3 траўня 2024, Пятніца, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх банках выраслі праблемныя актывы

3
У беларускіх банках выраслі праблемныя актывы
ФОТА: REUTERS

З пачатку года аб'ём праблемных актываў вырас на 85% – гэта гістарычны максімум для беларускай банкаўскай сістэмы.

Як і прадказваў Нацбанк, хуткага развязання праблемы дрэнных актываў беларускіх банкаў не праглядаецца. У красавіку дзель праблемных актываў беларускіх банкаў зноў вырасла: на 1 траўня яна дасягнула 12,34% супраць 11,55% месяц таму. Паводле статыстычных дадзеных Нацбанка, за красавік прырост склаў 3 трлн рублёў супраць 2 трлн у сакавіку, піша tut.by.

З пачатку года аб'ём праблемных актываў вырас ужо на 85%, дасягнуўшы 51,145 трлн на 1 траўня. Гэта гістарычны максімум для беларускай банкаўскай сістэмы.

«Прагнозная дынаміка праблемных актываў – нашы абследаванні і стрэс-тэсты паказваюць магчымы рост праблемных пазык, але сітуацыя кіраваная. Тым больш урад праводзіць працу рэарганізацыі, санацыі такіх прадпрыемстваў і, як крайняя мера, банкруцтва», – казаў кіраўнік Нацбанка Павел Калавур на прэс-канферэнцыі ў пачатку траўня, прапанаваўшы стварыць агенцтва працы з праблемнымі актывамі і прадоўжыць перадачу праблемных актываў Банку развіцця.

Паводле ягоных словаў, цяпер «праводзіцца расчыстка балансаў банкаў ад таксічных актываў». Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне наконт дакапіталізацыі банкаў, дзе гэта неабходна – ідзе праца з уласнікамі.

На няпростую сітуацыю з праблемнымі актывамі звяртаюць увагу і міжнародныя эксперты. Старэйшы дырэктар маскоўскага офіса рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings Вольга Ігнацьева ў інтэрв'ю апавяла, што на пагаршэнне якасці актываў беларускіх банкаў уплывае ў першую чаргу эканамічная сітуацыя ў краіне.

«Банкаўскія крэдыты, выдадзеныя ў тым лiку на льготных умовах, праходзяць сёння праверку часам. Вялікая закрэдытаванасць пазычальнікаў і няспынная дэвальвацыя негатыўна ўплываюць на здольнасць беларускіх прадпрыемстваў своечасова выконваць абавязальніцтвы перад банкамі.

Цэнтральны банк Беларусі гаворыць сёння пра тое, што крэдыты павінны выдавацца толькі пад валютаакупныя праекты. Фармальна гэтая ўмова выконваецца, але, на нашу думку, фактычна ў шэрагу выпадкаў гэта не заўсёды так.

Напрыклад, калі абавязальніцтвы беларускіх пазычальнікаў намінаваныя ў далярах, а выручка – у расейскіх рублях, валютная рызыка нікуды не знікае, паколькі расейскі рубель – дастаткова слабая сёння валюта», – падкрэсліла эксперт.

Ігнацьева звярнула ўвагу на тое, што пагаршэнне якасці актываў закранула крэдыты, якія выдаваліся розным сектарам эканомікі. З крэдытамі ў рамках дзяржпраграмаў сітуацыя неадназначная. «У шэрагу выпадкаў такія запазычанні падаваліся ў рублях, адпаведна, там няма валютнай рызыкі. Акрамя гэтага, часта на крэдыты, выдадзеныя ў рамках дзяржпраграм, дзяржава субсідуе працэнтныя плацяжы, банкі прапануюць ільготныя перыяды пагашэння асноўнай пазыкі. Адпаведна, з некаторымі дзяржпраграмамі рост праблемных актываў прасочваецца ў меншай ступені, хоць рэальная якасць актываў там можа быць нават горшай, чым з тымі крэдытамі, якія выдаваліся на рынкавых умовах».

Fitch Ratings чакае, што дзель праблемных актываў беларускіх банкаў будзе паступова падрастаць, і нават калі ў другім паўгоддзі эканоміка пачне аднаўляцца, якасць крэдытнага партфеля можа яшчэ некаторы час пагаршацца пад уплывам папярэдніх стрэсаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках