4 траўня 2024, Субота, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Амкадор» стаў чарговым пыласосам бюджэту

13
«Амкадор» стаў чарговым пыласосам бюджэту
ФОТА: AMKODOR.BY

Прадпрыемства рухаецца траекторыяй «Тытаніка».

Адно з правілаў, якое магло б зэканоміць для бюджэту мільярды даляраў, фармулюецца проста: «Урад не мае права надаваць фінансавую, адміністрацыйную і рэгулятарную падтрымку стратным камерцыйным арганізацыям». Калі б такое правіла мела дзеянне закона, то прыватнае прадпрыемства «Амкадор» не стала б чарговым пыласосам беларускага бюджэту, піша эканаміст Яраслаў Раманчук на liberty-belarus.info.

«Пасля наведвання ЗАТ «Амкадор-Пінск» А. Лукашэнка зноў наважыў надаць яму падтрымку. Лукашэнку далажылі, што прадпрыемствы холдынгу «Амкадор» «працуюць устойліва». Пры гэтым ёсць цяжкасці: курсавыя розніцы, высокія выдаткі на абслугоўванне крэдытаў, якія былі ўзятыя пад новыя праекты. Гэта значыць, тыповая сітуацыя для Беларусі.

Замест таго, каб ліквідаваць крыніцу праблемы для ўсіх камерцыйных арганізацый і людзей, А. Лукашэнка зноў аддае перавагу рабіць індывідуальныя падарункі абраным наменклатурным фаварытам. «Амкадор» папрасіў «усяго» $35-40 млн.

Ёсць вялікія сумневы ў дачыненні да ўстойлівасці работы прадпрыемстваў холдынгу «Амкадор». У 2015 г кіроўная кампанія холдынгу «Амкадор» спрацавала з чыстай стратай на Br217,4 млрд. «Амкадор-Белвар» атрымаў чыстай страты Br32,2 млрд, «Салея-Кобрын» атрымаў чыстых страт Br8,53 млрд, «Амкадор-Дзяржынск» - чыстыя страты Br5,36 млрд, «Амкадор-КЭЗ» - мінус Br3,4 млрд, «Амкадор-Унімод» - мінус Br5,65 млрд.

Паглядзім, якія вынікі мелі структуры холдынгу бізнэс-фаварыта дыктатара ў 2014 г. «Амкадор», як кіроўная кампанія атрымала чыстую страту Br24,1 млрд, «Салея-Кобрын» - мінус Br11,45 млрд, «Амкадор-Белвар» - мінус Br9,1 млрд, «Амкадор-Дзяржынск» - мінус Br2,2 млрд, «Амкадор-Унімод» - мінус Br13,8 млрд і толькі «Амкадор-КЭЗ» атрымаў чысты прыбытак Br9,6 млрд. Толькі ў 2013 г холдынг «Амкадор» атрымаў чысты прыбытак Br28,65 млрд. У 2012 г чысты прыбытак склаў Br50 млрд.

Кіраўнік «Амкадора» А. Шакуцін праўдаю і няпраўдаю, чарамі і містыкай пераканаў А. Лукашэнку, што праблемы «Амкадору» часовыя, што трэба толькі даць яму чарговы набор льгот - і ўсё будзе добра.

«Амкадор» паўтарае памылкі стратэгічнага планавання і кіравання цэментных заводаў, дрэваапрацоўкі, ільнозаводаў, вытворцаў паперы, ровараў і матацыклаў, тэлевізараў і шмат іншага. «Чырвоныя дырэктары» пры дапамозе сваіх наменклатурных дахаў прадаўжаюць «выбіваць» з бюджэту мільярды даляраў - пад абяцанні пашырыць, умацаваць, атрымаць новыя рынкі, зарабіць валюту, стварыць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы. Каб не было лішніх пытанняў, дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы засакрэцілі.

Сёння «Амкадор», як і тысячы іншых камерцыйных арганізацый, рухаюцца траекторыяй «Тытаніка». Льготнымі крэдытамі яго ня выратуеш», - піша Раманчук.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках