27 красавiка 2024, Субота, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У акруговыя камісіі Віцебшчыны ўключаныя ўсяго 4 апазіцыянеры

3
У акруговыя камісіі Віцебшчыны ўключаныя ўсяго 4 апазіцыянеры
Фота: Reuters

У той жа час за «патрэбных людзей» галасавалі адзінагалосна.

У абласную выбарчую камісію ніводны апазіцыянер не патрапіў, хоць сваіх прадстаўнікоў вылучалі і Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», і Партыя БНФ, і праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Рух «За Свабоду», паведамляе ПЦ Вясна.

Колькасць прэтэндэнтаў на тое, каб увайсці ў абласную выбарчую камісію - 21 чалавек. Падчас сумеснага пасяджэння прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама шляхам рэйтынгавага галасавання былі «адсеяныя» прадстаўнікі Руху «За Свабоду» Леанід Гаравы, прадстаўнік Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў, прадстаўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Мікалай Дзямідаў, Тамара Карызна, якую вылучыла грамадскае аб'яднанне БНФ «Адраджэнне», і праваабаронца Павел Левінаў, вылучаны групай грамадзян.

«Рэйтынгавае галасаванне - калі галасуюць за кожнага прэтэндэнта па чарзе, і ў камісію ўключаюць таго, хто набраў большую колькасць галасоў. За «патрэбных людзей» галасавалі адзінагалосна. Падчас фармавання абласной камісіі за мяне прагаласавалі 19 чалавек з 23-х, а падчас фармавання акруговай - ужо 20. Нібыта я здолеў камусьці спадабацца за той час, які прайшоў паміж двума этапамі! Усё выглядала як добра пастаўлены спектакль», - кажа Левінаў, які не трапіў ні ў абласную выбарчую камісію, ні ў камісію Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18.

На працу ў той жа камісіі прэтэндавалі таксама і прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», і Партыі БНФ, і грамадскага аб'яднання «Рух» За Свабоду». Не патрапіў з іх ніводны - як і ў пераважнай большасць іншых акруговых камісій.

У складзе ўсяго 4-х камісій з 14-ці будуць працаваць прадстаўнікі дэмакратычных сіл. У склад камісіі Пастаўскай выбарчай акругі №29 ўключылі Міхаіла Гіля - прэтэндэнта ад праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб'яднання «За свабоду», у склад камісіі Лепельскай выбарчай акругі №23 уключылі Георгія Станкевіча - прадстаўніка таксама рух «За свабоду», у склад Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 уключылі Андрэя Андрэева, які вылучаўся і ад групы грамадзян, і ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», а ў склад Віцебскай-Горкаўскай акругі №17 уключылі Галіну Магучую, прадстаўніцу партыі БНФ.

Аляксей Гаўруцікаў, які каардынаваў вылучэнне прэтэндэнтаў ад руху «За Свабоду», і сам не трапіў у склад Сенненскай акруговай выбарчай камісіі №30, распавядае пра працэс фармавання камісій так:

«Кіраўнікам партый ці грамадскіх аб'яднанняў далі па 3 хвіліны, каб яны ахарактарызавалі для прысутных сваіх прэтэндэнтаў. Ад руху «За Свабоду» па вобласці вылучалася 15 чалавек. Скажыце, што можна паспець сказаць пра кожнага ў 10-15 секунд? Хіба толькі назваць імя. Таму я наважыў расказаць хоць бы аб трох. Але больш-менш падрабязна. Аднаго з іх, Міхаіла Гіля, узялі ў камісію, аднак гэта - не заслуга майго красамоўства. Усё было вырашана загадзя, і таму хутка і гладка, без «сюрпрызаў».

У склад 14 акруговых выбарчых камісій у Віцебскай вобласці былі вылучаны 263 чалавекі. З іх 45 прадстаўнікоў палітычных партый (у тым ліку 8 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 7 - ад Партыі БНФ). Дакументы падалі 13 вылучэнцаў ад працоўных калектываў, яшчэ 89 чалавек вылучылі грамадзяне шляхам падачы заяў. У акруговыя камісіі былі вылучаны 116 прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, прычым ГА «Белая Русь» і БРСМ вылучылі па 14 сваіх сябраў - па адным у кожную з 14 камісій. Найбольшая колькасць прадстаўнікоў вылучыла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі - 32 чалавекі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках