11 траўня 2024, Субота, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аптымізаваць штат чыноўнікаў будуць толькі ў менскім аблвыканкаме?

11
Аптымізаваць штат чыноўнікаў будуць толькі ў менскім аблвыканкаме?

Паводле звестак Белстата ў Беларусі амаль 50 тысяч чыноўнікаў.

На пятым "усебеларускім народным сходзе" Аляксандр Лукашэнка заявіў аб патрэбе скарачэння штата чыноўнікаў. Такую задачу дыктатар паставіў кіраўніку Адміністрацыі Лукашэнкі Анатолю Косінцу, старшыню Менскага аблвыканкама Сямёну Шапіру і прэм'ер-міністру краіны Андрэю Кабякову, нагадвае "Еўрарадыё".

"Мне паабяцалі развязаць гэтую задачу, скараціць, хай у выніку эксперыменту, хай на першым этапе ў два разы, дзяржапарат, а грошы ўсе пакінуць для гэтых дзяржаўных службоўцаў. І што вы думаеце, гэтая праблема развязаная сёння? - спытаў Лукашэнка. - Пакладзіце мне на стол гэтыя прапановы - аб скарачэнні дзяржаўнага апарату, я не хачу сказаць у 1,5 - 2 разы (лепш у 2 разы)".

Не прамінула і тыдня, Менаблвыканкам падрыхтаваў прапанову аб аптымізацыі колькасці чыноўнікаў больш чым на 20%.

"Калі мы вывучылі дзейнасць аблвыканкама, дзе сёння працуе 493 чалавекі, то мы знайшлі магчымым скараціць блізу сотні чалавек. Гэтыя прапановы мы выпрацавалі і аддалі ў Адміністрацыю прэзідэнта для наступнага даклада кіраўніку дзяржавы", - сказаў Сямён Шапіра ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале ОНТ.

А як адрэагавалі на заяву Лукашэнкі ў міністэрствах?

Кіраўнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў здзівіўся, маўляў, якія планы скарачэння могуць быць, калі Лукашэнка даручыў гэта толькі некалькі дзён таму. А хуткасць Шапіры - гэта таму, што скарачэнне чыноўнікаў было ініцыяванае ім.

"Натуральна, усе разумеюць, што пэўная аптымізацыя неўнікнёная, - кажа прэс-сакратарка Міністэрства культуры Ілона Немава. - Але дакладных планаў і задач пакуль не ставілася. Нічога дакладнага пра тое, якая ў нас будзе структура, як будзе выглядаць гэтая схема аптымізацыі, пакуль агучыць не можам".

Міністэрства фінансаў з'язджае на тое, што Лукашэнка даваў даручэнне канкрэтным асобам - Кабякову, Шапіру і Косінцу. Маўляў, яны і павінны вызначаць, каго і як скарачаць. Але ў прэс-службе Адміністрацыі Лукашэнкі "не маюць што пракаментаваць на гэты конт". Не ведае аб скарачэнні і прэс-сакратарка Міністэрства юстыцыі Вольга Мурашкоўская:

"Пра гэта вядуцца размовы паўсюль, але я не ведаю, каб да нас прыходзілі нейкія дакладныя загады. Калі яны будуць, то будзем выконваць. А пакуль, на жаль, ніякай інфармацыі вам даць не магу, бо я яе не маю".

Пры гэтым усе міністэрствы разумеюць патрэбу аптымізацыі, але праводзіць яе не вельмі спяшаюцца.

Паводле звестак Белстата ў Беларусі 49 326 дзяржаўных службоўцаў. Амаль 6 тысяч чыноўнікаў працуе ў адміністрацыі Лукашэнкі, столькі ж працуе ў выканаўчай уладзе, у судах - блізу трох тысяч дзяржаўных службоўцаў, парламент абслугоўвае амаль 500 чалавек, а вось у міністэрствах краіны працуе больш як 21 тысяча чалавек. Цікава, што сярод іх толькі 30% - мужчыны.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках