3 траўня 2024, Пятніца, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліцыя Украіны назвала асноўную версію забойства Шарамета

7
Паліцыя Украіны назвала асноўную версію забойства Шарамета

У якасці асноўнай версіі забойства журналіста Паўла Шарамета праваахоўныя органы разглядаюць ягоную прафесійную дзейнасць.

Такія вынікі працы аперацыйнай групы на вечар пятніцы, 22 ліпеня. Разглядаюцца і іншыя версіі, паведамілі УНІАН у дэпартаменце камунікацыі Нацыянальнай паліцыі Украіны.

У паліцыі паведамілі, што агулам над расследаваннем забойства Шарамета 24 гадзіны працуе група ў складзе 50 спецыялістаў.

Падчас следства праваахоўнікі ўжо вынялі і вымаюць відэа з камер назірання і рэгістратараў аўтамабіляў каля дома загінулага. Таксама вымаецца відэа паблізу месца выбуху.

Відэа з невядомымі жанчынай і мужчынам, якія, як меркавалася, заклалі выбухоўку ў самаход Шарамета, разглядаецца як рэчыўны довад. Аперацыйная група высвятляе асобы людзей з гэтага відэа, а таксама мяркуе, што яны могуць быць датычныя да выбуху. Каментуючы гэтае відэа, генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка 22 ліпеня ва Ужгарадзе сказаў: «Мы займаемся аналізам усіх відэаматэрыялаў і не толькі тых, якія вы ведаеце з сеціва».

«Адзінае, пра што магу паведаміць, што забойца быў не адзін. Гэта была група. І частку гэтай групы мы ўжо бачым на відэа. Цяпер робіцца ўсё, каб атрымаць экспэртныя высновы пра тып выбухоўкі», - сказаў ён.

Луцэнка таксама сказаў, што «журналісты сумна вядомага «17 канала», якія выпадкова паспяваюць першымі на гучныя забойствы, таксама знаходзяцца ў полі зроку праваахоўнікаў і будуць дапытаныя».

Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку выбуху легкавіка. Выбух адбыўся а 7.45 на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, насупраць рэстарацыі McDonalds. Шарамет паспеў праехаць некалькі дзясяткаў мэтраў. Аўтамабіль належаў сузаснавальніцы выдання «Украінская праўда» Алёне Прытуле, але яе ў аўтамабілі не было. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400-600 г у тратылавым эквіваленце.

22 ліпеня труна з целам Паўла Шарамета быў дастаўленая ў Менск. Сёння загінулы журналіст будзе пахаваны на Паўночных могілках.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках