3 траўня 2024, Пятніца, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Радзе ААН будуць абмяркоўваць пераслед гомельскага праваабаронцы

2
У Радзе ААН будуць абмяркоўваць пераслед гомельскага праваабаронцы
Леанід Судаленка

З дакладам пра пераслед уладамі Леаніда Судаленкі выступіць Міклаш Харашці.

У справаздачы спецдакладчыка ААН аб сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці, якая будзе разглядацца на чэрвеньскай 32-й сесіі Рады ААН у правах чалавека, у якасці прыкладу пераследу беларускіх праваабаронцаў пералічваюцца факты ціску, затрыманняў і правакацый у 2015 годзе ў дачыненні да гомельскага сябра АГП, праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Пра гэта паведамляе сайт «Гомельская Вясна».

Сам Судаленка кажа, што мінулы год быў у ягонай працы мабыць самы цяжкі. У дачыненні да яго і ягонай сям'і паступалі пагрозы аб забойстве, у сувязі з правакацыяй у распаўсюдзе парнаграфіі дома і ў офісе праходзілі ператрусы, яго затрымлівалі на дзяржмяжы, ціснулі праз падаткавікоў, выстаўлялі абвінавачванні ў непадпарадкаванні супрацоўнікам дзяржорганаў.

«У красавіку мінулага года міліцыя правяла ператрусы ў маёй кватэры і ў маім офісе, сканфіскаваўшы пры гэтым шэсць кампутараў паводле падазрэння ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў з майго электроннага адрасу. Следства тады заявіла, што парнаграфія была распаўсюджаная з майго электроннага адраса і з IP- адраса, які належыць маёй праваабарончай арганізацыі», - успамінае Судаленка.

Праваабаронца абараняе ахвяраў парушэнняў правоў чалавека, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, дапамагае ахвярам падаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН у правах чалавека (КПЧ ААН). Ён вядзе ў КПЧ ААН справу асуджанага да смяротнага пакарання, а потым расстралянага жыхара Гомеля Аляксандра Грунова. На просьбу ягонай маці Леанід Судаленка падрыхтаваў шматлікія звароты да беларускіх уладаў паведаміць аб месцы пахавання сына, атрымаўшы адмовы, зноў жа дапамог жанчыне звярнуцца ў КПЧ ААН са скаргай аб ужыванні ў дачыненні да яе жорсткага, бесчалавечнага зняважлівага абыходжання.

«Неўзабаве пасля гэтага на пошту я атрымаў паведамленне з пагрозамі забойства на адрас сваіх дзяцей, невядомы пытаўся ў мяне, ці буду я абараняць у КПЧ ААН забойцу свайго сына? У дзень забойства ў Маскве Барыса Нямцова на свой электронны адрас я атрымаў ад невядомых відэа з месца забойства, якое ўтрымлівала кароткае пытанне - «Як табе відэа?»

24 траўня, пры вяртанні на асабістым аўтамабілі з літоўскай сталіцы (Вільня) у Беларусь на дзяржаўнай мяжы мне зладзілі пільны асабісты ператрус, ператрус багажу і аўтамабіля. У выніку гэтай зневажальнай працэдуры (ад мяне запатрабавалі нават зняць штаны) у мяне канфіскавалі асабісты ноўтбук і некаторыя друкаваныя матэрыялы. Аналагічны выпадак адбыўся і 25 жніўня, калі я вяртаўся з Вільні ў Беларусь цягніком. Ад мяне без тлумачэння прычын запатрабавалі сысці з цягніка, а калі я на знак пратэсту адмовіўся, мяне «выцягнулі» з цягніка з ужываннем фізічнай сілы і ізноў зладзілі прыніжальную працэдуру асабістага ператрусу. Паводле факта адмовы выйсці з цягніка на мяне быў складзены адміністрацыйны пратакол і мяне чакала адпаведнае пакаранне», - прадаўжае ўспамінаць свой пераслед праваабаронца.

Леанід Судаленка таксама кажа, што ў сярэдзіне лета мінулага года ён атрымаў патрабаванне ад падатковай інспекцыі здаць дэкларацыі аб даходах і маёмасці за апошнія 10 гадоў і гэта пры тым, што ў 2012 годзе ўся ягоная сям'я ўключна з сынам, які ў той час служыў у войску , падавалі дэкларацыі за перыяд да 2012 года ўключна. Ягонае патрабаванне патлумачыць сутнасць выстаўленай прэтэнзіі засталося з боку падатковай інспекцыі без адказу. Пададзеная скарга ў суд таксама пакінутая без задавальнення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках