3 траўня 2024, Пятніца, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У сацыяльных сетках уводзіцца цэнзура на «мову варожасці»

9
У сацыяльных сетках уводзіцца цэнзура на «мову варожасці»

Еўракамісія і найбуйнейшыя ІТ-кампаніі пачынаюць змагацца з «мовай варожасці» (ці «хейтспіч») у інтэрнэце.

Facebook, Twitter, YouTube і Microsoft падпісаў 31 траўня кодэкс, які абавязвае іх прадухіляць распаўсюд «мовы варожасці». Цяпер кампаніі павінны будуць вучыць супрацоўнікаў адсочваць з'яўленне ў сацыяльных сетках выказванняў, што распальваюць нянавісць, і цягам 24 гадзін выдаляць іх, інфармуе «Еўрарадыё».

Дзяржавы - чальцы Еўразвязу, у сваю чаргу, будуць уводзіць нацыянальныя законы, якія павінны абмяжоўваць ксенафобныя выразы ў сетцы. Папярэдняя ацэнка іх супольнай працы будзе дадзеная напрыканцы 2016 года.

Галоўная рэдактарка mediakritika.by Яніна Мельнікава некаторы час займаецца праблемай «мовы варожасці» ў Беларусі. Яна называе гэтую праблему надзвычай актуальнай:

«Мы ўсе бачым, што ў каментарах пад такімі складанымі тэмамі, як меншасці, некаторыя пласты насельніцтва, складаныя палітычныя пытанні, мова варожасці прысутнічае».

Але, на яе думку, такі крок ІТ-кампаній можа выглядаць не вельмі зразумелым, бо пакуль невідавочна, хто і як будзе вызначаць, што такое «мова варожасці». Яна сустракаецца ў вельмі розных тыпах і можа быць мяккай, завуаляванай, і часам адчуць яе можна толькі з кантэксту. Але бываюць і сапраўды жорсткія паведамленні.

Экспэрт пагаджаецца, што наўпроставыя каментары са словамі нянавісці і агрэсіўныя заклікі трэба выдаляць, але такія крокі ўсё ж наўрад ці ачысцяць сацыяльныя сеткі ад «мовы варожасці».

«Калі будзе татальная забарона і татальны кантроль з выдаленнем, то хутчэй за ўсё заўтра будуць прыдумляцца новыя спосабы абразіць ці націснуць на балючы мазоль».

Са словаў Яніны Мельнікавай, нашмат больш эфектыўна з мовай варожасці дапамагае змагацца развіццё медыяпісьменнасці і сеткавага этыкету, прычым як сярод моладзі, так і сярод дарослых. Калі людзі будуць разумець, як працуюць медыі і сацыяльныя сеткі, як яны ўплываюць на жыццё, гэта дапаможа прасцей змагацца з «мовай варожасці».

Рэдактарка падкрэслівае, што ўтрыманне каментароў і паведамленняў у сацыяльных сетках хутка мігруе афлайн і на вуліцы. Хейтспіч пачынае ўплываць на стасункі ў грамадстве, сям'і. Часам вялікая колькасць каментароў са словамі нянавісці можа ўспрымацца як грамадская думка, і, прачытаўшы іх сёння, заўтра людзі пяройдуць да агрэсіўных дзеянняў. «Мова нянавісці» пачынаецца са спрэчак і жартаў, з таго, што людзі хочуць называць свабодай слова, але паміж свабодай слова і выражэннем такіх экстрэмальных думак ёсць вялікая розніца, і яе трэба адчуваць.

Ці пачнуць такія правілы дзейнічаюць у Беларусі, пакуль невядома. Але Яніна Мельнікава звяртае ўвагу на тое, што ў нашым Крымінальным кодэксе ёсць артыкулы аб паклёпе, аб абразе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Яны таксама могуць быць выкарыстаныя ў барацьбе супраць мовы варожасці.

***

Даведка: Камітэт міністраў Рады Еўропы называе «мовай варожасці» ўсе формы самавыражэння, якія ўключаюць распаўсюджванне, правакаванне, стымуляванне або апраўданне расавай нянавісці, ксенафобіі, антысемітызму або іншых тыпаў нянавісці на падставе нецярпімасці, уключаючы рашучасць у выглядзе агрэсіўнага нацыяналізму ці этнацэнтрызму, дыскрымінацыі або варожасці ў дачыненні да меншасцяў, мігрантаў і асоб з эмігранцкімі каранямі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках