6 траўня 2024, панядзелак, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алексіевіч пра «хурал»: Чарговы калгасны сход, на якім усё вызначыць старшыня

8

Пісьменніца Святлана Алексіевіч распавяла пра творчасць і палітыку.

20 чэрвеня ў менскім Доме дружбы джаз-бэнд аркестра ВПС ЗША ў Еўропе выступіў для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ваякаў-інтэрнацыяналістаў і ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Канцэрт наведала пісьменніца Святлана Алексіевіч, піша tut.by.

- Якую музыку Вы любіце слухаць?

- Ёсць беларускі выканаўца [Іван] Кірчук (кампазітар, фалькларыст, лідар этна-трыа «Троіца» - рэд.). Ён мне вельмі падабаецца. У астатнім мне больш падабаецца нейкая новая музыка: Губайдуліна, Шнітке. Я мяркую, што цяпер час, калі трэба выскокваць у нейкую іншую прастору і ў літаратуры, і ў музыцы. І мне цікава, як шукаюць [іншыя].

- Вас не гняце статус нацыянальнага сімвала?

- Не, я так не думаю. Можа быць, я яшчэ не прывыкла да прэміі. Яна асобна, я асобна. Я ўсё адно, мне здаецца, ні макулінкі не змянілася. Мае погляды і мой светапогляд не змяніліся. Адзінае, жыццё стала больш напружанае.

- Вам даводзіцца цяпер шмат ездзіць. Гэта напружвае?

- Нават занадта, бо я ніяк не магу дапяць да пісьмовага стала. Нягледзячы на тое, што я ўвесь час публічны чалавек, я не люблю ў сабе публічнасць, стамляюся ад гэтага. Але паводле правілаў нельга ўзяць медаль або, як вы кажаце, узяць мільён і сысці, сказаць: «Мне нічога не рупіць». Гэта не сумленна.

- Як прасоўваецца праца над новай кнігай?

- Павольна. Але я спадзяюся, што ў кастрычніку знойдуць новага героя. Будзе новы лаўрэат [Нобэлевай прэміі ў літаратуры], і тады ўжо...

- Вас зачапіла вірлівая рэакцыя ў сацыяльных сетках на куплю Вамі кватэры?

- Я не магу сказаць, што яна мяне так ужо зачапіла. У маім жыцці шмат чаго было. Я ўсё нібы адхіляю на адлегласці, каб падумаць пра гэта як пра праблему. Рэч не толькі ўва мне. Гэта наогул стаўленне да чалавека, які трошкі ўзняўся. Гэта праблема такога, увогуле, небагатага грамадства. Увогуле несправядлівая праблема. Чамусьці нікога не бянтэжыць замак, у якім жыве Галкін з Пугачовай. Гэта ўсё наогул мільёны каштуе. А вось у мяне чамусьці так, хоць я проста купіла кватэру ў тым жа доме, толькі большую, бо я звыкла да віду, гэта вельмі прыгожы від. Я думаю, што людзі потым зразумеюць, што нічога ў гэтым няма, што чалавек, які зарабіў, можа сабе дазволіць, што ён хоча.

- Можа быць, чырвонай анучай стаў не столькі факт куплі кватэры, колькі прозвішча Чыжа?

- Рэч у тым, што гэта не дом Чыжа, гэта такая назва. Я купіла ва ўласніка, да Чыжа гэта не мае ніякага дачынення. Там, па-мойму, 20 кватэр Чыжа, цяпер яны арыштаваныя. Астатнія - гэта людзі рабілі ўнёскі і будавалі за свае грошы. Проста гэта ішло праз арганізацыю Чыжа. І кватэра ў мяне не такая вялікая.

- Калі б Вам давялося выбіраць, каму з беларусаў уручыць Нобэлеву прэмію, каму б Вы яе ўручылі?

- Я б уручыла яе, вядома, [Алесю] Адамовічу (беларускі пісьменнік, адзін з аўтараў аповесці «Я з вогненнай вёскі», грунтаванай на дакументальным матэрыяле - рэд.). З жывых я не ведаю, а вось Адамовічу, Быкаву - так. Не хочацца нікога пакрыўдзіць, але гэта былі вельмі магутныя постаці для нашай культуры. Калі б Адамовіч у свой час стаў, як Вацлаў Гавел, лідарам нацыі, мы б мелі б іншую нацыю ды іншы час на дварэ.

- Як Вы мяркуеце, беларусам будзе лёгка знайсці нацыянальную ідэю?

- Нацыянальная ідэя ёсць, навошта яе шукаць. Мы ў 20-х гадах ужо знайшлі. Іншая рэч, што мы запозненая нацыя, мы ніяк не можам гэта зрабіць рэчаіснасцю.

- Як Вы ставіцеся да Усебеларускага народнага сходу?

- Усе гэтыя форумы нагадваюць мне нейкія калгасныя сходы. Як заўсёды, нехта ў прэзідыюме нешта пастанавіў, астатнія людзі машынальна ўзнімаюць рукі. Наша грамадства спіць, яно павінна зрушыцца. Мне распавядалі, як у Пухавіцкім раёне рыхтуюцца да выбараў. Даслоўна супраць усіх паралельных дэпутатаў нейкія правакацыі прыдумляюць. Там ёсць такая Наталля. Яна хацела вылучыцца. Яе звольнілі за тое, што яна ў БНФ, і нават не дазволілі прыбіральшчыцай працаваць. Усе дапамагалі ёй трошкі грашыма, і я ў тым ліку, бо ў яе дачка вучылася, было складана. Пра якую нацыянальную ідэю ідзе гаворка? Гэта проста чарговы калгасны сход, на якім усё вызначыць старшыня.

- На прэзэнтацыі кнігі «Час сэканд хэнд» у ЗША Вас пыталіся, ці ўважаеце Вы сябе за палітычную постаць.

- Я не хачу быць палітыкам. Я хачу быць пісьменніцай, але ў нас такое жыццё, што цяжка быць толькі пісьменніцай. Даводзіцца нейкім чынам браць удзел у палітыцы. Але я не меруся стаць чыстым палітыкам.

- Як можа выявіцца Ваш удзел у палітычным жыцці? Вы падтрымаеце каго-небудзь з кандыдатаў?

- Можа быць, і так. Тое, што я магу сказаць, што я думаю пра нейкія падзеі - гэта таксама ўдзел. Я нават не ведаю, ці можна назваць гэта палітыкай. [Удзел] у грамадскім жыцці, хіба што. Але мы, як заўсёды, на барыкадзе, усё зблытанае.

- Для Вас не дзіўная сітуацыя, што творчы чалавек, у тым ліку літаратар, у Беларусі можа ўсё жыццё працаваць і пры гэтым не мець нічога або мець вельмі мала?

- І я так, уласна, жыла нейкі час. Вядома, гэта ненармальная сітуацыя, але пісьменнікі ва ўсім свеце няшмат бяруць. Толькі некаторыя, якім выпадае праткнуцца ў лідары, маюць незалежнасць. Не магу назваць гэта «грошы», бо грошы для мяне - гэта незалежнасць. Ва ўсім свеце патрэбныя вялікія наклады і вельмі вялікі поспех, каб ты мог жыць толькі за кошт літаратуры.

- У адным з інтэрв'ю Вы казалі, што калі знойдзецца таленавіты малады літаратар, Вы не супраць дапамагчы яму грашыма. Можа быць, кандыдаты ўжо ёсць?

- Я сказала, што не буду раздаваць грошы, а адкрыем з верасня інтэлектуальны клуб. Адкрые яго [расейская паэтка, празаік, перакладчыца, філолаг і этнограф] Вольга Седакова. Я думаю, што гэта самая вялікая інтэлектуалка сёння ў Расеі. Я буду запрашаць [такіх людзей], каб мне самой было цікава. А што да маладых літаратараў, я дапамагаю некалькім маладым хлопцам. Па некалькі гадоў, пакуль яны напішуць свае раманы. Але я не буду называць іхнія прозвішчы. Я не магу ўсім дапамагчы, але я спадзяюся, што гэтым дзецям дапамагу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках