У Малдове ўводзяць усенародныя выбары прэзідэнта
2- 24.06.2016, 9:12
- 12,923
Кіраўніка дзяржавы будуць абіраць усе грамадзяне краіны, а не толькі дэпутаты.
Парламент Малдовы ў чацвер, 23 чэрвеня, прыняў у апошнім чытанні папраўкі ў Кодэкс аб выбарах, змяніўшы парадак выбараў прэзідэнта. Цяпер за кандыдатуру кіраўніка дзяржавы будуць галасаваць усе грамадзяне краіны, а не толькі дэпутаты парламента, як гэта было дагэтуль, паведамляе Немецкая волна.
За ўнясенне паправак выступілі 55 дэпутатаў з 101. Апазіцыйныя сацыялісты не бралі ўдзелу ў галасаванні.
Згодна з прынятымі папраўкамі, вылучаць сваю кандыдатуру на гэты пост зможа чалавек, які дасягнуў 40-гадовага ўзросту, які пражывае ў Малдове цягам апошніх 10 гадоў і які валодае дзяржаўнай мовай.
У бюлетэнь будзе ўключана мінімальная інфармацыя пра кандыдатаў: іх імя, прозвішча і палітычная прыналежнасць. Раней указваліся таксама род заняткаў і месца працы. Пры гэтым цяпер пераможца электаральнай гонкі абавязаны будзе адмовіцца ад сяброўства ў партыі. Згодна з новымі правіламі, выбары павінны будуць праходзіць за 30 дзён да заканчэння тэрміну мандату дзейнага прэзідэнта. Першыя ўсеагульныя выбары кіраўніка дзяржавы адбудуцца 30 кастрычніка.
Тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта Мікалая Цімофці, абранага ў 2012 годзе, скончыўся 16 сакавіка гэтага года.
Улічваючы рэкамендацыі Венецыянскай камісіі, дэпутаты прызначылі тэрмін выбарчай кампаніі - адзін месяц. Яна стартуе адначасова для ўсіх кандыдатаў. Да пачатку перадвыбарнай барацьбы кожны кандыдат павінен за месяц сабраць ад 15 да 25 тысяч подпісаў выбарцаў.