17 траўня 2024, Пятніца, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Informnapalm: Танкі ў расейскіх Клінцах нацэленыя на Беларусь

27
Informnapalm: Танкі ў расейскіх Клінцах нацэленыя на Беларусь
ФОТА: сацсеткі

На гэта ўказвае размяшчэнне стратэгічных шляхоў руху ў месцы дыслакацыі 28-й брыгады РФ.

Аўтар даследаванняў на сайце informnapalm.org Дзяніс Івашын перакананы: нягледзячы на стрыманыя каментары вайсковых экспэртаў, асобная мотастралковая брыгада, якая размяшчаецца ўсцяж расейска-беларускай мяжы і базуецца ў населеным пункце Клінцы, мае на мэце менавіта Беларусь, а не Украіну.

Пра гэта Дзяніс Івашын распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Паведамленне, распаўсюджанае на сайце informnapalm.org, аб размяшчэнні расейскіх танкаў на мяжы з Беларуссю, выклікала шмат водгукаў у СМІ. З чым гэта звязана?

- Гэтая інфармацыя была цалкам нечаканай. Ніхто не мог спрагназаваць, што расейскія ўзброеныя сілы могуць перакінуць свае падраздзяленні непасрэдна да беларускай мяжы. І гаворка ідзе не аб звычайных падраздзяленнях, а пра 28-ю асобную мотастралковую брыгаду з Екацярынбурга, якая мае значны баявы досвед, здабыты падчас вайсковай агрэсіі Расеі на Данбасе. Гэтую інфармацыю падхапілі расейскія СМІ - «Эхо Москвы», РБК, «Незалежная газета». Журналісты гэтых выданняў задалі пытанне прэс-сакратару Пуціна Дзмітрыю Пяскову, які вымушаны быў хлусіць і казаць, што нічога пра гэта не ведае і ўважае пастаноўку пытання пра ўзмацненне Расеяй баявых сіл на мяжы з Беларуссю за абсурдную.

- На што паказваюць гэтыя дзеянні Расеі?

- Зразумела, што ў Расеі, у кантэксце расейскай агрэсіі супраць Украіны, можа паўстаць і «пытанне Беларусі». Што прымушае так думаць? Перш за ўсё тое, што праз Клінцы праходзіць шаша Гомель-Бранск і чыгунка Гомель-Унеча. Некаторыя журналісты кажуць, што вайсковыя сілы размяшчаюцца ў Клінцах з разлікам на Украіну. Але я мяркую, што гэта не так - з Клінцоў да ўкраінскай мяжы няма ніякіх значных магістраляў. Таму казаць пра тое, што гэты кірунак абраны для Украіны, не даводзіцца. Тут менавіта беларускі кірунак.

- Вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін не бачыць для Беларусі пагрозы ў размяшчэнні танкаў у Клінцах. Маўляў, калі б гаворка ішла аб агрэсіўных намерах Расеі, то спатрэбіліся б значна большая колькасць вайскоўцаў - некалькі войскаў. Што вы можаце на гэта адказаць?

- Мне здаецца, што і Алесін, і іншыя экспэрты забылі пра гібрыдны характар расейскай агрэсіі, якая была развязаная ў дачыненні да Украіны. Справа ў тым, што для гібрыднай вайны не абавязкова мець некалькі войскаў - дастаткова дэстабілізаваць сітуацыю ў суседніх раёнах, запусціць туды пад выглядам самаабароны сваіх людзей, якія будуць блакаваць вайсковыя аб'екты і ставіць блокпосты. Для гэтага дастаткова некалькі падраздзяленняў ГРУ, якія могуць размяшчацца ў Клінцах. Мяжы паміж Расеяй і Беларуссю няма, таму гэтыя спецслужбісты могуць спакойна трапляць на тэрыторыю Беларусі і дэстабілізаваць тут абстаноўку. А з улікам сацыяльнай сітуацыі, якая склалася ў нас апошнім часам, шмат намаганняў для гэтага і не трэба.

- У Беларусь едзе Пуцін. Як мяркуеце, ці захоча ён абмеркаваць з Лукашэнкам размяшчэнне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі?

- Думаю, што Пуцін і Лукашэнка якраз і будуць размаўляць аб размяшчэнні вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Глядзіце, падчас апошняга візіту сюды Лаўрова ставілася пытанне аб стварэнні вайскова-авіяцыйнай базы ў Бабруйску. Таму відавочна, што Пуцін будзе ціснуць на Лукашэнку, каб стварэнне вайсковага плацдарма на тэрыторыі Беларусі выйшла на новы ўзровень.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках