26 красавiка 2024, Пятніца, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары знішчанай ураганам вёскі: Не ведаем, як далей тут жыць

22

У некаторых дамах жыць цяпер нельга: дахаў няма, сцены ў расколінах, вокны выбітыя.

Стабільнае беларускае надвор'е гэтым летам дала збой. Учора пасля абеду людзі зноў засталіся без дахаў над галавой. Па дарозе ў Куляшоўку сотні метраў лесу прынялі гарызантальнае становішча. Ніжэйшымі сталі і некаторыя дамы. Бабулі сёння плачуць, кажуць, што не заслужылі такога пакарання. Мужчыны шкадуюць, што не застрахавалі лецішчы, і ламаюць галаву над тым, дзе ўзяць фінансы. Камунальнікі таксама не рады нечаканай працы. Onliner.by наведаўся ў разбураную вёску.

Так Куляшоўка яшчэ ніколі не пакутавала. Бывала, што камусьці ветрам сарве пару шыферын або садзьме забыты дыван, але такое - упершыню. Учора пасля абеду непагадзь дабралася і сюды.

Галіна Тарасаўна збірае абломкі шыферу з пяці гадзін ранку. Да абеду бабулька паспела прывезці толькі невялікую купку: жанчыне 83-ці год. Ураган яна перажыла дома. Спачатку ў адным пакоі, потым, калі яе заваліла, у другім. У маленькім пакойчыку з характэрным пахам ляжыць гара пілавіння, мяшкоў дзесяць. У час жа буры яны ўпалі разам са столлю.

- Я не ведала, у які кут дзецца. Куды не кінуся - усюды трашчыць, свішча. Я спачатку сядзела каля печы, але яе потым раскідала. Я пайшла ў пакой і сядзела на ложку. Потым чую - як бухне штосьці! Гэта столь упала ў тым пакоі. Адным махам усё ўпала. Калі дах знесла, увесь дом заліваць пачало. Я сяджу ўся мокрая, плачу, вада са столі льецца... Паспрабавала дзверы адчыніць - а яны не адчыняюцца. Ветрам так прыціснула, ці што. Я тады ўжо не ведала, што і рабіць. Залезла ў шафу і чакала, пакуль усё скончыцца. Потым вада хлынула ў дом, па калена нацякло. Тут так гуло, я думала, зноў вайна пачалася. Я яе памятаю яшчэ.

Вось за што ўсё гэта? Я тут адна жыву, праўда, дзеці раніцай прыехалі, столь паправілі. А то кажуць, патонеш тут. Я ўсё жыццё працавала, пяцёра дзяцей выгадавала. Бегала то на працу, то да дзяцей. Сяк-так пракарміць спрабавала, а тут такое... Не ведаю, як далей жыць.

У некаторых дамах жыць цяпер нельга: дахаў няма, сцены ў расколінах, вокны выбітыя. Так пацярпеў і дом Жанны Рыгораўны:

- Старшыня прыязджаў, прапаноўваў у школе ноч прабавіць. Там і ложкі паставілі, і сталовую. Але хто туды пойдзе? У мяне ж і парасё, і куры з куранятамі... Але і тут жыць нельга. У мяне ўсе сцены патрэскаліся, ... апорныя усё пабіта, раскідана. Ой, божачкі!

Тут учора так страшна было. Цэлую гадзіну ўсё круцілася, круцілася, гудзела. Франтон пасыпаўся, дах знесла. Цяпер будаўнікі, якіх раён выдаў, дах часова падправяць, а потым што? Як жыць тут далей? У мяне дзеці ёсць, я да іх магу на нейкі час з’ехаць, але як жа я ўсё кіну? Я ў гэтым доме памерці хачу. Канешне, я думала, што ўжо ўчора памру. Хуткую выклікала, ціск у мяне, сэрца. Ну хоць жывая засталася. Хоць бы ўзяў мяне хто на кантроль, дапамог чым.

Некаторым пашанцавала больш: смерч прайшоў міма іх дамоў. Бабуля каля старэнькага дома адкараскалася лёгкім спалохам, і сёння ёй толькі трэба знайсці свой плот.

- Толькі нядаўна паставіла. Дзесяць мільёнаў за яго аддала! Лепш бы не кранала. Затое я вось хлеў хацела разбіраць. Але цяпер жа не трэба, - усміхаецца пенсіянерка.

Каля самага дыхтоўнага дома ў паселішчы таксама плача жанчына. Зусім новы дом нават не паспелі застрахаваць. На старасці гадоў Зінаіда надумала пажыць у сваё задавальненне і пабудавала на ўсе ашчаджэнні камяніцу пад Менскам. Там яна жыве з сынам-студэнтам і школьніцай-дачкой. Калі ўсё адбылося і колькі доўжылася, жанчына ўспомніць не можа: перанервавалася.

- Хоць бы вады хто прынёс. Але ніхто ж не пытаецца, ці патрэбная нам дапамога ці не. Толькі пабудаваліся ж. Яшчэ нават рамонт не скончылі. Думалі, што пераедзем і будзем дабудоўваць, - заходзіцца ў слязах жанчына.

Поле побач з домам абсыпана кавалкамі чарапіцы: чырвонай і зялёнай. Чырвоная прыляцела ад аднаго суседа Зінаіды, зялёная - ад іншага. Свой дах уласніца так і не знайшла, хоць дзеці ўсю раніцу бегалі па раёне.

- Куды я цяпер пайду! Брат мой побач жыве, але ў яго таксама даху цяпер няма. Другі ў Менску, але ў таго кватэра аднапакаёвая. Дзе ж цяпер грошы браць? Думала, пажыву на старасці ў нармальным доме, як людзі. А цяпер што? - прадаўжае пацярпелая.

Ліквідаваць наступствы непагадзі сюды таксама склікалі натоўп камунальнікаў. Жанчына з ЖЭСу ходзіць міма дамоў і фіксуе пашкоджанні. Каля дарогі ляжаць два перавернутыя планёры, над рэшткамі дахаў кружыць гелікаптэр МНС. Столькі ўвагі вёсцы не надавалі яшчэ ніколі.

Учора ўвечары ў паселішчы былі далёка не ўсе. Многія менчукі маюць тут лецішчы. Тамара даведалася пра тое, што здарылася толькі сёння.

- Я была ў Серабранцы ў той момант. Там таксама лівень быў, усё счарнела, ваду адключылі. Але я нават не падумала, што з лецішчам нешта здарылася. А потым сусед патэлефанаваў і сказаў, што тут разруха. У доме цяпер усё затоплена, даху няма, цагляная сцяна пасыпалася...

У Тамарынага суседа, Уладзіміра Леанідавіча, таксама вельмі шмат спраў. Пад плотам ляжаць велізарныя выкарчаваныя дубы, праз разбітае акно ў дом нанесла процьму смецця, перакуліла шафу, разбіла шкло ў аўтамабілі. Жыць там цяпер таксама нельга. Сёння суседзі разам з рабочымі брыгадамі з усёй акругі аператыўна імкнуцца хоць бы з большага прывесці дамы ў парадак - зноў чакаецца вецер і дождж.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках