7 траўня 2024, aўторак, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: Указ Лукашэнкі аб пенсійным узросце незаконны

60
Міхаіл Пастухоў: Указ Лукашэнкі аб пенсійным узросце незаконны
МІХАІЛ ПАСТУХОЎ
ФОТА: SVABODA.ORG

Указ дыктатара парушае шэраг беларускіх законаў і Канстытуцыю краіны.

Пра гэта ў «Беларускай праўдзе» піша былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Як вядома, указам Лукашэнкі №137 ад 11 красавiка ўстаноўлена, што з 1 студзеня 2017 года будзе паэтапна павышацца пенсійны ўзрост для ўсіх рабочых і службоўцаў. Аднак давайце задумаемся над пытаннямі: на якой падставе прынятая такая пастанова? Ці меў права дыктатар сваім актам пазбавіць сотні тысяч грамадзян права на заслужаную пенсію? І што цяпер рабіць людзям, якія трапілі пад «нож» указу?

На якой падставе?

У вышэйназваным ўказе сказана, што пенсійны ўзрост павышаецца «ў мэтах удасканалення пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных варунках».

Калі разважаць лагічна, то «ўдасканаленне» мяркуе паляпшэнне сітуацыі, але зусім не пагаршэнне. А што атрымліваецца? Людзей перадпенсійнага ўзросту банальна пазбаўляюць права на пенсію і абавязваюць яшчэ працаваць. Тым самым парушаюцца іх законныя правы.

Пры разглядзе гэтага пытання Лукашэнка ў пасланні да беларускага народа і «парламенту» адзначыў: «...не трэба тут пакутаваць, галасіць, ствараць нейкую праблему...». І далей, тлумачачы неабходнасць павышэння «ўзросту», ён паказаў: «...давайце прызнаем, што мы пляцёмся ў хвасце падзей. Гэта даўно ўжо трэба было развязаць».

Так, спасылка на досвед еўрапейскіх краін, дзе пенсійны ўзрост пачынаецца з 60 - 65 гадоў, слушная. Але не будзем забываць і таго, што немцы, французы, італійцы, швайцарцы жывуць на 15 - 20 гадоў даўжэй, чым зараджаныя радыяцыяй і апанаваныя галечай беларусы, а таксама тое, што іх заробкі і пенсіі ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі. Таму большасці беларускіх маладых пенсіянераў давядзецца і пакутаваць, і галасіць праз сваю цяжкую долю. Як падлічылі экспэрты, многія з іх не дачакаюцца сваёй пенсіі.

У той жа час прычына падвышэння «ўзросту» больш чым зразумелая: у цяперашняй улады не стае грошай на выплату пенсій. «Абшчак» (пенсійны фонд) зусім прадзіраваўся праз нерэнтабельнасць прадпрыемстваў, а папаўняць яго з бюджэту ці іншых крыніц уладам не хочацца.

Ці можна падвысіць «узрост» указам?

У адпаведнасці з арт.11 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні» ад 17 красавiка 1992 г права на атрыманне пенсіі па ўзросту маюць мужчыны - па дасягненнi 60 гадоў, а жанчыны - па дасягненнi 55 гадоў.

Сваім указам Лукашэнка загадаў падвышаць агульнаўстаноўлены ўзрост штогод на шэсць месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 год, а жанчынамі - 58 гадоў. Тым самым ён парушыў Закон, а заадно і канстытуцыйнае права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці (арт.47 Канстытуцыі).

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што Рэспубліка Беларусь абвяшчаецца сацыяльнай дзяржавай (арт.1), што дзяржава адказная за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (арт.2), што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян з'яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы (арт.21 Канстытуцыі).

Важна падкрэсліць і змест арт.23 Канстытуцыі, паводле якога абмежаванне правоў і свабод грамадзян дапускаецца толькі законам і толькі ў неабходных выпадках. Канстытуцыя (арт.58) гарантуе грамадзянам, што ніхто не можа прымушацца да адмовы ад сваіх правоў, у тым ліку права на пенсію па ўзросту. Не будзем таксама забываць, што прэзідэнт, уступаючы на пасаду, кляўся «паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь» (арт.83).

Варта таксама мець на ўвазе, што ў выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя (ч.2 арт.137 Канстытуцыі).

На падставе выкладзенага зробім высновы: 1) указам нельга касаваць дзеянне закона; 2) падвышэнне пенсійнага ўзросту парушае правы грамадзян; 3) грамадзяне не павінны на карысць дзяржавы адмаўляцца ад сваіх правоў; 4) эканамічныя і іншыя цяжкасці не могуць служыць падставай для абмежавання правоў грамадзян.

Такім чынам, указ №137 ад 11 красавiка з'яўляецца незаконным, неканстытуцыйным, а таксама антысацыяльным.

Як абараніць свае правы?

Для абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян у Беларусі прадугледжваецца некалькі юрыдычных сродкаў: прэзідэнт як гарант Канстытуцыі, правоў і свабод грамадзян (арт.79); суды (арт.60); Канстытуцыйны суд (арт.116).

Лукашэнка, як адзначалася, ужо сказаў сваё «слова» і разлічваць на ягоную абарону, зразумела, што не магчыма.

Суды паводле дзейнага заканадаўстве абавязаныя абараняць гарантаваныя Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі правы і свабоды грамадзян (арт.6 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў). Значыць, у суды можна звяртацца ў выпадку парушэння права на пенсію і дамагацца аднаўлення сваіх правоў і кампенсацыі прычыненай шкоды. Толькі вось спадзявацца на тое, што суды выканаюць сваё прызначэнне малаімаверна. Ніхто з суддзяў не захоча ўступаць у канфлікт з кіраўніком дзяржавы і абараняць правы нейкіх простых рабацяг.

Асаблівая роля ў абароне правоў грамадзян належыць Канстытуцыйнаму суду, які закліканы кантраляваць канстытуцыйнасць нарматыўных актаў у дзяржаве. Аб прыняцці сумнеўных з пункту гледжання Канстытуцыі актаў яму павінны паведамляць упаўнаважаныя суб'екты: прэзідэнт, палаты парламента, урад, Вярхоўны суд. «Сігналізаваць» аб сумнеўных актах могуць грамадзяне і арганізацыі.

Значыць, трэба распавядаць на ўсю краіну аб тым, што рыхтуецца татальны замах на пенсійныя правы грамадзян. Трэба прадухіліць ужыванне сумнеўнага з пункту гледжання Канстытуцыі нарматыўнага акту. Калі грамадзяне прамаўчаць аб пагрозе, якая насоўваецца, то іх права на пенсію можа быць абмежаванае на паўгода - год - два - тры. І гэта можа быць толькі пачаткам адымання іх законных пенсій.

Хтосьці скажа: а хіба нельга падвысіць «узрост» законам? Можна, але толькі з адпаведнай кампенсацыяй і наданнем адпаведных ільгот.

На мой погляд, гэтае пытанне ў сілу сваёй важнасці мэтазгодна вынесці на рэферэндум. Прынамсі, на галасаванне грамадзян можна паставіць наступныя пытанні: 1) ці выступаеце Вы за падвышэнне пенсійнага ўзросту для ўсіх катэгорый грамадзян на тры (пяць) гадоў пры ўмове падвышэння сумы пенсій удвая (утрая)? 2) выступаеце Вы за ўвядзенне льгот для пенсіянераў на медыцынскае абслугоўванне, праезд у грамадскім транспарце? 3) ці лічыце вы магчымым усталяваць мінімальную і максімальную суму пенсій? 4) выступаеце Вы за ўсталяванне адзіных падыходаў пры прызначэнні пенсіі ўсім работнікам, уключаючы дзяржаўных службоўцаў?

Можна выказаць і іншыя пажаданні ў гэтай сферы. Адно відавочна: пытанне аб падвышэнні пенсіённага ўзросту трэба развязваць у кантэксце пенсійнай рэформы. Яна павінна ўключаць у сябе комплекс захадаў, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню пенсіянераў і вяртанне ім заслужаных ільгот.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках