5 траўня 2024, Нядзеля, 7:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежнага журналіста хочуць незаконна «абуць у боты»

2
Незалежнага журналіста хочуць незаконна «абуць у боты»
Аляксандр Буракоў

Магілёўскі журналіст Алесь Буракоў заяўляе, што яго хочуць забраць у войска з парушэннем працэдур.

Незалежны журналіст з Магілёва, які пісаў на праваабарончыя тэмы і быў рэдактарам онлайн-часопіса «Moloko», 24-гадовы Аляксандр Буракоў заяўляе, што яго збіраюцца забраць у войска з парушэннем належных працэдур. Хлопец сцвярджае, што лекары дыягнаставалі ў яго сур'ёзную хваробу каленяў, якая раней была падставай для прызнання яго часова нягодным да службы ў войску, паведамляе «Радыё Свабода».

Ці распавядае праўду прызыўнік, высветліць у Магілёўскім ваенкамаце не ўдалося. Кіраўнік прызыўнога аддзела пытанне выслухаў і паклаў трубку.

Са словаў прызыўніка, у яго выяўлены сіндром дысплазіі злучальнай тканіны, другасны рэцыдыўны сінавіт абодвух каленных суставаў. Аляксандр адзначае, што хвароба прагрэсуе:

«На медыцынскай камісіі я дамогся, каб мяне накіравалі на абследаванне ў лякарню да рэўматалогіі, каб тыя паставілі дыягназ. То бок, не я прыдумаў сабе хваробу, а дыягназ паставілі падчас абследавання па лініі ваенкамата. Ваенкамат не адмаўляе, што ў мяне ёсць хвароба, але трактуе яе паводле іншага артыкула апісання хвароб», - распавядае Аляксандр Буракоў.

«Мяне прызналі абмежавана прыдатным да вайсковай службы. У войска мяне забяруць, але я нібыта там не буду выконваць фізічных практыкаванняў, нагрузак. Але як такое можа быць? Для мяне гэта дзіўна! Я не згодны з такой пазіцыяй, але вельмі цяжка спрачацца з медыцынскай камісіяй. Яна паводзіць сябе так, што нібыта ўсё ведае. Медыкі ж, у якіх я кансультаваўся, заяўлялі, што мая хвароба павінна стаць падставай для прызнання мяне непрыдатным да службы ў мірны час. Яны вельмі дзівіліся, што мяне прызналі годным да войска», - адзначае незалежны журналіст.

У катэгорыю прызыўнікоў, часова непрыдатных да вайсковай службы, кажа Аляксандр, яго ўключылі, каб паназіраць, як будзе развівацца хвароба.

Прызыўнік сцвярджае, што ў красавіку ў ваенкамаце наважылі, што ён прыдатны да тэрміновай вайсковай службы. Паводле ягоных звестках, пасяджэння прызыўной камісіі, якая павінна была прымаць такія пастановы, не было. Акрамя таго, у выдадзеным заключэнні не было подпісу спецыяліста, які дае рэкамендацыі аб стане здароўя прызыўнікоў. Тое, што не было пасяджэння камісіі і няма подпісу лекара ў пастанове, - гэта парушэнне закона, намагае прызыўнік. Таму ён паскардзіўся ў пракуратуру Магілёва.

«Не выключаю, што падставай для прызыву ў войска маглі стаць і палітычныя прычыны. Я супрацоўнічаю з магілёўскімі праваабаронцамі. Раней мной цікавіліся супрацоўнікі КДБ. Як пачалася цяперашняя прызыўная кампанія, я ведаю, што дырэктару лялечнага тэатра, у якім я цяпер працую, тэлефанавалі нейкія людзі і казалі, што абавязкова мяне ў гэтым годзе забяруць у войска», - дадае Аляксандр.

Служыць ён не супраць, але пры ўмове, што яго забяруць у войска законна. Але і ў гэтым выпадку ён адмаўляецца прымаць прысягу.

«Я не ўважаю нашага галоўнага камандзіра і прэзідэнта за легітымнага пасля рэферэндумаў і прэзідэнцкіх выбараў, вынікі якіх не прызнаныя АБСЕ. Зразумела, усе ягоныя загады падначаленым для мяне незаконныя. Калі будзе альтэрнатыўная грамадзянская служба і я буду прыдатны да яе, то гатовы служыць. На гэты момант я перакананы, што ёсць хібы ў працы прызыўной камісіі. Я дамагаюся, каб іх выправілі», - тлумачыць сваю пазіцыю Аляксандр Буракоў.

Сваю нязгоду з магчымым прызывам у войска Аляксандр таксама выказаў у скаргах у Магілёўскія гарадскую і абласную прызыўныя камісіі.

Аляксандру Буракову 24 гады. Ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, выпускнік магістратуры гістарычнага факультэта.

Cінавіт суставаў - запаленне сінавіяльнай (унутранай) абалонкі, якая пакрывае паражніну сустава. Падчас запаленчага працэсу ўтвараецца вадкасць, якая збіраецца ў суставе. Калі пранікае інфекцыя, вадкасць ператвараецца ў гной, і пачынае развівацца гнойны сінавіт. Часцей за ўсё запаленне закранае каленны сустаў, бо ён атрымлівае вялікія нагрузкі.

Для хворых існуюць пэўныя прэпараты, якія падтрымліваюць суставы. Акрамя таго, хворыя павінны быць пад наглядам лекараў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках