7 траўня 2024, aўторак, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Беларускі бюджэт вярстаецца паводле савецкіх лякалаў

5
Барыс Жаліба: Беларускі бюджэт вярстаецца паводле савецкіх лякалаў
ФОТА: SVABODA.ORG

Беларускія чыноўнікі прымяняюць «сацыялістычную хітрасць».

Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала афіцыйную справаздачу аб выкананні бюджэту за першы квартал 2016 года.

Між іншым адзначаецца, што агульнадзяржаўная дзейнасць была прафінансаваная на 21% ад гадавога плана, нацыянальная эканоміка - на 17%, сацыяльная сфера - на 22,5%.

У Мінфіне таксама канстатавалі, што паводле стану на 1 красавіка «запазычанасць паводле падаткаў і збораў склала трыльён рублёў».

«Я для сябе ў першую чаргу адзначыў дзве рэчы - выкананне рэспубліканскага бюджэту за першыя тры месяцы і запазычанасць перад дзяржавай за падаткі і зборы, - сказаў «Радыё Свабода», ацэньваючы згаданы дакумент, прафесар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. - Бюджэт афіцыйна выкананы з прафіцытам. Пераводзячы гэта на даступную мову, мы бачым, што даходы бюджэту сталі большыя за выдаткі. Канкрэтна, яны склалі 3,8 трыльёна рублёў, або 1,8% да ўсяго валавога ўнутранага прадукту.

І гэта не першы год, калі прафіцыт большы за дэфіцыт. Але чаму так атрымліваецца, калі ўсе бачаць, што беларуская эканоміка і летась, і сёлета ў дрэнным стане?

На мой погляд, сакрэт тут такі. Беларускі бюджэт складаецца паводле савецкай матрыцы. Як гэта рабілася тады? Ужываліся сацыялістычныя хітрасці. Пачынаючы ад нізу і да верху, ніхто не браў напружаныя планы. Кожны дырэктар прадпрыемства, кожны раён, горад, вобласць, рэспубліка штучна прыніжалі магчымасці сваёй вытворчасці. І вось на гэтых заніжаных лічбах і будаваўся бюджэт. Зразумела, што і выканаць, і перавыканаць такі бюджэт было значна лягчэй, ды і прэміі набягалі нядрэнныя.

У мяне такое ўражанне, што і беларускі бюджэт вярстаецца па тых савецкіх лякалах.

А вось што мяне па-сапраўднаму ўразіла, - запазычанасць у бюджэт падаткаў і збораў склала трыльён рублёў. І гэта пры тым, што нашы падатковыя органы не адзначаюцца мяккасцю. Яны, я б сказаў, выбіваюць падаткі і з дзяржаўных прадпрыемстваў, і з бізнэсоўцаў, і нават з малога бізнэсу.

Я выкладаю студэнтам-завочнікам. Сярод іх ёсць і супрацоўнікі падатковых структур. І я пытаюся ў іх: скажыце шчыра, ваша прэмія залежыць ад сумы падаткаў, якія вы выбіваеце? І яны прызнаюцца - залежыць. Таму і накладаюць штрафы - і там, дзе без іх сапраўды нельга, і там, дзе можна было б абысціся без іх.

Тады што атрымліваецца? Нават пад такім ціскам у бюджэт недаплацілі трыльён рублёў падаткаў. І гэтая лічба адлюстроўвае рэальны фінансавы стан нашых прадпрыемстваў. А яна для аднаго квартала вельмі вялікая».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках