26 красавiка 2024, Пятніца, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці прайшла акцыя супраць рэкламы тытуню

4

Інфармацыйную акцыю «Абараніце нас ад рэкламы тытуню!» правялі ў Берасці грамадскія і палітычныя актывісты.

Як паведаміла БелаПАН старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс, акцыя была арганізаваная ў межах аднайменнай грамадзянскай акцыі, якая стартавала ў сярэдзіне траўня ў Берасцейскай вобласці.

«Учора, 26 траўня, у цэнтры горада і мікрараёнах мы распаўсюджвалі тэматычныя бюлетэні, распавядалі берасцейцам пра мэты гэтай акцыі. Большасць гараджан, да якіх мы звярталіся, станоўча ацэньваюць нашы намеры, уключаючы і тых, хто паліць», - дапоўніла Канюс.

Яна ўдакладніла, што грамадзянская абласная акцыя «Абараніце нас ад рэкламы тытуню!» арганізаваная ў рамках рэгіянальнай кампаніі «За наш горад». У ёй бяруць удзел сацыял-дэмакраты, праваабаронцы, прадстаўнікі незалежных прафзвязаў і грамадскасць рэгіёну.

Нагодай для яе правядзення стала тое, што ў Берасце ды іншых гарадах вобласці цягам апошніх некалькіх месяцаў адкрытая вялікая колькасць гандлёвых аб'ектаў з назвай «Тытунь» або вытворнымі ад гэтага слова. У той жа час Берасцейскім аблвыканкамам і санітарна-эпідэміялагічнай службай праводзіцца інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Берасцейшчына без тытуню!».

У падрыхтаваным удзельнікамі акцыі звароце гаворыцца, што гандлёвыя аб'екты з назвай «Тытунь», з'яўляюцца нават не схаванай, а наўпроставай рэкламай цыгарэт ды іншых тытунёвых вырабаў, устаноўленыя на прыпынках грамадскага транспарту ў непасрэднай блізкасці ад школ, дзіцячых садкоў, устаноў аховы здароўя, культуры і спорту. Даступнасць і кідкая рэклама накіраваныя на павелічэнне спажывання тытунёвых вырабаў.

У звароце ўтрымліваецца патрабаванне да ўлады ўнесці (ініцыяваць) змены ў дэкрэт прэзідэнта ад 17 снежня 2002 года №28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абарачэння і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў», у закон «Аб рэкламе». Забараніць называць гандлёвыя аб'екты «Тытунь» і вытворнымі ад гэтага слова. Акрамя таго, прывесці заканадаўства краіны ў адпаведнасць з канвенцыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў барацьбе супраць тытуню.

«Учора ў Берасці мы пачалі збор подпісаў пад гэтым дакументам і прадоўжым яго да канца ліпеня. Свае подпісы ў падтрымку патрабаванняў можна паставіць і пад электроннай петыцыяй https://goo.gl/CYqsbk», - сказала Канюс.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках