8 траўня 2024, Серада, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Казлоў: Улады хочуць сцерці памяць пра канцлагер «Дразды»

1

На месцы былога канцлагера «Дразды» пахаваныя парэшткі блізу 10 тысяч чалавек.

Пры святкаванні Дня Перамогі, трэба, перш за ўсё, памятаць, што гэта вялікая трагедыя. Быў такі лозунг: «Ніхто не забыты, нішто не забытае!». Дык вось 10 тысяч ахвяраў вайны забытыя. Іх парэшткі дагэтуль знаходзяцца ў траншэі падчас расстрэлу на месцы канцлагера «Дразды», распавёў кіраўнік Менскай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў у размове са старшынём АГП Анатолем Лябедзькам, апублікаванай на сайце ucpb.org.

Анатоль Лябедзька:

- Мы часта чуем: «Ніхто не забыты, нішто не забытае». Але ці так гэта насамрэч? Пра гэта - у нашай сённяшняй перадачы «Пяць хвілін аб галоўным» разам з Мікалаем Казловым.

Мікалай, вось я бачу, у вас тоўстая тэчка, мы праглядалі яе, гэта гісторыя, якая тычыцца кожнага з нас, гэта гісторыя канцлагера «Дразды». Але калі мы з вамі выйдзем на вуліцу і спытаем людзей, пераважная большасць нічога не зможа распавесці пра гэта. Што ў гэтай папцы?

Мікалай Казлоў:

- У гэтай тэчцы сабраныя матэрыялы гісторыкаў, матэрыялы неабыякавых людзей, перапіска з уладамі аб масавым ваенным пахаванні. Так, сапраўды, у Менску мала хто ведае пра тое, што ў першыя месяцы вайны немцамі быў створаны часовы канцлагер «Дразды».

У канцы вуліцы Новавіленскай за былой птушкафабрыкай імя Крупскай, хто ведае, з правага боку, за гаражамі знаходзіцца вельмі сціплы мемарыяльны знак, камень. На ім напісана, што ў гэтым месцы ў растрэльнай траншэі знаходзяцца парэшткі блізу 10 тысяч нашых грамадзян. З іх 6 тысяч - гэта ваеннапалонныя, і прыкладна 4 тысячы чалавек - гэта жыхары горада Менска і навакольных вёсак. Іх туды зганялі, калі праводзілі рознага кшталту аперацыі, аблавы.

Анатоль Лябедзька:

- Я сам быў нядаўна ў гэтым месцы - гэта ж жудасна! Па траншэі з парэшткамі, межы якой ніяк не пазначаныя, праходзяць дарогі, там ходзяць людзі, ездзяць машыны. Нават той невялікі кавалак зямлі, дзе знак, і той не дагледжаны. Хоць на ім нядаўна з'явілася адна з высокапастаўленых чыноўніц з пэндзлікам і фарбай. Нешта не так у гэтай сітуацыі...

Мікалай Казлоў:

- Так, я бачыў гэты сюжэт па тэлевізіі, дзе яна дэманстравала, што ўдзельнічае. Дарэчы, у гэтым сюжэце яна распавяла, што палова сродкаў ад суботніка сыдзе на добраўпарадкаванне месцаў масавых пахаванняў. І паказалі яе, як яна спрабуе фарбаваць агароджу мемарыяльнага знака. На мой погляд, гэта сітуацыя - толькі для карцінкі. Насамрэч гэтае пахаванне забытае ўладамі. Сам гэты роў, дзе спачываюць парэшткі нашых продкаў, мірных жыхароў і вайскоўцаў, - там размешчанае поле. Ён перарэзаны дарогай, калі глядзець на схемы. Там выроўчваюць пшаніцу - ці што яны там вырошчваюць? - На касцях ахвяраў вайны.

Кажучы пра свята Перамогі, на мой погляд, трэба, перш за ўсё, памятаць, што гэта вялікая трагедыя. І мы не можам святкаваць Дзень Перамогі датуль, пакуль... Раней быў такі лозунг: «Ніхто не забыты, нішто не забытае!». Дык вось у гэтай сітуацыі 10 тысяч ахвяраў вайны забытыя!

Анатоль Лябедзька:

- Добра. Памяць - гэта выдатна. Пра гэта гавораць і чыноўнікі, і Аляксандр Лукашэнка любіць распаўсюдзіцца на гэтую тэму. А вось што канкрэтна будзе рабіць Мікалай Казлоў і ягоная каманда? І што вы можаце зрабіць у сённяшніх варунках?

Мікалай Казлоў:

- Справа ў тым, што Аб'яднаная грамадзянская партыя ўжо доўгі час займаецца гэтым пытаннем. У нас адзін з найстарэйшых сябраў партыі - гэта Раманоўскі Уладзімір Іванавіч, ён вельмі балюча рэагуе на гэтую праблему. Тут у тэчцы, дарэчы, ёсць і ягоная перапіска, значная частка. Нашы патрабаванні - і мы будзем дамагацца, будзем збіраць подпісы, будзем інфармаваць насельніцтва пра гэта - і патрабаваць, каб вось гэтае пахаванне перавялі з трэцяй катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў у другую, каб з такога, па сутнасці, безнагляднага пахавання яно сапраўды ператварылася ў такое месца, куды маглі б прыйсці людзі пакланіцца. Менчукі, магчыма, якія ў гады вайны страцілі сваіх блізкіх і не ведаюць, дзе яны. З вялікай доляй імавернасці яны спачываюць як раз у гэтым рове.

Анатоль Лябедзька:

- Скажыце, Мікалай, вось 9 траўня асабіста вы куды з кветкамі прыйдзеце? Да стэлы ў цэнтры Менска, куды прыходзяць ці куды зганяюць многіх людзей, ці ўсё ж такі ў «Дразды»?

Мікалай Казлоў:

- Я, безумоўна, прыйду ў «Дразды». Для мяне больш важная памяць аб загінулых, чым свята, якое ладзяць нашы ўлады.

Анатоль Лябедзька:

- Ніхто не забыты, нішто не забытае. Так кажуць, так мы чуем. Але толькі праз рэальныя справы мы можам сапраўды змяніць сітуацыю, каб мы памяталі не толькі пра вядомыя месцы, але і пра тых, дзе пахаваныя на сёння тысячы і тысячы людзей. Былы канцлагер «Дразды» - месца масавага пахавання тысяч і тысяч людзей - гэта тое месца, куды павінны прыходзіць не толькі менчукі з кветкамі і не толькі 9 траўня.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках