5 траўня 2024, Нядзеля, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва крочыць да энэргетычнай незалежнасці ад Расеі

1
Літва крочыць да энэргетычнай незалежнасці ад Расеі
Пётр Мацянжэк
Фота: telewizjarepublika.pl

Літва прыкладае масу намаганняў для таго, каб дамагчыся поўнай незалежнасці ў галіне энэргетыкі ад Расеі.

Чаго ўдалося дамагчыся і што трэба зрабіць Літве, каб сысці са сферы ўплыву Расеі, карэспандэнту charter97.org у Вільні падчас канферэнцыі, прысвечанай пытанням бяспекі, распавёў Пётр Мацянжэк, галоўны рэдактар парталу Energetyka24.com і выпускаючы рэдактар defence24.pl.

- Літве ўдалося дабіцца энэргетычнай незалежнасці ад Расеі?

- Несумненна, Літва рухаецца ў правільным кірунку. У снежні пачалі дзейнічаць злучэнні са Швэцыяй і Польшчай, дзякуючы чаму ўдалося забяспечыць дыверсіфікацыю паставак электраэнэргіі. Дакладней павінна былі б забяспечыць, бо кабель, які злучае Літву і Швэцыю, пераследуюць аварыі. З пачатку даты пуску злучэнняў іх было сем, а кампанія «Литгрид», аператар электрасетак Літвы, у сваім паведамленні наўпрост дала зразумець, што не выключае фізічнага пашкоджання кабеля.

Злучэнне з Польшчай пакуль што выкарыстоўваецца для экспарту энэргіі, якая паступае ў Літву, а не для яе імпарту. Магчыма, сітуацыя зменіцца, калі ў Польшчы будзе дабудаваная электрастанцыя ў Астраленце. Аднак, усё гэта - дыверсіфікацыя, Літве неабходна забяспечыць будаўніцтва сваіх уласных крыніц энэргіі. Найбольш лагічным было б будаўніцтва новай атамнай станцыі ў Вісагінасе, бо я перакананы, што ветраныя электрастанцыі не змогуць забяспечыць сталых паставак энэргіі на патрэбы прамысловасці.

- Што яшчэ трэба было б распачаць Літве, каб спыніць дамінаванне Масквы ў галіне энэргетыкі?

- Думаю, перш за ўсё, неабходна пачаць і давесці да канца будаўніцтва газаправода ў Польшчу, а затым сінхранізаваць сваю энэргасістэму з еўрапейскай.

- Як на літоўска-расейскія стасункі ў галіне энэргетыкі ўплывае беларуская «будоўля стагоддзя» - атамная станцыя ў Астраўцы?

- Паколькі будаўніцтва вядзецца пад эгідай расейскага Расатама, то чыста беларускім гэты праект я б называць не стаў. Расея напэўна жадала б экспартаваць электрычную энэргію з Калінінградскай вобласці і Астравецкай атамнай станцыі ў Літву і Польшчу. Гэта праблематычна, бо і Беларусь, і Расея з'яўляюцца аўтарытарнымі дзяржавамі, што не можа не выклікаць у дэмакратычных краінах боязі. Энэргія гэтак жа сама як і газ можа паслужыць сродкам для палітычнага ціску.

- Літва можа спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы?

- Спыніць, напэўна, не ўдасца, а вось запаволіць? Гэта як раз залежыць ад таго, наколькі працэс будаўніцтва АЭС будзе празрыстым. Пакуль што ён такім не з'яўляецца. Беларускі бок ігнаруе сумневы і патрабаванні Літвы, ухіляецца ад тлумачэнняў. Так быць не павінна!

Літва цалкам вольная не купляць беларускую энэргію, я б не выключыў магчымасці блакавання энэргіі з Беларусі. Такім чынам, можна дамагчыся значнага пагаршэння самаакупнасці беларускага праекта.

- Літве давядзецца выйсці з кола БРЭЛЛ (адзінае энэргетычнае кола, якое аб'ядноўвае Беларусь, Расею, Эстонію, Латвія і Літву - рэд.)

- Думаю што гэта непазбежна, бо Літва з'яўляецца чальцом Еўрапейскага Звязу. Натуральна, што рушаць услед пратэсты з боку Расеі, бо гэта прывядзе да энэргетычнай ізаляцыі Калінінградскай вобласці. Але гэтыя пратэсты будуць беспадстаўнымі. Праз сваю спецыфіку Калінінградская вобласць сама магла б выйсці з БРЭЛЛ і пачаць развівацца, дзякуючы супрацоўніцтву ў галіне энэргетыкі з рэгіёнам. Аднак, Крэмль на гэта не пойдзе. Згодна з крамлёўскай логікай - іншыя павінны прыстасоўвацца да Расеі, а не Расея да іншых. Відавочна, што ў Расейскай Федэрацыі вялікія праблемы ў супрацоўніцтве з суседзямі.

- Нядаўна вы патрапілі ў спіс польскіх журналістаў-русафобаў, складзены расейскай прэсай. Як вы сябе адчуваеце ў гэтай ролі?

- Думаю, што русафобія - гэта чарговая зброя ў інфармацыйнай палітыцы Расеі. Усе тыя, хто сумленна распавядае аб дзеяннях Крамля, раней ці пазней «ганаруюцца» такім кляймом. Мне яго далі праз тое, што я пісаў на эканамічныя тэмы. Ад сапраўднай русафобіі нічога агульнага ў маіх матэрыялах няма.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках