5 траўня 2024, Нядзеля, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выпускнікам каледжа не аддаюць дыпломы, пакуль самі сябе не размяркуюць

9
Выпускнікам каледжа не аддаюць дыпломы, пакуль самі сябе не размяркуюць
ФОТА: RMATAF.RU

Дыплом у абмен на самастойна знойдзенае выпускніком месца працы падчас размеркавання - такую незаконную схему прыдумалі ў Менскім архітэктурным каледжы.

«Меркавалі, што дыплом аддадуць. Але на ўручэнні імёны тых, у каго няма размеркавання, проста не назвалі, і ўсё. А працу цяпер знайсці складана. Я ўжо і на курсы запісалася. Шукала, пачынаючы з лютага. Я баялася, каб не размеркавалі на нейкую сумежную спецыяльнасць або рабочай», - распавядае сваю гісторыю «запрыгоньвання» выпускніца архітэктурнага каледжа Любоў.

Дыплом ёй павінны былі аддаць яшчэ ў канцы красавіка, паведамляе «Еўрарадыё». Іншаму выпускніку, Антону, дакумент выдалі, бо размеркаванне ён сабе знайшоў.

«Нам выдалі дыпломы тыдзень таму. Хлопцам было лягчэй. Атрымліваецца, што ты знаходзіш працу, яны табе даюць ліст у каледж. Ты з лістом прыходзіш у аддзел кадраў, тады дапрацоўваеш дыпломную працу і атрымліваеш дыплом», - распавядае Антон.

Працу яму ўдалося знайсці толькі праз знаёмства.

У самім Архітэктурна-будаўнічым каледжы методыку размеркавання абмяркоўваць адмаўляюцца. Дырэктар Іван Шостак называе цяперашняе размеркаванне «праблемным».

- Як у гэтым годзе прайшло размеркаванне?

- Праблемна. Яшчэ не ўсіх размеркавалі.

- А ці праўда, што вы дыпломы аддаяце, толькі калі выпускнік сам сабе працу знаходзіць?

- Чаму сам сабе? Што вы на слове ловіце?!

Пасля гэтага дырэктар кладзе слухаўку і больш да тэлефона не падыходзіць.

Юрысты Міністэрства адукацыі, куды звяртаемся па кансультацыю, адназначна кажуць, што не аддаваць дыплом пакуль выпускнік не знойдзе сабе размеркаванне - незаконна.

Пастанова Саўміна №821 «Аб некаторых пытаннях размеркавання...» абавязвае менавіта ўстановы адукацыі шукаць першае месца працы для сваіх выпускнікоў.

«Размеркаванне, накіраванне на працу выпускнікоў, праводзіцца ўстановай адукацыі або дзяржаўным органам, у падпарадкаваннi якога знаходзiцца ўстанова адукацыі», - гаворыцца ў дакуменце.

А калі чытаць Кодэкс аб адукацыі, то свабодны дыплом даецца выпускніку, «якому месца працы не можа быць дадзенае ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю».

Калі выпускніку не аддаюць дыплом без размеркавання, то ён можа напісаць заяву на імя рэктара або дырэктара са спасылкай на 821-ю пастанову Саўміна і на Кодэкс аб адукацыі і папрасіць свабодны дыплом. Альбо спаслацца на тое, што тэрміны размеркавання прайшлі, і таксама папрасіць вярнуць дакументы.

Але рызыка, што каледж ці ВНУ ўсё ж знойдзе не найлепшае месца ў глыбінцы для такога выпускніка, застаецца.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках