21 траўня 2024, aўторак, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскіх лёгкаатлетаў не дапусцілі да Алімпіяды-2016

63
Расейскіх лёгкаатлетаў не дапусцілі да Алімпіяды-2016

Такую пастанову прыняла Рада Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF).

Рада Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) пасля пасяджэння ў Вене прыняла пастанову не аднаўляць сяброўства Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ВФЛА), паведамляе «Р-спорт».

Гэта азначае, што расейскія лёгкаатлеты не змогуць узяць удзел у Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.

У галасаванні ўзялі ўдзел 26 з 27 чальцоў рады IAAF, бо генеральны сакратар Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі Міхаіл Бутаў раней адмовіўся ў ёй удзельнічаць.

Пастанова аб удзеле астатняй нацыянальнай каманды Расеі на Алімпіядзе будзе прынятая на пасяджэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Лазане 21 чэрвеня.

За некалькі дзён да галасавання Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (ВАДА) апублікавала справаздачу, у якім расказала аб махінацыях з допінг-пробамі і зрыве 736 допінг-праверак у расейскіх спартоўцаў у 2016 годзе.

Расейскую нацыянальную каманду папярэдне адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе ў траўні, пасля таго як экс-кіраўнік маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгор Родчанкаў у інтэрв'ю The New York Times распавёў пра тое, што асабіста рыхтаваў «допінгавы кактэйль» для траіх расейцаў-алімпійцаў.

У пачатку чэрвеня ён з'явіўся ў фільме нямецкага тэлеканала ARD, у якім паведаміў, што ў допінгу расейскіх лёгкаатлетаў удзельнічалі кіраўнік Мінспорту РФ Віталь Мутко, ягоная дарадца Наталля Жаланава і іншыя спартовыя функцыянеры.

Раней прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах заявіў, што расейскай нацыянальнай камандзе пагражае адхіленне ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра, калі інфармацыя аб тым, што ў краіне існуе «арганізаваная і ўсёабдымная сістэма допінгу», пацвердзіцца. Тады Мутко дапусціў «найгоршы сцэнар», пры якім нацыянальная каманда прапусціць спаборніцтвы, аднак адхіліў абвінавачванні ў сістэматычным ужыванні допінгу ў Расеі.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках