3 траўня 2024, Пятніца, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжысёр Андрэй Курэйчык абвясціў пра здымкі беларускай моладзевай камедыі

2
Рэжысёр Андрэй Курэйчык абвясціў пра здымкі беларускай моладзевай камедыі
Андрэй Курэйчык

Аўтар нашумелага фільма «ГараШ» абвясціў аб запуску новага праекту.

Анансаваная пад працоўнай назвай «Партызанфільм» стужка будзе здымацца ў жніўні, а ў шырокі пракат, як плануюць суаўтары Андрэй Курэйчык і Дзмітрый Фрыга, патрапіць акурат пад Новы год. Журналісты tut.by высветлілі падрабязнасці новага праекта.

- Наша мэта, каб у Менску рытмічна запрацавала сістэма стварэння пракату поўнаметражнага незалежнага беларускага кіно, - распавёў рэжысёр і сцэнарыст новага праекта Андрэй Курэйчык. - Мы сутыкнуліся з вялікай колькасцю цяжкасцяў і набілі шмат гузоў на «ГараШы», але не збіраемся здавацца. «Партызанфільм» - гэта моладзевая эксцэнтрычная камедыя, калі хочаце - гэтакі наш «Хлапечнік у Вегасе». Галоўныя героі - маладыя беларусы: праграміст, бізнэсовец і іх сяброўка. Гісторыя пра тое, як у Беларусі зарабіць грошы. На чым? Ды на кіно! На тым, як у нашай краіне з году ў год робяць вайсковыя фільмы. Здымаць будзем у Менску і Берасці і паспрабуем выйсці ў навагодні пракат, дзе будзем біцца з усімі расейскімі і амерыканскімі каляднымі камедыямі.

- Ведаеце, нам хацелася б паўтарыць подзвіг польскага пракату, - тлумачыць суаўтар стужкі Дзмітрый Фрыга. - Калі ў іх у кінатэатрах стартаваў «Дэдпул», яго зборы занялі не першае месца, як, напрыклад, у нас, а саступілі польскай лірычнай камедыі.

- Для «ГараШа» штуршком да паспяховага пракату стаў розгалас пасля сеансаў на «Лiстападзе», як збіраецеся забяспечваць увагу аўдыторыі «Партызанфільм»?

- Мы і ў гэтым годзе не выключаем «Лістапад», - падкрэсліў Курэйчык, - але баімся, што не паспеем скончыць да лістапада. У такім выпадку зробім стаўку на маркетынг і хвалю поспеху пасля фільма «ГараШ».

Аўтары падкрэслілі, што пачынаюць праект на грошы, якія засталіся пасля паспяховага пракату «ГараШа», і спадзяюцца знайсці спонсараў, якіх зацікавіць ідэя незалежнага беларускага кіно з камерцыйным патэнцыялам.

Як паведамляў раней сайт charter97.org, што прэм'ера фільма «ГараШ» адбылася ў лістападзе 2015 года на ММКФ «Лістапад», пасля чаго ў лютым 2016 года стужка выйшла ў пракат у Менску і некаторых рэгіянальных гарадах. Паводле падлікаў самога Андрэя Курэйчыка, стужка тройчы акупілася ўжо ў першы ўік-энд і сумарна сабрала ў пракаце ў Беларусі больш за 300 мільёнаў рублёў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках