29 красавiка 2024, панядзелак, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Піянткоўскі: Масква нічога не выконвае, нават умову аб спыненні агню

2
Піянткоўскі: Масква нічога не выконвае, нават умову аб спыненні агню
АНДРЭЙ ПіЯНТКОЎСКІ
ФОТА: RFE/RL

Украіне не варта ладзіць выбары на Данбасе.

Патрабаванні заходніх хаўруснікаў - прынамсі, Францыі і Нямеччыны - унесці змены ў Канстытуцыю Украіны і правесці выбары на акупаваных тэрыторыях Данбаса Кіеву выконваць не варта.

Такое меркаванне ў каментары выданню "Гордон" выказаў расейскі гісторык і публіцыст Андрэй Піянткоўскі.

"Перш за ўсё гэта пытанне прэстыжу для [канцлеркі Нямеччыны Ангелы] Мэркель і [прэзідэнта Францыі Франсуа] Аланда як міратворцаў. Масква выкарыстоўвае гэтыя амбіцыі, падштурхоўваючы іх да ціску [на Украіну]. Але ні ў якім разе не трэба паддавацца", - падкрэсліў ён .

Піянткоўскі таксама раскрытыкаваў Менскія пагадненні.

"Адзінае, што там добрага, - гэта спыненне агню і лінія размежавання бакоў. Усё астатняе - гэта ненавуковая фантастыка. Масква ніколі не выведзе войскі і мяжу не аддасць, таму вам ламаць сваю дзяржаву дзеля амбіцый Аланда і Мэркель не трэба. Гэта часова акупаваныя тэрыторыі . Усе, кропка. Усё, што там адбываецца, - гэта адказнасць агрэсара і акупацыйных уладаў", - адзначыў ён.

На думку гісторыка, Расея дамагаецца правядзення выбараў на акупаваных тэрыторыях Данбаса, каб "моторылы і ахметавы засядалі там у радах, а потым - і ва ўкраінскім урадзе".

"Пуцін справіўся з Украінай ваенным шляхам, цяпер хоча вось так - упіхнуць гэтую ракавую пухліну ўнутр Украіны. Я думаю, ад гэтага трэба катэгарычна адмаўляцца. Тлумачэнне заходнім хаўруснікам вельмі простае: Масква нічога не выконвае, нават умову аб спыненні агню", - сказаў ён .

Піянткоўскі таксама ўпэўнены, што Кіеву не варта спяшацца з рэінтэграцыяй акупаваных тэрыторый, бо цяпер гэта можа быць небяспечна.

"Украінскае войска можа трымаць абарону на лініі размежавання - далей агрэсар не пройдзе. Уладам Украіны тым часам неабходна змагацца з карупцыяй, будаваць прававую дзяржаву, а што будзе адбывацца там - хай за гэта адказвае Расея. Гэта часова акупаваныя тэрыторыі. Рана ці позна яны вернуцца . А ў такім выглядзе - начыненыя бандытамі, з поўным кантролем Масквы - яны Украіне не патрэбныя і вельмі небяспечныя для яе. Вернутыя такім чынам яны стануць на шляху еўрапейскага развіцця Украіны ", - адзначыў ён.

Змяненне Канстытуцыі Украіны да канца 2015 года было адным з узгодненых у Менску ў лютым пунктаў пагаднення ва ўрэгуляванні канфлікту ў краіне, аднак гэтаму павінна папярэднічаць выкананне некалькіх умоў, у тым ліку поўнае спыненне агню, адвод узбраенняў і аднаўленне кантролю над лініяй украінска-расейскай мяжы.

У жніўні 2015 года ўкраінскі парламент прыняў у першым чытанні законапраект аб змене Канстытуцыі, які прадугледжвае "спецыфічны парадак" ажыццяўлення мясцовага самакіравання ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, якія вызначаюцца асобным законам. Пры гэтым украінскія ўлады заяўлялі, што гэты закон не будзе працаваць, "пакуль акупацыйныя расейскія войскі знаходзяцца ва Украіне".

На правядзенні выбараў на акупаванай часткі Данбаса настойваюць еўрапейскія партнёры Украіны. Паводле слоў міністра замежных спраў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера, афіцыйны Кіеў павінен зладзіць галасаванне да ліпеня гэтага года. Ён заклікаў бакі працаваць над законам аб выбарах для Данбаса. У такім ключы выказваўся і французскі міністр замежных спраў Жан-Марк Эро. У той жа час Кіеў настойвае, што выбары на падкантрольных баевікам тэрыторыях павінны адбыцца па ўкраінскіх законах, у іх павінны ўдзельнічаць украінскія партыі, а за галасаваннем павінны сачыць афіцыйныя назіральнікі і журналісты. З гэтымі ўмовамі баевікі не пагаджаюцца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках