2 траўня 2024, Чацвер, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія мастакі ўвекавечаць у графіці вядомых беларусаў

3

Каманда StreetSkills плануе ў гэтым годзе праехаць па гарадах Беларусі і намаляваць вядомых дзеячаў культуры, навукі і спорту.

Ян Кузьмін і Глеб Каштанаў жывуць у Віцебску, але працуюць і ў Беларусі, і ў Расеі. У гэтым годзе яны запусцілі праект «Ведай нашых», у рамках якога плануюць намаляваць партрэты вядомых асоб на будынках беларускіх і расейскіх гарадоў, піша сайт naviny.by.

ЯН КУЗЬМІН І ГЛЕБ КАШТАНАЎ

У рамках праекта графіцісты сёлета стварылі партрэты Яўгена Лявонава ў Віцебску і Міхаіла Баярскага ў Санкт-Пецярбургу.

Лявонаў «прыжыўся» ў горадзе з другой спробы. Летась каманда StreetSkills намалявала актора ў вобразе Дацэнта з фільма «Джэнтльмены поспеху» на будынку трансфарматарнай падстанцыі, але графіці зафарбавалі камунальныя службы, а пазней мастакі стварылі на гэтым месцы новае графіці - з выявай герояў савецкіх кінакамедый Труса, Балбеса і Хаджалага.

ФОТА: BELAPAN.COM

«Палова нашай аўдыторыі ацаніла працу, палова сказала, што вобраз зэка не самы ўдалы. Яго пачалі псаваць і потым зафарбавалі», - распавёў Ян Кузьмін.

У гэтым годзе графіцісты наважылі ўсё ж знайсці Лявонаву месца ў горадзе і намалявалі партрэт каля дзіцячай пляцоўкі ў цэнтры горада - на яскрава-аранжавым фоне ў кампаніі з Віні Пухам, якога актор агучваў у мультфільме.

ФОТА: BELAPAN.COM

У найбліжэйшы час графіцісты плануюць намаляваць партрэт Васіля Быкава ў Віцебску, але пакуль не атрымалі дазвол.

Канкрэтных планаў на працы ў іншых гарадах у каманды пакуль няма.

«Пакуль трэба ў родным горадзе маляваць, а там будзе відаць, куды мы рушым», - растлумачыў Ян Кузьмін.

Агулам маштабы праекта залежаць ад фінансавага складніку, бо мастакі малююць за свой кошт. Арыентыровачна за сезон яны плануюць стварыць 20 партрэтаў у розных гарадах, палову з іх - у Беларусі, калі мясцовыя ўлады пойдуць насустрач.

«Мы ўжо выходзім за межы 20-25 квадратных метраў, працуем з фасадамі, а фасады больш працяглыя ў часе і фінансах. Калі з'явіцца нейкі спонсар або зацікаўлены чалавек, або дзяржава адгукнецца, тады мы здужаем. Калі не, то будзем імкнуцца - добра, калі 18 работ зробім», - распавёў Ян.

Мастакі плануюць праехаць па паўднёвых гарадах Беларусі - пакуль у папярэдніх планах ёсць Берасце і Светлагорск.

«Мы звычайна адкрываем мапу і глядзім, што больш падабаецца. Мы нацэльваемся не толькі на абласныя цэнтры, але і на раённыя таксама, бо там людзі не асабліва знаёмыя з культурай графіці, стрыт-артам, і было б выдатна нешта там пакінуць - хоць бы серыю з дзвюх-трох работ, напрыклад, у Светлагорску», - адзначыў мастак.

Перамовы з выканкамамі, паводле ягоных слоў, даюцца камандзе нялёгка, бо мясцовыя ўлады ставяцца да стрыт-арту кансерватыўна.

«У Віцебску нас ужо дастаткова добра ведаюць, а ў іншым горадзе трэба будзе дамаўляцца з адміністрацыяй», - растлумачыў графіціст.

Каб рэалізаваць праект, мастакі запусцілі краўдфандынгавую кампанію на платформе planeta.ru. Расейскую пляцоўку выбралі праз большы ахоп карыстальнікаў. За месяц мастакі хочуць сабраць 300 тысяч расейскіх рублёў (блізу 4,5 тысячы даляраў).

Са словаў Яна, гэтыя грошы патрэбныя на развіццё праекта, каб каманда магла «менш часу надаваць камерцыйнай дзейнасці, і больш - самой творчасці».

Больш за ўсё грошай сыходзіць на матэрыялы, часам дорага абыходзіцца пераезд у той ці іншы горад і жыццё ў ім.

Калі патрэбную суму не ўдасца сабраць з дапамогай краўдфандынга, праект не спыніцца, але, магчыма, скароціцца колькасць гарадоў, у якіх з'явяцца графіці.

«Ва ўсякім выпадку, праект будзе рэалізаваны, таму што мы ўжо пачалі гэтым займацца. Першыя два з лішнім гады мы проста малявалі розных культурных дзеячаў, цяпер наважылі зрабіць стаўку на СНД, на Беларусь, Расею і маляваць нашых людзей», - адзначыў графіціст.

Раней Ян Кузьмін і Глеб Каштанаў працавалі ў рамках праекта HoodGraff, але потым заняліся самастойнай творчасцю. Іх першай працай стаў партрэт Марка Шагала ў Віцебску.

ФОТА: BELAPAN.COM
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках