19 траўня 2024, Нядзеля, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

WADA: Мінспорту Расеі кіравала маніпуляцыямі з допінг-пробамі

13
WADA: Мінспорту Расеі кіравала маніпуляцыямі з допінг-пробамі
ФОТА З САЙТУ THISDAYLIVE.COM

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва прызнала дакладнай інфармацыю пра падмену проб расейскіх спартоўцаў у Сочы.

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) знайшло пацвярджэнне фактам ужывання допінгу расейскімі спартоўцамі на Алімпіядзе ў Сочы 2014 года. Пра гэта заявіў кіраўнік камісіі WADA ў расследаванні магчымых махінацый з допінг-пробамі Рычард Макларэн на прэс-канферэнцыі ў Таронта, перадае slon.ru.

Як вынікае з апублікаванай на сайце WADA справаздачы аб расследаванні, камісія знайшла пацверджанне слоў былога кіраўніка Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Грыгорыя Родчанкава, які распавёў выданню The New York Times (NYT), што не менш за 15 расейскіх спартоўцаў, што здабылі медалі ў Сочы, ужывалі допінг. Як гаворыцца ў дакуменце, у гэтым удзельнічалі супрацоўнікі ФСБ.

Са слоў Родчанкава, ён асабіста рыхтаваў «допінг-кактэйль» для спартоўцаў, спіс якіх яму даслалі з Міністэрства спорту РФ. Увесь працэс, сцвярджаў Родчанкаў, кантралявалі расейскія спецслужбы. Пасля інтэрв'ю Родчанкава расейскіх алімпійцаў папярэдне адхілілі ад удзелу ў Гульнях 2016 года.

Да гутаркі Родчанкава з NYT фільм пра махінацыях з допінг-пробамі расейскіх спартоўцаў у Сочы паказаў амэрыканскі канал CBS.

У сярэдзіне чэрвеня WADA апублікавала справаздачу, дзе паведаміла пра масавае ўхіленне спартоўцаў з Расеі ад допінг-пробаў. Рада Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) 17 чэрвеня пастанавіла працягнуць дыскваліфікацыю Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ВФЛА), што азначае нядопуск расейскіх лёгкаатлетаў да Алімпіяды ў Рыа.

Рада IAAF дазволіла ўдзел у Алімпіядзе-2016 тых расейскіх лёгкаатлетаў, якія давядуць сваю недатычнасць да допінгавых скандалаў. Права выступіць у Рыа атрымалі лёгкаатлеткі Юлія Сцяпанава, Дар'я Клішына і Юлія Яфімава.

Алімпійскі камітэт Расеі і 68 расейскіх лёгкаатлетаў у сувязі з пастановай IAAF у ліпені звярнуліся ў Спартовы арбітражны суд у Лазане, які мае абвесціць свой вырак не пазней за 21 ліпеня. Заяўка расейскай каманды на ўдзел у Алімпіядзе мае быць укладзеная не пазней як 22 ліпеня. Канчатковую пастанову аб допуску РФ да Гульняў будзе прымаць МАК.

Аб магчымым адхіленні расейцаў ад Алімпіяды ў Рыа стала вядома ўвосень 2015 года. У лістападзе WADA выкрыла РУСАДА ў знішчэнні вынікаў тэстаў на допінг, да чаго прычыніўся Родчанкаў. Маскоўская антыдопінгавая лабараторыя была зліквідаваная, кіраўнік РУСАДА сышоў у адстаўку.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках