5 траўня 2024, Нядзеля, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадара Літвы паклікалі на будоўлю Астравецкай АЭС

5
Амбасадара Літвы паклікалі на будоўлю Астравецкай АЭС
ФОТА: DPA

Літоўскі дыпламат сустрэўся 6 траўня з намеснікам міністра энэргетыкі Беларусі Вадзімам Закрэўскім.

Кіраўніку літоўскай дыпмісіі дэталёва растлумачылі існасць інцыдэнту, які адбыўся 8 красавіка «пры правядзенні падрыхтоўчых работ на адным з бытавых і дапаможных памяшканняў». Намеснік міністра энэргетыкі Закрэўскі запэўніў суразмоўцу, што ўсе наступствы выяўленага дэфекту зліквідаваныя «ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй», піша БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Мінэнэрга.

Закрэўскі заявіў, што «для беларускай стараны строгае выкананне патрабаванняў бяспекі пры будаўніцтве аб'ектаў атамнай электрастанцыі з'яўляецца безумоўным прыярытэтам». Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь «выступае катэгарычна супраць палітычных спекуляцый на тэму АЭС і ахвочая да публічнага абмеркавання ўсіх цікавых для літоўскай стараны пытанняў у дачыненні да праекта Беларускай АЭС як у дзвюхстароннім фармаце, так і на пляцоўках міжнародных арганізацый».

Чыноўнік адзначыў, што вынікі стрэс-тэстаў будаванай АЭС, якія будуць праведзеныя да канца гэтага года, будуць «апублікаваныя і накіраваныя ў Еўракамісію». Да канца гэтага года Беларусь таксама чакае прыезду місіі SEED (місія МАГАТЭ для ацэнкі пляцоўкі і канструкцыі АЭС з улікам вонкавых уздзеянняў).

Эвалдас Ігнатавічус запрошаны асабіста наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС і азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй.

Некалькімі гадзінамі раней прэс-служба Мінэнэрга пракаментавала матэрыял тэлеканала «Белсат», у якім гаварылася аб тым, што адбылося «падзенне стойкі будаванага ў Астраўцы будынка ядзернага абслугоўвання электрастанцыі». У міністэрстве растлумачылі, што ў публікацыі, «напэўна, ідзе гаворка аб выпадку на будоўлі 8 красавіка 2016 года, калі пры ўкладванні бетону ў адно з перакрыццяў бытавых і дапаможных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне падтрымальных канструкцый ашалёўкі». Гэты выпадак, адзначылі ў Мінэнэрга, разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых работах, «наступствы якога былі зліквідаваныя».

Нагадаем, 5 траўня Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла амбасадару Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз «магчымы інцыдэнт на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі». «Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі рабіць захады, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем тлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, аб іншых магчымых здарэннях, якія здарыліся да гэтага, бо аб гэта пішуць беларускія СМІ», - заявіў журналістам у Вільні міністр замежных спраў краіны Лінас Лінкявічус. 3 траўня літоўскае замежнапалітычнае міністэрства выступіла з заявай, у якой заклікала Беларусь «як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ аб ядзернай бяспецы».

Афіцыйная Вільня неаднаразова падкрэслівала, што Літва не мерыцца купляць электраэнэргію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскай стараны, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежавым кантэксце (Канвенцыя Эспо), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб'ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Беларуская АЭС будуецца ў Гарадзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекту расейскай кампаніі «Атомстройэкспорт». Генеральным праектантам і выканаўцам выступае расейская кампанія ААТ «НІАЭП» - ЗАТ «АСЭ». Станцыя будзе складацца з двух энэргаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны пад 2018 год, другога - пад ліпень 2020 года.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках