4 траўня 2024, Субота, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паміж Менскам і Маладзечнам перастануць ездзіць «Штадлеры»

17
Паміж Менскам і Маладзечнам перастануць ездзіць «Штадлеры»
ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА Беларускай чыгункі

Кіраўніцтва БЧ патлумачыла гэтую пастанову нізкім попытам сярод насельніцтва.

З 2 чэрвеня скасуюць цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа №772 Маладзечна-Менск адпраўленнем са станцыі Маладзечна а 6.37 (штодня), №774 Маладзечна-Менск адпраўленнем са станцыі Маладзечна а 20.27 (па нядзелях), №773 Менск-Маладзечна, адпраўленнем са станцыі Менск а 18.58 (штодня).

Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў БЧ, піша tut.by.

У лістападзе мінулага года швэйцарскія электрычкі з гэтай лініі ўжо здымалі, замяняючы іх простымі электрацягнікамі. Тады, кажуць у БЧ, прычынай быў планавы рамонт. Цяпер «Штадлер» з Менска на Маладзечна і назад сыходзяць з раскладу назусім.

- Маніторынг паказаў, што сярэдняя загрузка гэтага цягніка складала ад 27 да 30%. Таму прынялі пастанову адправіць яго на больш запатрабаваныя кірункі, - патлумачыў намеснік начальніка пасажырскай службы БЧ Сяргей Мацкевіч.

«Штадлер» адправяць на лінію ў Баранавічы, Берасце.

- Дададуць на выходныя дні - на пятніцу, суботу, нядзелю. Там вельмі вялікі попыт. На многіх кірунках «Штадлеры» запатрабаваныя больш: на Берасце, Бабруйск, Жлобін, Оршу, Баранавічы... З Маладзечнам неяк не склалася, - кажа Сяргей Мацкевіч. - Гэты цягнік быў запатрабаваны хіба што па панядзелках. Наогул у кірунку Маладзечна ў нас курсуюць 13 пар цягнікоў міжнародных і міжрэгіянальных ліній і 19 пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа. Гэта значыць, цалкам дастаткова для перавозкі пасажыраў.

Аднак некаторыя пасажыры з нагоды зняцця з лініі «Штадлера» незадаволеныя. Дзмітрый распавядае, што звычайна вяртаўся швэйцарскай электрычкай з родных месцаў у Менск вечарам нядзелі.

- У гэты час электрычка заўсёды была забітая, - кажа Дзмітрый. - Калі звычайная электрычка ідзе амаль дзве гадзіны са сціжмай прыпынкаў, то цягнік бізнэс-класа, хоць і каштуе даражэй, - гадзіну. Ён заўсёды прыходзіў паводле раскладу, а звычайная электрычка можа прыйсці са спазненнем, бо нярэдка прапускае іншыя цягнікі. Зручна было і ў пятніцу а 18-й з «капейкамі» гадзін адразу пасля працы дабірацца да Маладзечна. Вядома, засталіся электрычкі, але гэта не так зручна.

Іншая чытачка, Ксенія, «Штадлерам» дабіралася на выходныя да бацькоў з Менска.

- Гады паўтара таму кошты былі на адным узроўні з маршрутнымі таксоўкамі, апошнім часам іх падвысілі - і пасажыраў стала менш, гэта я заўважыла. Не ведаю, куды цяпер усе пасажыры швэйцарскай электрычкі пойдуць. На вячэрнія маршрутныя таксоўкі квіткі звычайна або раскупленыя (у Маладзечна) або на іх шматметровыя чэргі (у Менску). І гэта пры тым, што на вячэрні «Штадлер» квіткі таксама амаль усе раскупляюць. Іншыя ж цягнікі - гэта далёка не «Штадлер» з усімі выгодамі: зручнымі сядзеннямі, магчымасцю перавозіць ровар, кандыцыянерамі, акуратнымі прыбіральнямі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках