1 траўня 2024, Серада, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Оперная дзіва Надзея Кучар выступіць у Вялікім тэатры Беларусі

Оперная дзіва Надзея Кучар выступіць у Вялікім тэатры Беларусі
НАДЗЕЯ Кучар

Уладальніца тытула «Спявак свету» праспявае ў оперы «Царская нявеста» 8 верасня.

У оперы Мікалая Рымскага-Корсакава Надзея выканае партыю Марфы. Менавіта з ёй выканаўца пачынала выступаць на опернай сцэне ў 2007 годзе. Тады яна выконвала партыю Марфы ў оперы «Царская нявеста» ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, паведамляе БелТА.

Беларуска Надзея Кучар перамагла мінулым летам у прэстыжным міжнародным конкурсе оперных спевакоў ВВС у Кардыфе «Спявак свету», стаўшы найлепшай сярод 20 найбольш перспектыўных оперных спевакоў, якіх да гэтага адбіралі з 350 кандыдатаў з усяго свету. На прэстыжным конкурсе артыстка рэпрэзентавала Беларусь.

Надзея нарадзілася 18 траўня 1983 года ў Менску. Яна выпускніца аддзялення музыказнаўства Менскай музычнай вучэльні імя М.І.Глінкі, якую скончыла з адзнакай. Затым прадоўжыла вучобу ў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе ў 2011-м скончыла аддзяленне сольных спеваў. Надзея Кучар - лаўрэатка конкурсу вакалістаў міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» (Беларусь), конкурсаў Бібігуль Тулегенавай (Казахстан), Ірыны Багачовай і «Залатая маска» (Расея), уладальніца Гран-пры і прыза глядацкіх сімпатый міжнароднага конкурсу вакалістаў у Нідэрландах.

Надзея Кучар цяпер з'яўляецца салісткай Пермскага тэатра оперы і балета. У 2009 годзе выступала на сцэне Міхайлаўскага тэатра Санкт-Пецярбурга. Першы сольны канцэрт дала ў 2010 годзе ў Пекінскай канцэртнай зале. Выступае ў тэатрах Еўропы, Чылі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках