3 траўня 2024, Пятніца, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абрад «Выкліканне дажджу» можа атрымаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці

10
Абрад «Выкліканне дажджу» можа атрымаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці

Традыцыя правядзення абраду выклікання дажджу існуе ў вёсцы Стары Дзедзін Магілёўскай вобласці з даўніх часоў.

Як паведамілі БелТА ў Міністэрстве культуры Беларусі, станоўчая пастанова наконт надання такога статусу была прынятая Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай у пытаннях аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Традыцыя правядзення абраду выклікання дажджу, або пераворвання дна ракі ў засушлівы перыяд, існуе ў вёсцы Стары Дзедзін з даўніх часоў. Праводзіцца строга паводле тых канонаў і ў той паслядоўнасці, як гэта рабілі прабабулі і бабулі сённяшніх носьбітак традыцыі. У абрадзе ўдзельнічаюць толькі жанчыны. Раней гэта былі толькі ўдовы, цяпер усе, хто не заняты на гаспадарцы ў патрэбны момант.

Абрад не мае дакладнай даты правядзення, паколькі ён практыкуецца, калі больш за тыдзень няма дажджу і гіне ўраджай збожжавых. Жанчыны загадзя дамаўляюцца пра месца сустрэчы ціха, каб ніхто не ведаў іхнія намеры, у першую чаргу мужчыны. Гэта робіцца для таго, каб ніхто не мог перашкодзіць, таму што прысутнасць на абрадзе «чужых» можа негатыўна адбіцца на рытуальных дзеяннях. Удзельніцы абраду ў сярэдзіне дня ідуць да ракі Асцёр моўчкі.

Прыйшоўшы на бераг, у строгай паслядоўнасці выконваюць рытуальныя дзеянні: распранаюцца, чытаюць малітву «Ойча наш», просяць дапамогі ў найвышэйшых сілаў. Заходзячы ў ваду, хрысцяцца і пад гукі абрадавай песні тройчы праводзяць плуг па дне ракі. Калі ўдзельніцы абраду выходзяць на бераг, яны зноў чытаюць малітву, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дахаты.

Дождж пачынае ісці праз пару гадзінаў або на наступны дзень. Абрад існуе ў жывой традыцыі дзякуючы ініцыятыве ўдзельніц фальклорна-аўтэнтычнага ансамбля «Астранка». Пастанова Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады ў пытаннях аховы гістарычна-культурнай спадчыны носіць рэкамендацыйны характар.

Аб'ект атрымлівае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці згодна з пастановай Савету міністраў. У цяперашні час рыхтуецца праект дакумента наконт унясення абраду «Выкліканне дажджу» ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках