3 траўня 2024, Пятніца, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Крамлёўская прапаганда - галоўны гулец на інфармацыйным полі Беларусі

3
Deutsche Welle: Крамлёўская прапаганда - галоўны гулец на інфармацыйным полі Беларусі
ФОТА: AFP

Беларускія ўлады будуюць агульную медыяпрастору з Расеяй.

Апытаныя DW экспэрты ўважаюць гэта небяспечным, паказваючы, што крамлёўская прапаганда накіраваная на раскол беларускага грамадства.

Украіна з 27 траўня ўвяла персанальныя санкцыі для 17 кіраўнікоў расейскіх СМІ, якія «ствараюць рэальныя і патэнцыйныя пагрозы нацыянальнай бяспецы». Беларусь, канстатуюць экспэрты, не толькі не процідзейнічае распаўсюджванню крамлёўскай прапаганды на сваім інфармацыйным полі, але і пашырае прысутнасць мас-медыя РФ. А гендырэктара МІА «Россия сегодня» Дзмітрыя Кісялёва, які знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЕЗ за падтрымку дзеянняў Крамля ў дачыненні да Украіны, прымаў у Менску ў красавіку кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

Апытаныя DW аналітыкі папярэджваюць аб небяспецы ўзмацнення расейскага прапагандысцкага ўплыву, які, мяркуюць яны, накіраваны на раскол беларускага грамадства. Галоўную праблему назіральнікі бачаць у тым, што ў афіцыйнага Менска няма рэальнай магчымасці адкрыта процістаяць інфармацыйнай агрэсіі Расеі.

«Рускі свет» і яго небяспекі

План мерапрыемстваў у развіцці агульнай інфармацыйнай прасторы на 2016-2020 гады абмяркоўваўся ў Менску на травеньскім семінары ў рамках развіцця Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі. Месяцам раней Дзмітрый Кісялёў адкрыў у беларускай сталіцы мультымедыйны прэс-цэнтр навінавага агенцтва Sputnik. «Рускі свет» акультурвае сусветную цывілізацыю», - заявіў Кісялёў падчас цырымоніі адкрыцця. А міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч пажадала супольнаму праекту «працаваць на карысць Беларусі ды Расеі».

«На беларускім інфармацыйным полі і без таго назіраецца абсалютнае дамінаванне мас-медыя Расеі», - мяркуе прафесар дэпартамента медыя і камунікацый віленскага Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Эдуард Мельнікаў.

Паводле ягоных слоў, расейская тэлевізія ахоплівае да 95 адсоткаў аўдыторыі Беларусі не толькі наўпрост праз Першы канал, НТВ, «Расія 1», ТНТ, але і праз беларускія тэлеканалы-міксы - ОНТ, «НТВ-Беларусь», «РТР-Беларусь». Пры гэтым, паводле даследавання групы кампаній САТЫА ад 2015 года, менавіта тэлевізія з'яўляецца крыніцай навінавай інфармацыі для 85 адсоткаў беларусаў.

Зброя супраць мірнага насельніцтва

«З пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту палітычную журналістыку ў Расеі амаль цалкам выцесніла крамлёўская прапаганда - агульнае інфармацыйнае поле перафарматавалі і яно стала зброяй супраць мірнага насельніцтва», - кажа Мельнікаў. Паводле ягонага выразу, мэта прапагандысцкай вайны - «зламаць крытычнае мысленне і псіхалагічны супраціў «ворага».

Экспэрт мяркуе, што Менск саступіць у гібрыднай вайне Крамлю, бо «першымі пра падзеі ў свеце і самой Беларусі паведамляюць менавіта расейскія медыі». У выніку, паводле звестак сакавіцкага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), большасць беларусаў трактуюць падзеі ва Украіне так, як пра гэта гаворыцца ў пракрамлёўскіх СМІ.

Раней 60 адсоткаў апытаных НІСЭПД пагадзіліся з тым, што анэксія Крыму Расеяй - «гэта аднаўленне гістарычнай справядлівасці». Дзве траціны ўпэўненыя, што беларусы, расейцы і ўкраінцы - тры галіны аднаго народа. Апошняе цалкам адпавядае ідэалагічным устаноўкам прапагандыстаў «рускага свету». «Так што меркаванне большай часткі насельніцтва знаходзіцца пад моцным інфармацыйным уплывам РФ», - наракае Мельнікаў.

Захоп без адзінага стрэлу

«Пуцінская прапаганда - гэта інфармацыйныя войскі, якія літаральна тэрарызуюць сёння і расейцаў, і грамадзян сумежных дзяржаў», - паказвае журналіст Ігар Якавенка, аўтар праекта «Медиафрения», аналізуе ў сваіх артыкулах, што адбываецца ў расейскіх СМІ пасля Крыма. Як выказаўся Якавенка, войскі крамлёўскіх прапагандыстаў з'яўляюцца «сапраўднымі інфармацыйнымі акупантамі» на агульнай медыйнай беларуска-расейскай прасторы.

«Украіна закрыла сваю тэрыторыю для прапагандысцкіх рэсурсаў РФ і тых, хто іх ўяўляе, бо ёй хапіла акупацыі Крыму», - заявіў DW Якавенка. У Беларусі ж, паводле ягоных слоў, інфармацыйнаму захопу без адзінага стрэлу спрыяюць самі ўлады. Расейскі журналіст мяркуе, што «ў Менску дзейнічаюць таксама калабарацыяністы - зазываюць акупантаў і супрацоўнічаюць з імі ў сферы медыйнай палітыкі, якая з'яўляецца часткай палітыкі агулам».

Праўда, перавагай расейскага кантэнту ў беларускіх СМІ ўсё ж заклапаціўся намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі. «Гэта не павінна не насцярожваць нас з пункту гледжання нацыянальнай культуры, інфармацыйнай бяспекі», - прызнаў ён у эфіры тэлеканала АНТ.

Але «беларускі прапагандысцкі апарат выявіўся не гатовым да выпрацоўкі эфектыўнай пазіцыі ў нейтралізацыі агрэсіўнага прапагандысцкага ўплыву расейскіх СМІ», сцвярджаюць экспэрты варшаўскага Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю (SBIO). У каментары SBIO гаворыцца, што «чыноўнікам вельмі зручна атрымліваць бюджэтнае фінансаванне і карыстацца вырабленым у Расеі медыяпрадуктам».

На думку аналітыкаў, палітычнае кіраўніцтва Беларусі мяркуе, што валодае эфектыўнымі механізмамі кантролю агульнага інфармацыйнага поля нават на выпадак абвастрэння дачыненняў з Масквой. Пры гэтым аб'ёмы дзяржпадтрымкі СМІ ў Расеі і Беларусі несупастаўныя. Пракрамлёўскія медыі ў 2016 годзе павінны атрымаць на свае праекты больш за 1 млрд еўраў, нягледзячы на крызіс і зразанне бюджэту. На гэтым фоне бюджэтнае фінансаванне беларускіх дзяржаўных СМІ, эквівалентнае 45 млн еўраў, - проста кропля ў моры.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках