3 траўня 2024, Пятніца, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: У пачатку вайны Сталін прапаноўваў Нямеччыне мір у абмен на Балтыю і Украіну

11

Зандаванне гэтага пытання было даручана адмысловай групе НКУС пад кіраўніцтвам Паўла Судаплатава.

Кіраўнік Савецкай дзяржавы Іосіф Сталін быў гатовы ахвяраваць Балтыяй і Украінай для ўстанаўлення міру з фашысцкай Нямеччынай, а ягоны дагматызм і прыхільнасць да надуманых знешнепалітычных схемаў прывялі да трагедыі 1941 года, гаворыцца ў матэрыяле "Новай Газеты", заснаваным на архіўных матэрыялах.

У артыкуле сказана, што Сталін перадаў нямецкаму ўраду прапанову наконт міру, заснаваную на велізарных тэрытарыяльных саступках, а высветліць умовы, на якіх Адольф Гітлер пагадзіўся б спыніць вайну, павінен быў "сакратар генеральнага камісара дзяржбяспекі Лаўрэнція Берыі", кіраўнік асаблівай групы НКУС Павел Судаплатаў.

Пытанні і прапановы для перадачы ў Бэрлін Судаплатаў атрымаў ад Берыі, аднак іхні пералік і сэнс не пакідаюць сумненняў у аўтарстве, адзначаецца ў артыкуле.

«Цалкам вядомы сталінскі стыль з двухразовым паўторам: “Што Нямеччыну задаволіла б, на якіх умовах Нямеччына згодная спыніць вайну, што трэба для спынення вайны», – піша "Новая Газета".

Сталін меркаваў, што яшчэ не позна спыніць вайну, ператварыўшы яе ў абмежаваны інцыдэнт на мяжы, "свайго роду наглядную дэманстрацыю нямецкай сілы для падмацавання тэрытарыяльных патрабаванняў". А сам савецкі правадыр быў згодны на ганебны мір, неабходны для выратавання краіны.

Пры гэтым на падставе дырэктыў Судаплатава пазней Берыю абвінавацілі ў здрадзе радзіме, хоць той упіраў на тое, што выконваў прамое ўказанне правадыра.

У даследаванні гаворыцца, што Сталін верыў, што Гітлер пакіне яго ў спакоі, атрымаўшы адчэпнае. Напярэдадні вайны СССР завербаваў агента пад псеўданімам Ліцэіст, якому ў Крамлі верылі.

Напярэдадні нямецкага ўварвання той паведаміў пра планы Гітлера: "Нямецкі план вайны з Савецкім Саюзам распрацаваны самым дэталёвым чынам. Максімальны тэрмін вайны – шэсць тыдняў. За гэты час Нямеччына авалодала б амаль усёй еўрапейскай часткай СССР, але ўраду ў Свярдлоўску не чапала б. Калі Сталіну пасля гэтага атрымалася б выратаваць сацыялістычны лад у астатняй частцы СССР, то Гітлер гэтаму не перашкаджаў бы".

Аднак пасля вайны высветлілася, што Ліцэіст (латышскі карэспандэнт у Берліне Орэстс Бэрлінкс), які валодаў шырокімі сувязямі ў вярхах Рэйху, быў падвойным агентам, які выконваў наўпростыя ўказанні нямецкага кіраўніцтва.

Ягоныя данясення прымаліся Сталіным за чыстую манету, паколькі ягоныя папярэднія паведамленні, напрыклад пра блізкі захоп Югаславіі Нямеччынай, спраўдзіліся, паколькі "вуснамі Ліцэіста са Сталінам размаўляў Гітлер".

Данясенні Ліцэіста перадаваліся Гітлеру і кіраўніку МЗС Нямеччыны Яўхіму Рыбентропу, а нямецкая дэзынфармацыя, якая перадавалася савецкай дзяржбяспецы, праглядалася і зацвярджалася Гітлерам. Пры гэтым даклады Бэрлінкса накіроўваліся асабіста Сталіну і кіраўніку МЗС СССР Вячаславу Молатаву.

"У Крамлі давяралі Бэрлінксу цалкам. Асабліва зразумелымі былі для Сталіна ягоныя сігналы пра тое, што ваенныя падрыхтоўкі вермахта на савецкай мяжы – усяго толькі спосаб ціску з мэтай дамагчыся пэўных саступак. І на гэты конт хутка прыйдзе нямецкі ультыматум. Сталін яго чакаў", – піша "Новая Газета".

Аднак замест вылучэння ультыматуму Гітлер ударыў першым па СССР.

"Сказаць, што Сталін разгубіўся, – нічога не сказаць. Ён быў расціснуты і маральна зламаны. Выступіць у першы ж дзень перад насельніцтвам не змог, даручыў Молатаву. Адсюль і рыторыка пакрыўджаных – "падступна напалі". Такім чынам, што рабіць? Саступіць і захаваць сваю ўладу хоць бы ў частцы краіны! Прычым чым раней саступіць, тым бліжэй ехаць. Можа, і не давядзецца ў Свярдлоўск, а, ахвяраваўшы заходнімі абласцямі і Прыбалтыкай, атрымаецца і ў Маскве ўседзець. Гітлер прапаноўваў Сталіну прыбрацца за Урал, а Сталін быў гатовы ахвяраваць у асноўным сваімі тэрытарыяльнымі набыткамі 1939 – 1940 гадоў", – гаворыцца ў артыкуле.

У гэтых умовах праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, у чэрвені 1941-га, Судаплатаў сустрэўся з пасланцам Балгарыі ў Маскве Іванам Стаменавым, якому перадаў спіс пытанняў для нямецкага кіраўніцтва.

У 1953 году Судаплатаў напісаў тлумачальную запіску ў Савет міністраў СССР, у якой выклаў сутнасць тых падзей:

"Праз некалькі дзён пасля падступнага нападу фашысцкай Нямеччыны на СССР, прыкладна 25 – 27 чэрвеня 1941 гады, я быў выкліканы ў службовы кабінет былога тады народнага камісара ўнутраных справаў СССР Берыі.

Берыя сказаў мне, што ёсць пастанова савецкага ўраду, згодна з якой неабходна неафіцыйным шляхам высветліць, на якіх умовах Нямеччына пагодзіцца спыніць вайну супраць СССР і прыпыніць наступ нямецка-фашысцкіх войскаў. Берыя патлумачыў мне, што гэтая пастанова савецкага ўраду мае на мэце стварыць умовы, якія дазваляюць савецкаму ўраду зманеўраваць і выйграць час для збірання сілаў. У гэтай сувязі Берыя загадаў мне сустрэцца з балгарскім паслом у СССР Стаменавым, які, паводле звестак НКУС СССР, меў сувязі з немцамі і быў ім добра вядомы...

Берыя загадаў мне паставіць у гутарцы са Стаменавым чатыры пытанні. Пытанні гэтыя Берыя пералічваў, гледзячы ў свой нататнік, і яны зводзіліся да наступнага:

1. Чаму Нямеччына, парушыўшы пакт пра ненапад, пачала вайну супраць СССР?

2. Што Нямеччыну задаволіла б, на якіх умовах Нямеччына згодная спыніць вайну, што трэба для спынення вайны?

3. Ці задаволіць немцаў перадача Нямеччыне такіх савецкіх земляў, як Прыбалтыка, Украіна, Бесарабія, Букавіна, Карэльскі пярэсмык?

4. Калі не, то на якія тэрыторыі Нямеччына дадаткова прэтэндуе?"

Пры гэтым Судаплатаў вёў размову са Стаменавым не ад імя савецкага ўраду, а пытанні агучыў у працэсе гутаркі на тэму пра існую ваенную і палітычную абстаноўку.

"Берыя сказаў, што сэнс маёй размовы са Стаменавым заключаецца ў тым, каб Стаменаў добра запомніў гэтыя чатыры пытанні. Берыя пры гэтым выказаў упэўненасць, што Стаменаў сам давядзе гэтыя пытанні да ведама Нямеччыны…" – напісаў Судаплатаў.

Невядома, ці перадаў Стаменаў інфармацыю ў Берлін. Аднак адказу на пастаўленыя пытанні не паступіла, паколькі Гітлер верыў у сілу нямецкіх войскаў і ў сталінскіх саступках не адчуваў патрэбы. Ён меркаваў, што месца Сталіна не ў Маскве, а за Уралам.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках