27 красавiка 2024, Субота, 15:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску міліцыя затрымала валанцёрку, якая ратуе бяздомных катоў

30

Актывістку абвінавачваюць у «незаконным адлове жывёлін».

Мянчанка Вольга Богдан вось ужо пяць гадоў дапамагае бяздомным жывёлінам. Толькі за мінулае лета яна выратавала 20 кацянят. Жывёлін бярэ з вуліцы, мые, лечыць і аддае ў добрыя рукі. Цалкам бясплатна.

Але ўчора за сваю дзейнасць валанцёрка трапіла ў міліцыю.

«З аднаго боку, сітуацыя проста смешная. З другога - я нават не ведаю, чаго цяпер чакаць, распавяла Вольга выданню naviny.by. - Учора ўвечары разам з яшчэ адным валанцёрам мы спрабавалі злавіць кацяня ў двары дома па вуліцы Жукоўскага. У мяне і сачок з сабой быў. Нечакана мы пачулі крык мясцовага жыхара, які пачаў нам пагражаць».

Пажылы мужчына, са словах Вольгі, сказаў, што падкормлівае тутэйшых катоў.

«Ён крычаў: «жывадзёры! Не чапайце катоў! А потым спусціўся і пачаў нас штурхаць, - распавядае валанцёрка. - Мы паспрабавалі яму спакойна растлумачыць, што хочам злавіць кацяня, каб выратаваць яго. У мяне ж і пераноска была. Але дзядуля не пераставаў. Маёй сяброўцы ён наогул сказаў: «Ты такая худая! Напэўна, ты ясі катоў!»

Паколькі мясцовы жыхар разышоўся не на жарт, у двары сабралася некалькі чалавек. «Мясцовыя жыхары нас падтрымлівалі, - кажа Вольга Богдан. - Адна жанчына, памятаю, спрабавала растлумачыць гэтаму абуранаму дзядулю, што бяздомных жывёлін шмат, трэба паспрабаваць выратаваць хоць бы гэтае кацяня. Некаторыя нам нават дапамагалі яго злавіць. Але абураны грамадзянін не супакойваўся, таму мы пайшлі ў іншы двор. Там, са словаў мясцовых, таксама былі кацяняты».

Аднак праз некалькі хвілін валанцёры зноў убачылі дзядулю. На гэты раз разам з ім былі два супрацоўнікі міліцыі.

«Я нават паверыць у гэта не магла! - кажа Вольга. - Столькі год я ратую жывёлін і ні разу з такім не сутыкалася. Увогуле, нам сказалі прайсці ў апорны пункт».

Там Вользе задавалі пытанні, як даўно яна ратуе бяздомных катоў, дзе яна працуе і як адбыўся канфлікт на вул. Жукоўскага. У іншым пакоі паралельна распытвалі абуранага жыхара дома.

«Пратакол не складалі, - удакладняе Вольга Богдан. - Але я пацікавілася, чаго мне цяпер чакаць. Супрацоўнік міліцыі сказаў, што дадуць штраф за незаконны адлоў жывёлін».

Прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС Леанід Ушэнін пацвердзіў, што інцыдэнт меў месца, аднак праверка паводле факту звароту грамадзяніна яшчэ не скончаная.

«Паступіў выклік ад жыхара дома па вуліцы Жукоўскага, таму супрацоўнікі выбылі па адрасе, - растлумачыў Ушэнін. - На гэты момант высвятляем абставіны здарэння. Заўчасна казаць аб тым, што грамадзянка будзе аштрафаваная. Ніхто з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ёй гэтага не казаў. Так, такія скаргі да нас паступаюць рэдка, але мы абавязаныя рэагаваць на кожны зварот».

У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэнняў артыкула «незаконны адлоў жывёлін» няма. Ёсць «жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а роўна катаванне жывёл» (арт.15.45). Аднак наўрад ці гэта можна ўжыць да валанцёркі, якая як раз спрабавала выратаваць кацяня.

«Мне хаваць няма чаго, - кажа Вольга. - У інтэрнэце можна паглядзець аб'явы, дзе я аддаю добрым людзям выратаваных жывёлін. Ніколі ў жыцці я не сутыкалася з такімі праблемамі. І вельмі спадзяюся, што гэта проста непаразуменне, што караць мяне ніхто не будзе».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках