ЗША ўвялі санкцыі супраць трох расейскіх кампаній
4- 1.07.2016, 19:17
- 6,858
Расейцаў падазраюць у распаўсюдзе тэхналогій для вытворчасці зброі масавай паразы.
Пад санкцыі трапілі маскоўскае КБ «Кунцава», КБ машынабудавання з Каломны і 150-ы авіярамонтны завод з Калінінграда. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента ЗША, якое будзе апублікаванае 5 ліпеня, паведамляе РБК.
Акрамя таго, падоўжаныя санкцыі ў дачыненні да КБ прыборабудавання з Тулы і НВА машынабудавання, якія былі ўведзеныя ў верасні 2015 года.
На думку амерыканскага ўраду, расейскія кампаніі падазраюцца ў пастаўках у Іран, Паўночную Карэю і Сірыю забароненых тэхналогій, якія могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці зброі масавай паразы і ракетнай тэхнікі. Канкрэтная нагода для ўвядзення санкцый у дакуменце не называецца.
У санкцыйным спісе дзярждэпартамента пералічаныя больш за 40 фізічных і юрыдычных асобаў з Кітая, Ірака, Ірана, Малайзіі, Паўночнай Карэі, Судана, Сірыі і Уганды. Акрамя расейскіх прадпрыемстваў абмежаванні ўведзеныя супраць беларускага «Белзнешпрамсэрвісу».
Санкцыі распаўсюджваюцца таксама на даччыныя і афеляваныя структуры названых арганізацый. Амерыканскім урадавым установам забараняецца ўступаць у кантрактныя адносіны з названымі структурамі, дапамагаць ім і пастаўляць тавары, паслугі або тэхналогіі, названыя ў адпаведных пераліках.
Дзеянне санкцый разлічанае на два гады.
У верасні 2015 года сярод падпалых пад санкцыі расейскіх кампаній былі таксама названыя «Росабаронэкспарт», карпарацыя МіГ, кампанія «Катод».
Расейскія кампаніі рэгулярна трапляюць у санкцыйныя спісы, якія ствараюцца на падставе закона пра нераспаўсюджванне, прынятага ў 2000 годзе. Так, санкцыі ў дачыненні «Росабаронэкспарту» ўводзіліся ў 2008 годзе. Сярод арганізацый, якія падпадалі пад абмежаванні ў 2000-х гадах, былі «Еўрапалас 2000», «НДІГрафіт», кампанія МОСО і інстытут «НИКИЕТ».