфаркту, - сказала Тамара Сяргей. - Аднак пасля Аляксандра Якаўлевіча апраўдалі і рэабілітавалі, нават выплацілі матэрыяльную кампенсацыю за гады, праведзеныя ў калоніі. Нягледзячы на такія абставіны, суд дагэтуль адмаўляецца пераглядаць справу ягонага сына. Каваленка тройчы быў на асабовым прыйманні ў старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, аднак чыноўнік дагэтуль не адказаў на ягоныя пытанні. Сям'я неаднаразова звярталася ў Адміністрацыю Лукашэнкі, каб аднавіць канстытуцыйнае права сына на атрыманне адказаў паводле сутнасці пытанняў, якія стаяць у наглядных скаргах, але марна».

Сёння ж на паўгадзінныя адзінкавыя пікеты ў Менску адзін за адным выйшлі бабруйкі Любоў Станкевіч і Вольга Юнкевіч.

«У Станкевіч цывільная справа, звязаная са звальненнем. Ёсць тры пратэсты з пракуратуры, у тым ліку два з Генпракуратуры, але справа дагэтуль засталася не перагледжаная. Юнкевіч выйшла на пікет праз цывільную справу, у выніку якой дом, які яна калісьці пабудавала, быў падзелены на тры кватэры. Цяпер яна вымушаная змагацца за свае жыллёвыя правы», - сказала юрыстка.

Са слоў Тамары Сяргей, за пікетамі назіралі і здымалі на відэакамеру чацвёра супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адзенні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках