27 красавiка 2024, Субота, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі пратэстуюць супраць будаўніцтва «Віталюра» на зялёнай зоне

8
Менчукі пратэстуюць супраць будаўніцтва «Віталюра» на зялёнай зоне
ФОТА: BELTA.BY

Жыхары дома на вуліцы Захарава, 77, у Менску пратэстуюць супраць будаўніцтва гандлёва-прамысловага аб'екта "Віталюр" на зялёнай зоне пад іх вокнамі.

Як паведаміла БелаПАН сябра ініцыятыўнай групы жыхароў Алена Адамчук, канфлікт жыхароў з забудоўшчыкам - ТДА "Віталюр" і мясцовымі ўладамі доўжыцца ўжо другі год. У 2013 годзе для ТДА "Віталюр" з аўкцыёну быў выдадзены надзел на скрыжаванні вуліц Захарава і Андрэеўскай. Характэрна, што ў аўкцыёне ўдзельнічала толькі гэтае прадпрыемства.

"Мы атрымалі ўжо некалькі тэчак адказаў з розных інстанцый на нашы звароты аб адкліканні дазволу на будаўніцтва, але скрозь гэты мур немагчыма праткнуцца. Нягледзячы на нашы пратэсты, цяпер пачынаецца незаконнае будаўніцтва, якое не адпавядае ні горадабудаўнічаму плану, ні меж выдадзенага надзелу (ён павялічаны на 3,3 соткі). Замест гандлёвага аб'екта, як прадугледжваў першапачатковы праект, плануецца пабудаваць гандлёва-прамысловы з перапрацоўчым мясным цэхам вытворчай магутнасцю да 300 кг/дзень", - распавяла актывістка.

"Але жыхароў так і не азнаёмілі з новым праектам, у які і ўвайшоў перапрацоўчы цэх", - падкрэсліла яна. Са слоў Адамчук, аб'ект будуецца за 16,6 мэтра ад шматкватэрнага жылога дома. "Уявіце, што за кандыцыянеры, паветраадвод і халадзільныя ўстаноўкі будуць там стаяць! Першы і другі паверхі дома будуць жыць у гэтым грукаце, тлуме і паху. Яны проста нас забіваюць", - заявіла актывістка.

Жыхары дома мяркуюць, што пастанова аб будаўніцтве такога аб'екта ў беспасярэдняй блізкасці ад жылога дома атрыманая ў выніку "карупцыі, калі ўлада зраслася з бізнэсам".

23 чэрвеня адбыўся сход жыхароў з удзелам прадстаўнікоў забудоўшчыка, адміністрацыі Партызанскага раёна, на які сабралася блізу 90 чалавек. Актывісты, са слоў Адамчук, здалелі дамагчыся таго, што да 30 чэрвеня не будзе агароджвацца пляцоўка пад будаўніцтва, а таксама не будзе зрэзаны грунт і выпілоўвацца дрэвы. "Нашы жыхары трымаюць пікеты і не дазваляюць гэта рабіць", - падкрэсліла яна.

Акрамя таго, сход прыняў зварот да ўлад. Жыхары дома патрабуюць скасавання дазволу на будаўніцтва, які ТДА "Віталюр" атрымаў 3 чэрвеня 2016 года, і будуць дамагацца гэтага на ўсіх узроўнях.

"Мы выказваем недавер чыноўнікам адміністрацыі Партызанскага раёна, якія незаконна і таемна сфармавалі гэты надзел з парушэннем заканадаўства і, акрамя таго, з адхіленнямі ад зацверджанага праекта дэталёвага планавання, - гаворыцца ў звароце. - Мы будзем абараняць свае канстытуцыйныя правы, парушаныя супрацьпраўнымі дзеяннямі чыноўнікаў адміністрацыі Партызанскага раёна і Менгарвыканкама, даступнымі нам законнымі метадамі і спосабамі аж да дырэктыўнай перашкоды правядзенню будаўнічых работ. Мы будзем дамагацца стараннага разгляду і расследавання супрацьпраўных дзеянняў і пакарання асоб, якія іх учынілі, паводле законаў Рэспублікі Беларусь".

Зварот адрасаваны адміністрацыі Партызанскага раёна і Адміністрацыі Лукашэнкі, Менгарвыканкаму і Камітэту дзяржкантролю (КДК).

24 чэрвеня адбудзецца сустрэча ініцыятыўнай групы жыхароў з кіраўніком управы КДК Менску, паведаміла Адамчук.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках