26 красавiка 2024, Пятніца, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вуліцу Цэткін закрываюць: як ездзіць аўто і хадзіць пешаходам?

2

Вуліцу рамантуюць у сувязі з будаўніцтвам новай лініі метрапалітэна.

У ноч з 14 на 15 чэрвеня закрываецца рух транспарту адной з галоўных артэрый горада - вул. К. Цэткін. Прычына - інжынерная падрыхтоўка тэрыторыі для будаўніцтва трэцяй лініі метро. Перакрыюць адрэзак ад вул. Кальварыйскай да пл. Багушэвіча. Прычым рух забараняецца для ўсіх тыпаў транспарту мінімум да канца лета. Дарожная сітуацыя становіцца складанай паводле некалькіх прычынаў: з кругавога скрыжавання пл. Багушэвіча (і без таго загружанага) стане немагчыма павярнуць на вул. Цэткін, павялічыцца нагрузка на перакрыжаванне Няміга - Раманаўская Слабада, у абыход пусцяць і грамадскі транспарт. Увогуле, перакрыюць частку першага кольца, што, безумоўна, створыць коркі, піша onliner.by.

Будучае перакрыццё - самае маштабнае за ўсю сучасную гісторыю горада. Пакінуць без руху частку першага транспартнага кальца - пастанова вельмі, мякка кажучы, адважная з боку ўладаў. Кіраўніцтва горада наважыла панесці каласальныя страты ў руху ва ўгоду будаўніцтву метро. Ці гатовыя аўтааматары - пытанне адкрытае, але ўлады паказваюць, што яны гатовыя да адмоўных пераўтварэнняў у трафіку. Простым кіроўцам давядзецца змірыцца з коркамі і шукаць аб'язныя шляхі. Прывядзём некалькі фактаў, якія дапамогуць не пападаць у заторы.

Прагназаваныя коркі на скрыжаванні ў раёне перакрытага адрэзку

Па-першае, варта разумець, што першае кальцо будзе часткова закрытае. Таму варта скарыстацца іншымі артэрыямі - МКАД і другім кольцам. Лепш проста адмовіцца ад транзіту праз цэнтр. Шлях атрымаецца даўжэйшым, аднак часовыя, экалагічныя страты і нават расход паліва не супастаўныя са стаяннем у корках.

Аб'езд будзе весціся праз вул. Караля і Дразда - гэта ў першую чаргу зроблена для транспарту «Гаррамаўтадара» і іншых арганізацый, якія базуюцца на вул. Цэткін. На гэты перыяд на вул. Караля (на адрэзку ад вул. Цэткін да вул. Дразда) будзе арганізаваны двухбаковы рух. Прыпынак і стаянка на вуліцах Караля і Дразда будзе забароненая. У ДАІ раяць пераставіць аўто да прыезду эвакуатараў. На наш погляд, вул. Караля занадта вузкая, каб прыняць вялікую плынь транспарту.

Дамашэўскі завулак застанецца закрытым для руху, на ўездзе з боку 2-га завулка Розы Люксембург будзе і далей вісець «цэгла».

Грамадскі транспарт, які праходзіў па вул. Цэткін, накіруюць на Раманаўскую Слабаду і Нямігу (якую ўжо паспелі ахрысціць бутэлечным горлам). Гэтыя змены амаль цалкам пацягнуць за сабой заторы - і не толькі ў гадзіны пік.

Будзе забаронены левы паварот з пр. Незалежнасці на вул. Гарадскі Вал для ўсіх тыпаў транспарту. Рух грамадскага транспарту з пр. Незалежнасці будзе весціся праз вуліцу Валадарскага (з арганізацыяй левага павароту). На скрыжаванні праспекта і вул. Валадарскага змогуць праехаць толькі аўтобусы, там застанецца знак «Наўпроставы рух». Рух астатніх транспартных сродкаў з праспекта Незалежнасці ў бок Кальварыйскай будзе арганізаваны праз перакрыжаванні з вул. Леніна і Янкі Купалы.

З Нямігі на Раманаўскую Слабаду нельга будзе паварочваць налева, як пры папярэднім перакрыцці. На гэтым скрыжаванні часова забароняць пешаходам перасякаць праезную частку па зебры ад дома №28. Будзе ўстаноўленая агароджа.

Для павелічэння прапускной здольнасці скрыжавання зялёная стрэлка, якая дазваляе рух направа ў бок пл. Багушэвіча, будзе гарэць даўжэй чым звычайна.

У найбліжэйшыя дні на самой пл. Багушэвіча схему руху не зменяць. Будзе перакрыты толькі з'езд на вул. Цэткін. Калі заторы стануць крытычнымі, цягам двух дзён будуць зробленыя змены. Прыпынак грамадскага транспарту «Музычны тэатр», які размяшчаецца на пр. Дзяржынскага ў кірунку 2-га завулка Р. Люксембург, перанясуць за пл. Багушэвіча, дзе вул. Няміга перасякаецца з вул. К. Лібкнехта і побач размешчаны рэгуляваны пешаходны пераход. Пешаходны пераход на пр. Дзяржынскага ля прыпынку «Музычны тэатр» будзе закрыты.

На вул. Ціміразева дазволяць паварот з дзвюх палос налева, у бок Раманаўскай слабады. З вул. Кальварыйскай можна будзе зрабіць левы паварот (на вул. Ціміразева) таксама з дзвюх палос.

Тых, хто захоча аб'ехаць перакрытую вул. Цэткін па дварах праз вул. Караля і вул. Сухую, папярэджваюць: вул. Сухая перакрытая з раёна станцыі метро «Фрунзенская», а на выездзе на вул. Кальварыйскую чакаецца затор.

Менгарвыканкам абавязаў дырэкцыю «Метробуду» і «Мінскінжпраекта» праводзіць маніторынг сітуацыі з коркамі і прымаць своечасовыя пастановы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках