У Лепелі два падлеткі з нажом і цацачным пісталетам абрабавалі краму
13- 2.05.2016, 16:59
- 15,310
Пазней падлеткі патлумачылі, што хацелі на скрадзеныя грошы купіць адзенне.
У краму «Беляніца» двое налётчыкаў у масках уварваліся сярод белага дня 29 красавіка. Адзін паказаў прадавачцы нож, другі накіраваў на жанчыну пісталет. Рабаўнікі выграблі з касы чатыры мільёны рублёў і ўцяклі. Адзінае, што зразумела спалоханая жанчына - налётчыкамі былі відавочна не дарослыя мужчыны. Праз пяць хвілін пасля налёту яна патэлефанавала ў міліцыю.
Калі рабаўнікоў затрымалі, выявілася, што гэта сапраўды падлеткі. Аднаму з затрыманых 15 гадоў, другому - 16. Хлопцы вучацца ў адной з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Лепеля. Пасля ўчынення злачынства яны схаваліся ў сваякоў, але іх хутка вылічылі і затрымалі. Уцякаючы, падлеткі разгубілі частку выкрадзеных грошай, так што супрацоўнікі праваахоўных органаў ішлі па следзе, час ад часу падбіраючы купюры.
- Непаўналетнія затрыманыя паводле падазрэння ва ўчыненні разбойнага нападу на краму, - распавяла kp.by афіцыйная прадстаўніца УСК Віцебскай вобласці Іна Гарбачова. - Падчас следства выяўлена, што падлеткі, надзеўшы маскі з прарэзамі для вачэй і пагражаючы прадавачцы нажом і прадметам, падобным да пісталета, выкралі з касы крамы раённага спажывецкага таварыства 4 мільёны рублёў. Крымінальная справа распачатая паводле ч.2 арт.207 (разбой, учынены групай асоб) КК Беларусі.
Падлеткі прызналіся ў зробленым і патлумачылі, што хацелі на скрадзеныя грошы купіць адзенне. Абодва, дарэчы, характарызуюцца станоўча, ніколі не стаялі на ўліку ў праваахоўных органах ці сацыяльных службах. Паводле папярэдніх звестак, абодва выхоўваюцца ў добрых сем'ях.
За такое злачынства падлеткам можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.