3 траўня 2024, Пятніца, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Някляеў: У РФ павінны зразумець - беларусы не дапусцяць знішчэння дзяржавы

16
Някляеў: У РФ павінны зразумець - беларусы не дапусцяць знішчэння дзяржавы

Трэба мабілізаваць грамадства яшчэ да таго, як бандыцкія атрады пачнуць стварэнне якой-небудзь «народнай рэспублікі».

Лідар руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць!» Уладзімір Някляеў расцэньвае небяспеку сепаратызму як рэальную, піша «Беларуская праўда».

- Што азначае для Беларусі стварэнне «Агульнарасейскага нацыянальнага руху», які дамагаецца «аб'яднання РФ, Украіны і Беларусі»?

- Для Беларусі гэта азначае наўпроставую пагрозу страты нашай дзяржаўнасці і незалежнасці. Палітычная структура заяўляе ў сваім праграмным палітычным дакуменце, што яе мэтай з'яўляецца вяртанне Беларусі ў адзіную расейскую дзяржаву. Пры рэалізацыі гэтых мэт Беларусі проста не стане - яна цалкам адыдзе пад уплыў «расейскага свету».

Не толькі арганізацыя Стралкова мае такія дакументы і праграмы. У СМІ дастаткова праходзіла інфармацыі, што ў Беларусі створаныя рознага кшталту грамадскія арганізацыі, якія фактычна з'яўляюцца антыбеларускімі і фінансуюцца з Расеі.

На сённяшні дзень гэтая пагроза выглядае не патэнцыйнай, а рэальнай. Нашая задача - мабілізаваць грамадства яшчэ да таго, як бандыцкія атрады пачнуць стварэнне якой-небудзь «Віцебскай народнай рэспублікі». Калі камусьці такія асцярогі пададуцца фантастычнымі, паглядзіце на «Луганскую народную рэспубліку», «Данецкую народную рэспубліку», і што там дагэтуль робіцца.

- Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны сказаў, што Расея ўжо прыступіла да рэалізацыі «Данбаскага сцэнару» на ўсходзе Беларусі.

- Відавочна, што заява грунтуецца на рэальных фактах. Зноў жа, менавіта на ўсходзе з'яўляецца процьма філіялаў расейскіх арганізацый, якія прыглядаюцца да сітуацыі. Гэта вельмі сур'ёзная пагроза, на якую трэба гэтак жа сур'ёзна рэагаваць.

- Але ж афіцыйны Менск маўчыць. Не бачыць?

- Не думаю, што беларускі ўрад стварае ў Лукашэнкі бачнасць бяспекі. Але як можа Лукашэнка проста заявіць Крамлю, што ён прыступіў да плана анэксіі, стварае сепаратысцкія арганізацыі, расколвае грамадства? Лукашэнка «не заўважае» усяго, бо ўвесь час называе сябе «найлепшым сябрам Пуціна», а сябар можа пакрыўдзіцца. Беларускі рэжым цалкам залежыць ад Расеі - звязаны па руках і нагах.

Я і ствараў рух за незалежнасць і дзяржаўнасць, ствараў масавы рух. У Расеі павінны зразумець: нічога з іх планаў не выйдзе, беларусы не дапусцяць знішчэння дзяржавы.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках