28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я нічога не разумею ў гэтых новых грошах»: як беларусы перажылі дэнамінацыю

47

Мяркуючы з першага дня пасля дэнамінацыі, улады не так ужо і добра падрыхтаваліся да абароту новых грошай.

«Мяккая дэнамінацыя» – тэрмін, які з 1 ліпеня можа запатэнтаваць беларускі ўрад. Гэта калі ўсе ведаюць, што нулі на грошах прыбралі, але новых грошай амаль ніхто не бачыў.

Напярэдадні катастрофы

Тэхнічныя збоі, адсутнасць наяўных грошай і складанасці з разлікамі – няпоўны спіс таго, што можа чакаць беларусаў 1 ліпеня пасля правядзення дэнамінацыі, прадракалі экспэрты. Частка з іх рэкамендавала перастрахавацца і назапасіцца наяўнымі грашыма, а лепш нават і ў краму дні тры не хадзіць. А некаторыя меркавалі, што беларусы дэнамінацыю нават не заўважаць, піша bdg.by.

Пачулі гэтыя рэкамендацыі не ўсе. Гэта самыя адказныя стаялі ў чэргах каля абменнікаў і банкаматаў 29 і 30 чэрвеня. Пайшлі нават дзіўныя размовы, што карткі варта спустошыць цалкам, тэма сур'ёзна абмяркоўвалася ў ранішнім шоу 30 чэрвеня на радыёстанцыі «Юністар». Дабралася гэтая тэндэнцыя і да тэлебачання: пасля сюжэту пра рэкамендацыі Нацбанка вядоўцы шоу на тэлеканале давалі «народныя» парады, якія супярэчаць гэтым рэкамендацыям. Была лёгкая паніка.

Большасць у асабістых гутарках прызнавалася, што здымалі наяўныя (з гэтым былі праблемы праз пустыя аўтаматы). Нехта яшчэ запраўляў машыну. Хтосьці не рабіў зусім нічога (такіх таксама было нямала).

«Рыхтавацца трэба, несумненна. На выходныя варта было б зняць патрэбную суму для падстрахоўкі (не ўсе, а патрэбную суму). Або набыць патрэбнае на выходныя загадзя, – сказала супрацоўніца аднаго з банкаў. – Прычым не толькі праз дэнамінацыю, але і праз танкі ў горадзе».

Яна таксама параіла дзесьці да аўторка ўважліва кантраляваць выпіскі безнаяўных плацяжоў, каб усё супадала. «Калі нейкі сумнеў – адразу звязвацца з банкам. Гэта варта рабіць заўсёды, а на пераходным этапе тым больш», – дадала яна.

Акрамя таго, дадала супрацоўніца банка, трэба ўважліва вывучаць цэтлікі ў крамах: «дзяліць на 10 тысячаў многія не ўмеюць і дзеляць на што заўгодна».

«Я нічога не разумею ў гэтых новых грошах»

1 ліпеня на першы погляд нічога не змянілася. Хоць варта было выйсці на вуліцу і прыслухацца, як даляталі размовы пра дэнамінацыю.

– Ім сказалі разлічвацца з намі толькі новымі грашыма.

– Куды? У нас жа мільёны, – гэта казалі дзве жанчыны.

У крамах было ўсё як звычайна. Хоць...

– А новыя грошы ёсць? – пытаецца пакупнік.

– Новых няма. Нам жа яшчэ цяжка па-новаму, – адказвае касір.

– 7 рублёў 48 капеек, – урачыста сказала маладая касірка і паўтарыла па-старому. – 74 тысячы 800 рублёў.

А бабуля, якой сказалі, што яе набытак будзе каштаваць 78 капеек, нават заўсміхалася.

У касах не было ні адной новай купюры. Прадаўцы тлумачылі гэта пакупнікам тым, што... людзі яшчэ не знялі з банкаматаў і не прынеслі ім, і чакалі наплыў бліжэй да вечару.

На выхадзе спыніліся крыху разгубленыя маці і дачка. «Я і сама не разумею ў гэтых новых грошах. А ты разумееш?» – спытала жанчына.

У іншых крамах дэнамінацыя была прыкметная яшчэ менш: прадаўцы не называлі новыя цэны, купюраў заўважна таксама не было.

«Падобныя да еўраў»

Паштовыя аддзяленні працавалі, але не зусім. Дакладней, афіцыйна яны не працавалі, хоць і былі адчыненыя. Новых грошай супрацоўнікі яшчэ не бачылі, касавыя апараты былі знятыя, таму, верагодна, адзіная даступная ім аперацыя – гэта выдача пасылак.

Супрацоўніцы пошты з цікавасцю вывучылі здабытую карэспандэнтам з банкамата пяцірублёвую купюру.

«На еўра падобная, – з павагай сказала жанчына. – Гэта ж нашыя пяць... пяцьдзясят тысячаў?»

«Кажуць, новыя грошы ёсць у суседняй краме», – сказала другая.

У пошуках новых грошай

Пра новыя грошы пыталіся многія, магчыма, некаторыя менавіта па іх выбраліся з хаты ў спякотны дзень.

«А ў краме рэшту новымі грашыма даюць?» – спытала пажылая жанчына. Давялося яе расчараваць.

Расчараванне чакала і тых, хто спадзяваўся абмяняць грошы ці зайсці ў банк дзеля іншых справаў: большая частка аддзяленняў не будзе працаваць да 4 ліпеня. Каб не прамахнуцца, трэба спраўджвацца з сайтамі банкаў, дзе размешчаныя адрасы працоўных аддзяленняў.

Затое з банкаматамі ў Менску ўсё было добра (трэба таксама спраўджвацца, ці ёсць у канкрэтным новыя грошы). Яны працавалі і выдавалі рублёвыя купюры (а не тысячныя).

«Зараз яшчэ ў “інстаграмчык” скіну»,– сказала дзяўчына, хаваючы наяўнасць.

Жыхары рэгіёнаў паведамляюць, што і банкаматы, нават уключаныя ў спісы, выдавалі старыя грошы.

Менчукі апавядаюць, што манеты можна ўбачыць у ЦУМе і ГУМе, дзе іх выдаюць на рэшту. Некаторыя ўжо паскардзіліся, што двухрублёўкі ржавыя. А Нацбанк абяцаў растлумачыць, чаму так адбылося, пазней.

НОВЫЯ ЦЭТЛІКІ
УСЕ ЗНОЙДЗЕНЫЯ БАНКІ БЫЛІ ЗАЧЫНЕНЫЯ. ШТО СТАЛА СЮРПРЫЗАМ ДЛЯ ГАРАДЖАНАЎ
ДЛЯ СУПРАЦОЎНІКАЎ БАНКАЎ ВЫХОДНАГА НЕ БЫЛО
БАНКАМАТЫ ДЭКЛАРАВАЛІ МАГЧЫМАСЦЬ АТРЫМАННЯ НОВЫХ ГРОШАЙ. ЯК ПІШУЦЬ, У РЭГІЁНАХ ГЭТА МАГЛО БЫЦЬ ПАДМАНАМ
АЛЕ Ў МЕНСКУ ЎСЁ БЫЛО ДОБРА. 5 РУБЛЁЎ, ЗДАБЫТЫЯ Ў БАНКАМАЦЕ
АДДЗЯЛЕННІ БЕЛПОШТЫ АФІЦЫЙНА НЕ ПРАЦУЮЦЬ. АЛЕ БЫЛІ АДЧЫНЕНЫЯ
ПАМЯТКА Ў АПТЭЦЫ
Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках