8 траўня 2024, Серада, 22:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца аўтобуса Калодзішчы - Менск разбіў нос безбілетнаму пасажыру

41

Праз канфлікт астатнія пасажыры так і не даехалі з Калодзішчаў да горада.

Па дарозе з Калодзішчаў у Менск кіроўца рэйсавага аўтобуса разбіў пасажыру нос. Пра гэта tut.by распавялі відавочцы здарэння. Паводле папярэдняй інфармацыі раённага УУС, прычынай канфлікту стаў неаплачаны праезд.

Усё адбылося на прыпынку «Вайсковы гарадок Калодзішчы». Аўтобус без кандуктара, таму пасажырам квіткі выдаваў кіроўца. У такіх выпадках уваходзіць у грамадскі транспарт трэба праз пярэднія дзверы.

- На прыпынку кіроўца адкрыў сярэднія дзверы, каб магла выйсці жанчына з вазком. Пры гэтым некалькі пасажыраў паспелі зайсці ў аўтобус, але не ўсе купілі квіткі, - распавядае Таццяна, адна з пасажырак. - Кіроўца сказаў, што пакуль яны не аплацяць праезд, аўтобус нікуды не паедзе.

Чаканне прадаўжалася 15 хвілін. Кіроўца нават заглушыў рухавік. На абурэння пасажыраў, якія спяшаліся ў Менск, мужчына ніяк не рэагаваў, кажуць відавочцы.

- Мы гаварылі кіроўцу, што калі ён хоча высадзіць «зайцоў», то няхай пройдзе па салоне і праверыць квіткі. Але ён проста сядзеў у кабіне. Потым падышла і маршрутка, і іншы аўтобус. Людзі сталі выходзіць, каб перасесці на іншы транспарт, - апісваюць сітуацыю відавочцы.

Пасажыры патрабавалі ў кіроўцы вярнуць грошы за так і не адбытую паездку. Але ён адказаў адмовай: сказаў, па кампенсацыю трэба звяртацца ў чацвёрты сталічны аўтапарк, які абслугоўвае маршрут №343 «Уручча - Калодзішчы».

- Калі людзі выходзілі, то адзін мужчына падышоў да кіроўцы, каб разабрацца ў створанай сітуацыі. Пасажыр яшчэ не паспеў нічога сказаць, як атрымаў галавою па носе. У яго вельмі моцна цякла кроў. Выклікалі хуткую дапамогу яму і міліцыю. Напэўна, там пералом, - мяркуе Таццяна.

Медыкі пералом не пацвердзілі. Канстатавалі лёгкія цялесныя пашкоджанні - дробныя ранкі. Цяпер паводле гэтага інцыдэнту міліцыя праводзіць праверку. Ва УУС Менскага райвыканкама патлумачылі, што і пасажыр, і кіроўца адмовіліся пісаць адзін на аднаго заявы.

Магчымай прычынай канфлікту стаў неаплачаны праезд.

- Пасажыр зайшоў раней, але квіток не купіў. І, даехаўшы да гэтага прыпынку, захацеў выйсці, так і не аплаціўшы праезд. На гэтым фоне ў іх паўстаў канфлікт. Пасля ўдару кіроўцы ў пасажыра на твары засталіся дробныя ранкі, - удакладніла прэс-афіцэр Менскага РУУС Юлія Лобач.

У «Мінсктрансе» мяркуюць, што «рабіць сенсацыю» з гэтай гісторыі не варта.

- Сітуацыя непрыемная. Мы разбярэмся і ўжывём захады. Калі кіроўца вінаваты, то ён будзе пакараны. Калі не ён, значыць, пасажыр будзе за ўсё адказваць, - эмацыйна выказаўся наконт таго, што здарылася, намеснік дырэктара «Мінсктранса» Віктар Тозік.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках