26 красавiка 2024, Пятніца, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міклаш Харашці застанецца спецдакладнікам у ААН аб Беларусі

2
Міклаш Харашці застанецца спецдакладнікам у ААН аб Беларусі
Міклаш Харашці

Рада ААН у правах чалавека ўхваліла падаўжэнне мандата спецдакладніка аб Беларусі.

Адпаведная пастанова была прынятая 1 ліпеня на сэсіі Рады ў правах чалавека ААН у Жэневе, інфармуе БелаПАН.

За рэзалюцыю наконт прадаўжэння мандата спецдакладніка прагаласавалі 15 краінаў – сяброў Рады ў правах чалавека, супраць – 9, устрымаліся – 23.

Выступаючы перад галасаваннем, прадстаўнік Нідэрландаў, якія ўнеслі рэзалюцыю на разгляд Рады ў правах чалавека ад імя Еўразвяза, адзначыў, што ў дакуменце адлюстраваныя як пазітыўныя крокі, зробленыя Беларуссю, так і праблемныя моманты. У рэзалюцыі, якая грунтуецца на інфармацыі з папярэдніх справаздачаў спецдакладніка аб Беларусі, падкрэсліваецца, што пасля вызвалення палітвязняў летась іншых станоўчых зменаў у сферы правоў чалавека больш не было.

Як прыклад існых праблемаў прадстаўнік Нідэрландаў назваў складанасці з рэгістрацыяй палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама захаванне смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя таго, ён заклікаў беларускія ўлады супрацоўнічаць са спецдакладнікам.

У сваю чаргу прадстаўнік Расейскай Федэрацыі заявіў, што Расея не прызнавала і не прызнае мандат спецыяльнага дакладніка аб Беларусі.

«Штучнае нагнятанне напружанасці вакол беларускага сюжэту як такога, які патрабуе спецыяльнай увагі ААН да Беларусі, носіць заказны і палітызаваны характар, – сказаў ён. – ЕЗ зноў яскрава праявіў падвойныя стандарты і нежаданне разглядаць праваабарончыя сюжэты на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове. З Беларуссю быў абраны цалкам іншы метад – бесперспектыўны метад абвінавачвання і ціску на суверэнную дзяржаву».

Прадстаўнік Расеі таксама заявіў, што прапанаваная рэзалюцыя з'яўляецца «абсалютна непрымальнай спробай умяшання аўтараў рэзалюцыі ў выбарчыя працэсы ў краіне». «Палітычна матываваныя рэзалюцыя і мандат спецдакладніка дыскрэдытуюць Раду ў правах чалавека. Гэта марнаванне рэсурсаў. Заклікаем усіх галасаваць супраць», – сказаў ён.

У сваю чаргу прадстаўніца Швэйцарыі ад імя сваёй краіны, а таксама Аўстраліі, Ісландыі, Нарвегіі, Ліхтэнштэйна, Новай Зеландыі заявіла пра поўную падтрымку падаўжэння мандата спецдакладніка аб Беларусі. Яна таксама падкрэсліла, што названыя краіны асуджаюць выкарыстанне смяротнага пакарання ў Беларусі. «Перакананыя, што няма месца смяротнаму пакаранню ў цывілізаванай краіне, і хацелі б, каб фармулёўкі ў рэзалюцыі былі б больш жорсткімі з нагоды недапушчальнасці гэтага віду пакарання», – сказала яна.

Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе Юры Амбразевіч адзначыў: «На фоне гуманітарных крызісаў, войнаў, тэрарызму і галечы, якія рэальна пагражаюць сучаснаму свету і забіраюць тысячы жыццяў, Беларусь не думае, што сітуацыя ў нашай краіне заслугоўвае асаблівай увагі Рады. Мы шкадуем, што ААН у чарговы раз становіцца прыхільнікам палітычных рознагалоссяў паміж суседзямі, адзіным развязаннем якіх з'яўляецца двухбаковы дыялог. Мы вядзем такія дыялогі з аўтарамі рэзалюцыі. І зноў выказваем неразуменне іх пазіцыі ў вынясенні ў рэзалюцыю пытанняў, якія разглядаюцца ў двухбаковым парадку».

Паводле ягоных словаў, беларуская дзяржава і грамадства не маюць патрэбы ў парадах спецдакладніка. «Мы з самага пачатку адкрыта заяўлялі пра гэта. Мы не прымаем аргументы суаўтараў рэзалюцыі і заклікаем сяброў рады галасаваць супраць», – сказаў Амбразевіч.

Прадстаўнік Кубы, які ўзяў слова потым, заявіў, што ягоная краіна выступае супраць прыняцця рэзалюцый праз палітычныя матывы. «Мы заклікаем Беларусь па-ранейшаму абараняць незалежнасць сваёй краіны і адстойваць права на самавызначэнне. Гэтая рэзалюцыя – прыклад падвойных стандартаў. Не падтрымліваем мандат. Будзем галасаваць супраць», – адзначыў ён.

Прадстаўнік Кітая заявіў, што ягоная краіна выступае супраць выкарыстання Рады ў правах чалавека як інструменту маніпулявання. «Гэта не вядзе да ўрэгулявання праблемаў, – адзначыў ён. – Праект гэтай рэзалюцыі ніяк не асвятляе пазітыўныя крокі і прагрэс Беларусі ў галіне правоў чалавека і ўяўляе сабой спробу палітызацыі, падвойных стандартаў і выбіральнасці. Мы будзем галасаваць супраць».

Прадстаўнік Венесуэлы падкрэсліў, што рэзалюцыя парушае «прынцыпы захавання суверэнітэту і неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы». «Не прызнаем падобныя мандаты, якія закліканыя задаволіць карыслівыя інтарэсы толькі некаторых бакоў. Беларусь цалкам супрацоўнічае з Радай у правах чалавека і дзеліцца сваімі поспехамі», – сказаў ён.

Прадстаўніца Батсваны сказала, што яе краіна цалкам падтрымлівае дзейнасць спецдакладніка і рэзалюцыю, грунтуючыся на тым, што «ёсць патрэба ў развязанні праблемаў з правамі чалавека» і спыненні «пакут беларускага народа». У папярэднія гады Батсвана галасавала за рэзалюцыі наконт прадаўжэння мандата спецдакладніка, але сёлета ўстрымаецца праз наяўнасць у рэзалюцыі пункта пра асуджэнне смяротнага пакарання ў Беларусі і закліку да яго скасавання. Як патлумачыла прадстаўніца Батсваны, у яе краіне таксама ўжываецца смяротнае пакаранне і, у выпадку падтрымкі рэзалюцыі з асуджэннем гэтай меры пакарання, у батсванскага боку ёсць асцярогі, што да іх таксама прад'явяць прэтэнзіі з гэтай нагоды.

Прадстаўнік Мексікі адзначыў, што цяперашняя рэзалюцыя з'яўляецца больш збалансаванай, чым у папярэднія гады, бо ў ёй адзначаецца супрацоўніцтва Беларусі з АБСЕ і ўдзел краіны ў механізмах праваабарончага характару ААН, у тым ліку Універсальнага перыядычнага агляду. «Заклікаем Беларусь прадоўжыць гэтае супрацоўніцтва, – сказаў ён. – Выказваем сваю заклапочанасць у сувязі з праблемамі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку абмежаваннем свабоды слова, дзейнасці праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый, прымяненнем смяротнай кары. Будзем галасаваць за прыняцце рэзалюцыі».

У рэзалюцыі выказаная занепакоенасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выкарыстання катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі, адсутнасці адказу ўраду наконт фактаў гвалтоўнага знікнення апазіцыйных палітыкаў, беспакаранасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. Таксама выказваецца занепакоенасць у сувязі з парушэннямі правоў працоўных, ціскам на праваабаронцаў і адсутнасцю апазіцыі ў парламенце. Акрамя таго, у дакуменце паказана на факты выкарыстання смяротнага пакарання ў Беларусі і недахоп інфармацыі пра колькасць пакараных людзей.

Мандат спецыяльнага дакладніка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны Радай у правах чалавека ААН у ліпені 2012 года, а потым штогод прадаўжаўся, нягледзячы на негатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Увесь гэты час афіцыйны Менск адмаўляецца ад супрацоўніцтва са спецдакладнікам Міклашам Харашці, бо мяркуе праблему з правамі чалавека ў Беларусі надуманай.

Напярэдадні адкрыцця цяперашняй сэсіі Рады ў правах чалавека беларускія і міжнародныя праваабаронцы заклікалі ААН падоўжыць мандат спецдакладніка аб Беларусі. Паводле іхняй ацэнкі, «характар беларускага рэжыму, што знаходзіцца ва ўладзе амаль 22 гады, не змяніўся».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках