4 траўня 2024, Субота, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адміністрацыя Парашэнкі: Расея пагадзілася на ўзброеную місію АБСЕ на Данбасе

8
Адміністрацыя Парашэнкі: Расея пагадзілася на ўзброеную місію АБСЕ на Данбасе

Пры гэтым Крэмль спрабуе адмовіцца ад сваіх слоў і блакуе практычныя мерапрыемствы па ўводу міратворцаў АБСЕ.

Расейскі бок даў згоду на разгортванне ўзброенай паліцэйскай місіі на Данбасе, заяўляюць у адміністрацыі прэзідэнта Украіны.

«Паводле вынікаў перамоваў у «нармандскім фармаце» мы дасягнулі адзінства ў пазіцыях і дамоўленасці аб тым, што мы пачынаем працу ў Вене на ўзроўні сталых прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц «нармандскага фармату» пры АБСЕ, і ў перспектыве - з прыцягненнем усіх краін АБСЕ. Бо нам неабходны будзе кансэнсус усіх дзяржаў-удзельніц Арганізацыі аб разгортванні місіі на Данбасе. На гэта пагадзіўся і расейскі бок», - сказаў намеснік кіраўніка АП Канстанцін Елісееў у эксклюзіўным інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Україна».

Ён адзначыў, што некаторыя крытыкі заяўляюць, што Кіеў выдае жаданае за сапраўднае. «Насамрэч гэта не так, бо я яшчэ раз падкрэсліваю, што ў нас ёсць выразныя запісы ўсіх тэлефонных размоў, якія ўтрымліваюць згоду прэзідэнта Расеі на размяшчэнне менавіта ўзброенай паліцэйскай місіі АБСЭ. Адзінае, што я адзначу, што лідары сапраўды не абмяркоўвалі дэталі, паколькі гэта ўжо павінны рабіць экспэрты і спецыялісты для таго, каб напрацаваць і даць адпаведныя прапановы на зацвярджэнне кіраўнікам краін «нармандскай чацвёркі», - падкрэсліў Елісееў.

Паводле ягоных слоў, падчас апошняй тэлефоннай размовы ў «нармандскім фармаце» 23 траўня ўначы былі дасягнуты пэўныя дамоўленасці, якія, на жаль, не былі рэалізаваныя, бо Расея заблакавала і праігнаравала ўсе запланаваныя ў гэтым кантэксце мерапрыемствы.

«Прынамсі, яны адмовіліся ехаць у Берлін на кансультацыі экспэртаў у «нармандскім фармаце» для абмеркавання палітычнага кампанента і кампанента бяспекі для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Яны былі не гатовыя прадметна абмяркоўваць пытанне аб разгортванні на Данбасе новай узброенай паліцэйскай місіі АБСЕ падчас кансультацый у Вене на ўзроўні сталых прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц «нармандскага фармату» пры АБСЕ», - паведаміў ён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках