5 траўня 2024, Нядзеля, 0:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інваліды-вазочнікі: Улады пазбаўляюць нас нармальнага жыцця ў грамадстве

2
Інваліды-вазочнікі: Улады пазбаўляюць нас нармальнага жыцця ў грамадстве
Фота: БелаПАН

За лічбамі статыстыкі чыноўнікі не бачаць рэальных людзей і іх праблем.

Інваліды-вазочнікі (правялі 5 траўня ў Менску мітынг у падтрымку міжнароднага руху інвалідаў Еўропы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі.

Вазочнікі ўжо збіраліся на падобны мітынг у 2012 годзе. На пытанне, ці былі развязаны праблемы, пра якія гаварылася ў прынятым на мітынгу звароце да Лукашэнкі, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў (РАІК) Яўген Шаўко адказаў, што прынцыпова нічога не змянілася, піша naviny.by.

«Так, мы сталі есці і апранацца лепш, але ў нашай клетцы з'яўляюцца новыя дубчыкі ў выглядзе абмежаванняў магчымасцяў людзей з інваліднасцю. Улады спрабуюць навязаць нам стасункі, пры якіх намі трэба апекавацца, абслугоўваць. Тым самым дзяржава пазбаўляецца ўдзелу людзей з інваліднасцю ў жыцці грамадства», - сказаў Яўген Шаўко.

Не ўсе праблемы развязаюць толькі грошы

Праблема безбар'ернага асяроддзя - адна з галоўных у чарадзе пытанняў, якія датычацца парушэння канстытуцыйных правоў і гарантый беларускіх інвалідаў-вазочнікаў, адзначыў Шаўко.

«Часам мы чуем: было б болей грошай, усе праблемы інвалідаў вырашыліся бы, - сказаў старшыня РАІК. - Для таго каб палепшыць сітуацыю, не заўсёды патрэбныя значныя сродкі. Ёсць праблемы, развязанне якіх залежыць не ад грошай, а ад жадання органаў улады іх развязваць».

Ён прывёў у прыклад сітуацыю з парковачнымі месцамі для інвалідаў, якія не заўсёды вольныя, і праблему з развязанням пытання пра тое, каб інваліды-калясачнікі праходзілі дзяржаўную мяжу без чаргі.

Начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец, які прысутнічаў на мітынгу, адказаў, што «многія пытанні вырашае толькі чалавечы фактар».

«Пытанне пра тое, што здаровыя людзі займаюць месцы, пазначаныя для інвалідаў, гэта пытанне не ўлады, а культуры людзей», - сказаў ён.

З чыноўніцкага пункту гледжання (гэта калі за лічбамі статыстыкі не бачаць рэальных людзей), праблема стварэння безбар'ернага асяроддзя развязваецца проста ўдарнымі тэмпамі.

«З 2011 да 2015 год у рамках праграмы ў стварэнні безбар'ернага асяроддзя работы былі выкананы звыш плана. Замест 5 тысяч мы абсталявалі 9 тысяч аб'ектаў», - адзначыў Ражанец.

Толькі ў Менску ў гэты перыяд на стварэнне даступнага асяроддзя было затрачана больш за 70 млрд рублёў, створана 2107 аб'ектаў безбар'ернага асяроддзя, у тым ліку ў метрапалітэне, падкрэсліла галоўная спецыялістка аддзела ў рабоце з ветэранамі, інвалідамі і пажылымі людзьмі ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкама Ганна Грамовіч.

На пераабсталяванне станцый менскі метрапалітэн у 2015 годзе выдаткаваў больш за 3 млрд рублёў уласных сродкаў. На 23 станцыях метро абсталяваны пад'ёмныя платформы, пандусы, на 9 станцыях - ліфты. У планах кіраўніцтва метрапалітэна - абсталяваць станцыі моўнымі інфарматарамі і дадатковымі пад'ёмнымі платформамі.

Тым не менш, у прынятым на мітынгу новым звароце да прэзідэнта адзначаецца, што асноўныя канстытуцыйныя правы і гарантыі беларускіх інвалідаў-вазочнікаў або «выконваюцца часткова з грубымі парушэннямі, ці ўвогуле недаступныя».

Між тым, нагадваюць аўтары звароту, 28 верасня 2015 года Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах інвалідаў, згодна з якой павінна стварыць умовы і канкрэтныя механізмы для фармавання ў краіне інклюзіўнага грамадства.

Пачнём з нуля?

Таксама 5 траўня ў Менску прайшла прэзентацыя Нулявой справаздачы аб выкананні ў Беларусі правоў людзей з інваліднасцю, асноўная выснова якой заключаецца ў тым, што сітуацыя застаецца нездавальняючай.

Падрыхтоўку справаздачы ініцыяваў Офіс правоў людзей з інваліднасцю. Каардынатар праваабарончай арганізацыі Сяргей Драздоўскі растлумачыў, што ў найбліжэйшы час чакаецца ратыфікацыя Канвенцыі аб правах інвалідаў, пасля чаго Беларусь будзе абавязаная рыхтаваць рэгулярныя пісьмовыя справаздачы аб выкананні нормаў міжнароднага дакумента.

«Нулявая справаздача, - сказаў Сяргей Драздоўскі, - гэта альтэрнатыўнае даследаванне спецыялістаў васьмі грамадскіх арганізацый аб сітуацыі з правамі людзей з інваліднасцю. Дакумент стане «нулявым узроўнем» для ацэнкі прагрэсу».

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый звярнулі ўвагу на тое, што на прэзентацыю нулявой справаздачы не прыйшоў ніводны чыноўнік, хаця запрашэнні прадстаўнікам органаў улады былі адпраўленыя.

Яшчэ адзін паказальны факт - чатыры месяцы таму была створана рабочая група ў імплементацыі прынцыпаў Канвенцыі аб правах інвалідаў, куды ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў і грамадскіх арганізацый, але група яшчэ ні разу не збіралася.

Сярод праблем, адзначаных у нулявой справаздачы, Сяргей Драздоўскі вылучыў адсутнасць у Беларусі антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў дачыненні да асобаў з інваліднасцю і інстытута ўпаўнаважанага ў правах чалавека (амбудсмэна).

У справаздачы адзначаецца парушэнне правоў людзей з інваліднасцю на даступнасць праз неразвітасць безбар'ернага асяроддзя. У тым ліку звяртаецца ўвага на наяўную тэндэнцыю, калі ў строй уводзяцца новыя аб'екты, якія маюць неадпаведнасці паводле нормаў даступнасці, хоць патрабаванні заканадаўства ў гэтым плане цалкам дастатковыя і адназначныя.

Фактычна гаворка ідзе аб пастаянным парушэнні заканадаўства, кантроль выканання за якім ускладзены на дзяржаву.

Аўтары дакладу мяркуюць, што неабходна больш шырока укараніць падыход, заснаваны на прынцыпе «даступнасці». Ён павінен стаць кіруючым, нароўні з прынцыпам антыдыскрымінацыі падчас ацэнкі якасці законаў і нормаў. Такі падыход, мяркуюць экспэрты, дазволіць прасунуцца ў эфектыўнасці і якасці стварэння безбар'ернага асяроддзя.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках