2 траўня 2024, Чацвер, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія кіроўцы: Едзеш - і не разумееш, у якім ты шэрагу

12

На дарогах сталіцы дагэтуль не абнавілі разметку.

«Лета на носе, а дарогі ў парадак не прывялі - з зімы разметку дагэтуль нанесці не могуць», - наракаюць сталічныя кіроўцы на камунальнікаў.

Партал tut.by паглядзеў, ці справядлівыя папрокі.

ФОТА: TUT.BY

- Так, разметка ёсць яшчэ не ўсюды ў горадзе. Але як ехаць па той ці іншай дарозе, мы і так ведаем - за гады працы і без разметкі нармальна арыентуемся, - кажуць кіроўцы таксі. - Хіба што іншагароднім цяжка будзе, але яны, як правіла, па цэнтральнай частцы горада ездзяць, а там у нас поўны парадак - нанесеная новая разметка. Вось куды не даязджаюць камунальнікі ўжо які год - гэта ў Сельгаспасёлак у Зялёным лузе: дарогі там усе ў ямах, а разметкі зроду не было.

Да канца траўня працаўнікі КУП «СМЭП» Менгарвыканкама, адна з функцый якога - нанясенне дарожнай разметкі, зрабілі гэта яшчэ не на ўсіх дарогах сталіцы. Напрыклад, на некаторых вуліцах Фрунзенскага раёна свежай фарбы на дарогах кіроўцы яшчэ не бачылі.

ФОТА: TUT.BY

- Да нас даязджаюць у апошнюю чаргу, - з прыкрасцю махнуў рукой кіроўца белай Mazda, які жыве ў адным з дамоў на вуліцы Янкоўскага. - Нідзе побач з намі дарогі яшчэ не пазначаюць. Я свой маршрут руху вывучыў. А вось жонка нядаўна правы атрымала і ўвечары, калі машын мала, паехала катацца па наваколлі, і ледзь падвеску не ўгробіла! У нас тут ляжачых паліцэйскіх шмат, і ні адзін не пафарбаваны: яна іх проста не заўважыла і на хуткасці 40-50 кіламетраў у гадзіну праскочыла. Знакі каля дарог стаяць, але многія з іх у кронах дрэў не бачныя.

ФОТА: TUT.BY

А вось на асноўных гарадскіх магістралях разметка ўжо абноўлена. Напрыклад, на праспекце Жукава палосы для руху транспарту падзеленыя, праўда, нанесці разметку «зебра» на пешаходным пераходзе і пазначыць веладарожку рабочыя забыліся. Таксама не ўсюды «размалявалі» маленькія вуліцы, якія прымыкаюць да праспекта.

На праспекце Жукава пакуль нанесеныя толькі падоўжныя палосы разметкі

На вуліцы Брылеўскай працуе брыгада СМЭП.

ФОТА: TUT.BY

- Заяўкі на нанясенне разметкі на канкрэтных вуліцах нам дае Менгарвыканкам, згодна з планам і працуем, - распавялі камунальнікі. - Пешаходныя пераходы і роварную дарожку пазначым таксама, толькі гэта зробіць брыгада, у якой ёсць спецыяльныя трафарэты, у нас адны машыны малююць падоўжаную разметку, а іншыя - папярочную.

Далей у цэнтр - больш разметкі. Аднак, звярнуўшы з праспекта Дзяржынскага на вуліцу Карла Лібкнехта, бачым, што тут на праезнай часткі СМЭП у гэтым годзе яшчэ не працаваў. Такая ж сітуацыя і на прылеглых маленькіх вулачках.

- Хай лепш ніякай разметкі не будзе на вуліцах, чым такая, як, напрыклад, каля кола на праспекце Пушкіна. Там новай яркай разметкі няма, а старая захавалася, прычым не адна, а некалькі нанясенні. Блытаніна нейкая - едзеш і не разумееш, у якім ты шэрагу, - скардзіцца кіроўца старэнькага Ford. - Я, напрыклад, інвалід, выязджаю вельмі рэдка, толькі калі вострая неабходнасць з'яўляецца. Ужо сам выезд для мяне хвалюючы, а тут яшчэ гэта блытаная разметка!

ФОТА: TUT.BY

- У гэтым годзе атрымалася вялікае адставанне з нанясеннем разметкі праз умовы надвор'я - блізу трох тыдняў мы страцілі ў красавіку, таму што было холадна, - тлумачыць галоўны інжынер КУП «СМЭП» Менгарвыканкама Дзмітрый Кудраўцаў. - Працаваць з пластыкам мы можам, калі тэмпература паветра не ніжэйшая за +10°С, з эмаллю - не ніжэй +5°С. Нашы брыгады пачалі працаваць па начах з сярэдзіны красавіка. Стартавалі з вялікіх магістраляў. На сённяшні дзень арыентыровачна на 75% дарог Менска ўжо нанесеная разметка. Цяпер пайшлі па спальных раёнах. На буйных гарадскіх вуліцах і МКАД праца ўжо практычна завершана, толькі ў некаторых месцах яшчэ наносяць папярочную разметку ў выглядзе стрэлак.

ФОТА: TUT.BY

У адпаведнасці з ПДР, у выпадках, калі значэнні ліній разметкі і дарожных знакаў супярэчаць адзін аднаму ці ж разметкі няма, удзельнікі дарожнага руху павінны кіравацца патрабаваннямі дарожных знакаў.

Завяршыць работы па нанясенні разметкі СМЭП плануе да 5-10 чэрвеня. Аднак пакуль без разметкі застанецца не адзін дзесятак вуліц: паводле іх плануюцца змены ў арганізацыі руху - напрыклад, на магілёўскай трасе на выездзе з горада будуць зробленыя вылучаныя палосы для павароту налева або развароту.

ФОТА: TUT.BY
Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках