3 траўня 2024, Пятніца, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваячка Кім Чэн Ына валодае хімчысткай у ЗША

Сваячка Кім Чэн Ына валодае хімчысткай у ЗША
КІМ ЧЭН ЫН
ФОТА: KCNA / XINHUA / ZUMAPRESS / GLOBALLOOKPRESS.COM

Родная цётка лідара Паўночнай Карэі пасля ўцёкаў з сям'ёй на Захад мае ўласную пральню ў ЗША.

У інтэрв'ю Ко Ен Сук, родная сястра памерлай маці лідара КНДР, апавяла пра тое, як яна даглядала за маленькім Кімам, калі ён вучыўся ў прыватнай школе ў Швэйцарыі, паведамляе руская служба BBC.

Яна і яе муж былі спецыяльна пасланыя ў Швэйцарыю для нагляду за малодшымі сваякамі кіроўнай сям'і, якія навучаліся там.

Паводле ейных словаў, Кім у дзяцінстве быў запальчывым і незгаворлівым.

Нягледзячы на тое, што цётка не бачыла свайго пляменніка каля 20 гадоў і ў яе ніколі не было ніякага афіцыйнага посту, некаторыя расказаныя ёю падрабязнасці праліваюць новае святло на ўрыўкавую інфармацыю, вядомую пра паўночнакарэйскага лідара.

Ко Ен Сук апавяла, што ён нарадзіўся ў 1984 годзе, у адзін год з ейным уласным сынам, а не ў 1982 ці 1983-м, як паведамляецца.

«Яны з маім сынам гулялі разам з самага нараджэння. Я ім абодвум пялюшкі мяняла», – сказала яна журналістам.

Кім, паводле словаў цёткі, з 1992 года ведаў пра тое, што стане лідарам краіны, паколькі менавіта такі сігнал быў пасланы на яго восьмы дзень нараджэння, калі павіншаваць яго сабралася ўсё найвышэйшае камандаванне КНДР.

Усе астатнія даведаліся пра гэта толькі ў 2010 годзе падчас з'езду Працоўнай партыі Карэі.

У той жа час незразумелыя прычыны, праз якія сям'я Ко Ен Сук надумала бегчы ў ЗША.

Гэта магло быць зроблена праз страх рэпрэсій пасля таго, як ад раку грудзей памерла маці Кіма.

Пасля некалькіх месяцаў допытаў у ЦРУ сям'я атрымала дазвол на ўезд у ЗША і адкрыла сваю хімчыстку.

Цяпер яна жыве практычна ў невядомасці ў прыгарадзе Нью-Ёрка.

ЦРУ, якое дапамагло сям'і Ко Ен Сук набыць дом пасля іх уцёкаў, не пацвердзіла, але і не аспрэчыла гэтыя заявы, зробленыя ў інтэрв'ю.

Ко Ен Сук мяркуе, што ёй пашанцавала. «Мае дзеці вучыліся ў добрых школах, і ў іх усё склалася добра. У мяне ёсць муж, які можа адрамантаваць усё, што заўгодна, так што нам няма чаму зайздросціць», – прызналася яна ў размове з журналістамі.

Ейны муж пагадзіўся з ёй, сказаўшы: «Мне здаецца, мы ажыццявілі “вялікую амерыканскую мару”».

Шырокай публіцы стала вядома пра Ко Ен Сук у мінулым годзе, калі яна падала пазовы за паклёп супраць траіх перабежчыкаў з Паўночнай Карэі, якія, паводле ейнага сцвярджэння, распаўсюджвалі пра яе хлуслівыя чуткі.

Яе адвакат паведаміў, што яна запатрабавала каля 51 тысячы даляраў кампенсацыі ў паўднёвакарэйскім судзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках